epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Нёманскі

Партызан

І
ІІ
ІІІ
* * *


 

 

І

 

Канец жніўня. На вёсцы ў гэтую пару звычайна павялічваецца рух і ажыўленне. Крыху спазніўшыся, нейкі селянін яшчэ звозіць з поля авёс, другі падбірае разам з бабамі лён.

Там ужо сеюць альбо і адсеялі зімовае жыта. Але наогул у полі народу мала; праца пераходзіць бліжэй к дому: на гарод, пуню, азярод, гумно. Раніцаю дзе-нідзе ўжо бухае цэп, днём раздаецца стукат пранікаў, якімі абіваюць галоўкі льну. Усюды па гародах убачыш кабет, якія зразаюць шапкі маку, кучаравыя кусты насенных буракоў, капусты. Дзеці ўжо вольна лазяць па градах гуркоў — маці на іх не крычаць. У азяродах сушацца снапы, і дзед, з такім выразам на твары, быццам ён важны начальнік, некалькі разоў у дзень прабуе зерне сваім траха не скрышыўшымся зубам. Такі звычайна малюнак вёскі ў пачатку восені.

Але ў гэтым годзе вёска выглядала інакш. На вуліцы нельга было ўбачыць днём ніводнага чалавека. Кожны туляўся дзе-небудзь у сваім кутку, нават жыта сеяць ніхто не выязджаў. Толькі ўвечары, і то паўз аколіцы, сустракаліся людзі і шэптам дзяліліся аб сваіх думках, навінах, патрэбах. Над вёскаю навісла жуць чакання.

Вось ужо некалькі дзён, як у канцы вёскі, у бок ад царквы, за шпалерамі ліпаў і ялін жыццё забіла поўным ходам. Перш у панскі дом, які стаяў пустым ужо зіму, вясну і лета, прыехалі польскія коннікі, а праз кароткі час звярнуўся і сам пан з сям’ёю і чэляддзю. З таго часу штодня цягалі па ліпавай дарозе аднаго за другім сялян. Увечары ж панскі палац асвятляўся так, што заціхала навокал; прыязджалі туды афіцэры, нейкія паны.

Цёмная, заціхшая вёска прытаілася, з боязню паглядаючы ў бок ліпавае сцяны. Палац, ззяючы сваімі вокнамі, здаецца, мацаў кожнага, прагучыся залезці ў самае нутро. Напружана чакалі, разглядалі, хаваліся адны; гатаваліся, выведвалі тыя, не паказваючыся людзям і абкружаючы сябе патаемнасцю, якая рабіла яшчэ большы ўплыў на настрой сялян.

Вось у адзін дзень зранку па вёсцы праехаў польскі вайсковы коннік, загадваючы ўсім, каб мужчыны абавязкова прыйшлі зараз жа да гміны. Таго, хто не прыйдзе самахоць, прывядуць потым сілком: так прыбаўляў ён пад акном кожнае хаты. Вёска заварушылася, і праз нейкі час сяляне па аднаму, па двух пацягнуліся ў канец, дзе відаць была царква.

У адным з куткоў царкоўнае плошчы стаяў даволі доўгі драўляны дом з косым ганкам, над якім яшчэ захаваўся надпіс: «...ое Волостное Правление» на блясе, ржавай, з дзюркамі. Сяляне збіраліся ў натоўп перад гэтым домам, але блізка ніхто не падыходзіў. У грамадзе толькі дзе-нідзе чуцен быў шэпт, які хутка прыпыняўся. Кожны з сялян стаяў, апусціўшы вочы, нібы яму сорамна было пазіраць на суседа. Але вось уся грамада калыхнулася, вочы на момант падняліся і зноў апусціліся долу. Нават і шэптаў не чутно.

На ганку паказаўся польскі афіцэр, валочачы за сабою доўгую шаблю. Ён абвёў усю грамаду сваім позіркам і скамандаваў:

— Падыходзьце бліжэй!

Сяляне пераступілі з нагі на нагу, але засталіся на месцы. Афіцэр пачырванеў, але ўстрымаўся. На ганку з’явіліся новыя асобы, перш з усіх мясцовы пан Езерскі з паняю Езерскай; за імі выпаўз тоўсты кіраўнік маёнтка, потым хутаранін Гарошка з другой воласці і яшчэ нейкія незнаёмыя ў капялюшах і з гальштукамі на шыі. Уся гэтая ватага расселася на лаўках ганка, толькі пан Езерскі застаўся стаяць. Ён азірнуў сваіх суседзяў, потым сялянскую грамаду. Афіцэр зазвінеў шпорамі і праскочыў у дзверы. З-за дома выйшлі польскія коннікі і вянком абнялі ўвесь ганак.

— Ці ўсе сабраліся? — запытаўся пан Езерскі.

— Бадай што ўсе! — адказаў адзін з коннікаў.

— Дык давайце адчынім сход.

Пан Езерскі кінуў вокам у бок аднаго капялюша на ганку. Наперад высунуўся, відаць, не тутэйшы чалавек, які назваў сябе ўпаўнаважаным на выбарах мясцовых кіруючых устаноў. Ён сказаў два-тры словы аб тым, што беларусы цяпер сталі вольнымі і могуць выбіраць самі сваю ўладу, і скончыў тым, што прапанаваў выбраць пана Езерскага, хутараніна Гарошку і нейкага незнаёмага ў капялюшы, як прадстаўнікоў народа, у мясцовую раду. Ніводнага гуку, ні шолаху — сяляне так і не паднімалі галоў.

«Абраныя» селі за стол, які раптам з’явіўся на ганку. Пан Езерскі прапанаваў абвесціць маніфесты пана начальніка дзяржавы польскай. Незнаёмы ў капялюшы ўстаў, трымаючы вялікі ліст паперы перад сабою. Ён паправіў акуляры і пачаў чытаць па-беларуску адозву пана Пілсудскага, у якой казалася, што начальнік дзяржавы польскай «хацеў бы бачыць Беларусь вольнай паміж вольнымі народамі», што «Польшча і Беларусь будуць, як роўны з роўным і вольны з вольным».

— Усё гэта хлусня! — раздаўся з боку сялян моцны, рэзкі голас.

Грамада ўздрыгнула і замерла. Пан Езерскі ўскочыў і кінуў гнеўна-палахлівы погляд на натоўп сялян. Коннікі абеглі вакол грамады і сталі сачыць, ці не будзе хто ўцякаць. Пан у капялюшы, што чытаў «маніфест», апусціў руку і не ведаў, што рабіць. Афіцэр выскачыў наперад і закрычаў :

— Хто гэта крыкнуў? Хто з вас бальшавік?

Ні шолаху ў адказ. Сяляне, як і раней, стаялі, апусціўшы вочы ўніз.

— Ну пачакайце, скажаце! — прамовіў пан Езерскі.— Чытайце, калі ласка, другі загад пана начальніка дзяржавы польскай.

Пан у капялюшы ўзяў другі ліст, зноў паправіў акуляры і пачаў чытаць загад, кідаючы раз-поразу погляды на сялян.

— «Усякая прыватная ўласнасць, ці будзе яна гвалтоўна захопленая, ці мо, выпадкова папаўшая, павінна быць безадкладна звернута ўласнікам,— чытаў ён.— Уласнікі зямельнай маёмасці альбо іх правамоцныя намеснікі змушаюцца прыняць у сваё ўладанне зямельную маёмасць».

— Вось як! — не ўстрымаўся пан Езерскі.

— Гэта роўны з роўнымі і вольны з вольнымі! Вось так маніфесты! — вылецела зноў з сялянскае грамады.

Уся пачэсная суполка на ганку ўсхвалявалася. Пані Езерская кінулася да афіцэра, пазбіваўшы зэдлікі, на якіх толькі што сядзелі асобы з «прэзідыума».

— Пан харунжы! Пан харунжы! Ці ж вы не зловіце бальшавіка? — працягваючы абедзве рукі да афіцэра, прасіла яна.

Харунжы зышоў з ганка, паклікаў за сабою некалькі коннікаў, з якімі пайшоў проста на грамаду. Сяляне моўчкі расступіліся перад вайскоўцамі. Праз некалькі хвілін уся грамада была падзелена быццам вуліцамі, па якіх насіліся, бразгаючы шаблямі, коннікі.

— Хто крычаў? — дапытваўся харунжы, праходзячы ўжо дваццаты раз праз натоўп.

Але адказу не было. Харунжы бялеў, чырванеў, зубы яго былі сцяты. Напаследак ён не вытрымаў, загадаў схапіць некалькі сялян. Іх вывелі на прастору перад ганкам і пачалі лупцаваць тыллём шабляў, вымагаючы, каб яны сказалі, хто крыкнуў «здрадныя» словы.

Раптам з гушчы сялян рашучымі крокамі выйшаў хлопец гадоў дваццаці і стаў перад ганкам.

— Пакіньце іх! — сказаў ён, паказваючы на сялян, якіх няшчадна білі жаўнеры.— Гэта я крыкнуў абодва разы.

— Хто ты такі ёсць? — ускінуўся на яго пан Езерскі.

— Пятрусь Глушанок.

— К д’яблу!.. Ты бальшавік?

Не паспеў Пятрусь адказаць пану Езерскаму, як да яго падскочыў тоўсты маянтковы кіраўнік.

— Ах, ты Глушанок? Пся крэў твая, ці не сын ты дваровага парабка Хведара Глушанка?

— Так, мой бацька быў у вас парабкам,— адказаў спакойна Пятрусь.

— Ну дык бачыце, паночку, што ён — бальшавік,— парашыў кіраўнік, звяртаючыся да пана Езерскага.

— Так, так! Табе не падабаецца аддаць зямлю мне назад. Ты думаў, зямліца вам застанецца? Вон, псота!

— Не, пане Езерскі, не так! Ану, жаўнеры,— звярнуўся харунжы да сваіх коннікаў, двадзесьце пеньць!

Петруся схапілі трое рослых жаўнераў, адвалаклі ад ганка і распранулі на вачах паноў і сялян. Праз хвіліну разам са свістам шомпалаў раздаўся звярыны крык Петруся.

Сяляне стаялі маўкліваю сцяною; здаецца, ніхто з іх не бачыў, што рабілася тут, побач. Енк Петруся ўсё слабеў, кроў цёмнаю плямаю афарбавала зямлю. Пані Езерская паднясла к вачам свой ларнет і пільна сачыла за катаваннем. Пад канец, калі жаўнеры ўжо не так моцна білі Петруся, яна зышла з ганка, падышла к самаму месцу, дзе рабілася экзекуцыя, і з усмешкаю разглядала пакалечанае цела.

— Нябось, вы змарыліся, небаракі? — запыталася яна ў жаўнераў.— Ну нічога, вы зайдзіце да мяне, я вас пачастую.

Петруся паднялі і павалаклі ў халодную, якая была ў памяшканні валасное ўправы. Паны адзін за другім пакінулі ганак. Сяляне пачалі разыходзіцца, кідаючы косыя позіркі ў бок маёнтка, па дарозе к якому, нібы спацыруючы, ішлі паны і «абраная» ўлада. З таго боку чуцён быў смех, жывая гутарка, з боку ж вёскі было ціха, як у магіле. Хутка плошча зусім апусцела, толькі пачарнеўшая пляма ад крыві сведчыла аб той трагедыі, якая нядаўна тут адбылася.

Пятрусь быў увапхнуты ў маленькую каморку, што была ў канцы калідора. Вонкавая сцяна яе з маленькім ваконцам, забітым драцяною сеткаю, выходзіла на гарод і сад, заросшыя рап’ём, крапівою і ўсякаю іншаю дзікаю травою.

Змучаны да паўсмерці катаваннем, Пятрусь пластом ляжаў на голай зямлі. Кроў стала засыхаць, прыліпаючы да адзежы. Кожны паварот, разам з якім аддзіралася рана, рабіў нязмерную боль. Як толькі раздаваўся ў каморцы енк, за дзвярмі чуўся бразгат шпораў і жаўнер адвальваў засоў і праз шчыліну сачыў за палонным. Гэтае назіранне надта непакоіла Петруся, і ён, сцяўшы зубы, прогся стрымліваць крык. Ад пары да пары ён упадаў у забыццё, але як толькі прыходзіў у сябе, то чуў толькі мерныя крокі і звяканне шпораў, якія затрымліваліся крыху каля самых дзвярэй.

Расплюшчыўшы вочы пасля аднае з непрытомнасцей, Пятрусь не мог успомніць, дзе ён. Было зусім цёмна, як у магіле. Толькі чуць прыкметны шэры чатырохкутнік аконца даў яму магчымасць аднавіць у памяці ўсё, што адбылося з ім у гэты дзень. Думкі Петруся панесліся ў будучыню. Перад ім яскрава паўстаў малюнак далейшай з ім расправы. Вядома, што яго кінулі ў гэтую каморку не дзеля таго, каб выпусціць, але, мусіць, будуць яшчэ катаваць, а мо... мо і зусім прыкончаць. Страх ахапіў Петруся, сціснуў яго сэрца. Ён ускочыў на ногі і са звярыным крыкам пачаў стукаць галавою і кулакамі ў кволыя дзверы.

— Ты што тут ломіш, пся крэў!

Дзверы раптам падаліся, і нешта, як молатам, грукнула ў грудзі. Пятрусь адваліўся і страціў памяць...

Што гэта штурхае? Пятрусь водзіць рукою і абмацвае канец ні то жэрдкі, ні то проста палкі. Ён прыходзіць у сябе і бачыць замест маленькай шэрай плямы на сцяне даволі вялікі, як акно, чатырохкутнік. За ім, знадворку, нечая галава. У хустцы!

Пятрусь падняў крыху голаў, але боль прымусіў яго застагнаць.

— Ціха, вылазь!

Не ведаючы, хто яго кліча, Пятрусь, аднак, падпоўз да акна.

— Давай рукі! Ціха!

Вось яго цягнуць ужо ўдваіх — мужчына і кабета. Зачапіўшыся балючым месцам, Пятрусь зноў заенчыў. Але хустка абматала яму голаў з вачамі і ротам так, што енк ледзьве мог быць чутным.

— Хто гэта мяне вядзе?

— Ціха! Агата. Ты не памылішся, Тодар, дзе мы разабралі паркан?

— Не, не. Хоць бы драмаў гэты жаўнер на ганку.

Пятрусь з абвязанаю галавою, ледзьве перасоўваючы ногі, ішоў між сястрою Агатаю і сваім таварышам Тодарам. Яны пералазілі праз платы, ішлі па градах, часта чапляліся за галлё. Праз нейкі час Агата зняла з яго хустку і ўнікліва паглядзела яму ў твар:

— Ох, Пятруська, які ж ты стаў!

Агата лёгка кранулася пальцамі яго твару і правяла імі па галаве. Яны стаялі каля пуні Тодара, якая выдавалася адна ад вёскі ў поле, быццам вартаўнік перад аддыхаючым войскам. Тодар кудысь прапаў.

— Ну, а як матка? З ёю нічога дрэннага не страслося?

— Галосіць, мусіць, і цяпер. Але пакуль што яна не траціла надзеі.

— А ты сама?

— Ні жаднае слязінкі ў мяне не было. Толькі надта перапалохалася, як ты там ачнуўся і заенчыў: думала — не выберамся.

— Ну і слаўная ты!

Лёгкі стукат калёсаў пачуўся з двара Тодара, і праз момант з шэрае імглы высунулася конская галава з дугою, а за ёю і воз, на якім сядзеў Тодар на мяшках са збожжам. Петрусю пасобілі ўзлезці на воз. Агата, як кошка, ускочыла да брата, абняла яго.

— Ну бывай здароў, Пятруська! Хутка пабачымся.

— Помні, Агата, не памыліся! Я паехаў да млына,— сказаў Тодар.

— Не памылюся! — ціхі шчаслівы смех сястры праводзіў хоць пакалечанага, але вызваленага Петруся.

Воз сценкаю выехаў на палявую дарожку, якая, хістаючыся ў бакі, міма аблогаў, цягнулася да лесу. Ён чорнаю стужкаю быў відаць уперадзе, але яшчэ далёка. Вось падняліся на ўзгорак, з якога вёска была як на далоні. З таго боку на ўсходзе край неба афарбаваўся ў ружовы колер. На бляску яго рэзка абрысоўваўся чорны сілуэт Агаты, якая ўсё яшчэ стаяла на месцы, непадалёку ад Тодаравае пуні. Воз рухаўся далей, вёска быццам пачала хавацца пад зямлю і хутка зусім прапала з вачэй...

Тодар у той жа дзень увечары вярнуўся з млына, узапраўды прывёзшы мяшок мукі. Па вёсцы гойсалі адурэлыя жаўнеры, капаючы стагі з сенам ды саломаю, лазячы па пунях, па паграбах — усюды, дзе можна было схавацца.

Петруся, вядома, не знайшлі.

 

ІІ

Цішыня і супакой разліты ў лесе ўвосені. Травы ўжо пажоўклі, і галоўкі іх з насеннем хіляцца долу. Ягад няма, толькі брусніца чырванее сваімі пацеркамі на жоўта-зялёнай коўдры моху. Дрэвы маўчаць і пакрысе скідаюць сваё летняе ўбранне. Толькі яліна ды хвоя становяцца яшчэ больш зялёнымі, да чарнаты. Птушак не чутно. Як толькі падзьме вецер, лісце закруціцца ў паветры, як статак гуллівых ластавак, ды шуміць, крыху парушаючы хаўтурны спакой лесу...

Лес, які прытуліў Петруся Глушанка, шырокаю, у некалькі вёрст, градою цягнуўся паміж балаціною. Папасці ў сярэдзіну яго было даволі трудна, бо ўздоўж яго не было дарог, а каб прасякнуць збоку, трэба было перабрацца цераз імшыстае балота. Сяляне карысталіся вузенькімі тропкамі, па якіх можна было праехаць з лёгкім возам, але толькі добра ведаючы ўсе выкрутасы гэтых першабытных дарог. Зімою толькі, як прамярзала балота, лес адчыняўся шырока для доступу ў яго.

Недалёка ад краю лесу, з таго боку, дзе за балотам праходзіў шлях, была маленькая старая хатка, калісь пабудаваная для жылля дрывасекаў. Многа часу гэтая хатка пуставала, і вось цяпер у ёй зноў з’явіліся людзі. Толькі замест сякер, пілак ды вяровак на сценах павешаны былі стрэльбы, рэвальверы, торбы з гранатамі, а з-пад прыпяку выглядаў нос «Максіма». Замест барадатых дрывасекаў у хаце ўвечары ўсё больш маладняк — хлопцы і дзецюкі. Праўда, былі сярод новых гаспадароў хаты і дарослыя мужчыны, але іх было нямнога.

Увечары і раніцою ўся гэтая лясная грамада збіралася разам. Адны прыходзілі з варты, другія з выведкаў, трэція прыносілі харч. Кожны паведамляў таварышам аб тым, што з ім здарылася, альбо што ён бачыў ці аб чым даведаўся. Потым кожны ішоў туды, куды павінен ісці па таварыскаму загаду, альбо заставаўся ў хаце, якая з’яўлялася звязваючым усіх асяродкам. Наогул кожны з грамады быў так ці інакш у зносінах са сваёю вёскаю, сваёю гаспадаркаю і сям’ёю. Некаторыя зусім жылі па вёсках, але толькі калі-нікалі наведваліся ў лясны штаб. Пятрусь жа ды яшчэ два-тры хлапцы не рызыкавалі спачатку сунуцца ў свае вёскі, бо за тым, каб злавіць іх, была складзена асобная варта з польскіх жаўнераў і некаторых мясцовых жыхароў.

Агата, якая наведвалася да Петруся кожны тыдзень разы два-тры, звычайна прыходзіла ноччу, калі ёй можна было выйсці з вёскі патаемна. Сустракаліся яны не ў лясной хатцы, а ў адным абумоўленым месцы, якое яны ведалі толькі ўдваіх. Агата прыносіла Петрусю яду, паведамляла яго аба ўсіх навінах і аб тым, якія парадкі заводзяцца палякамі і панамі. Пятрусь даведаўся ў хуткім часе, што пан адабраў у яго зямлю, як у былога парабка, і дазволіў толькі часова застацца ў хаце яго мацеры і сястры. Калі Пятрусь пачуў аб гэтым, то яго першаю думкаю было адплаціць пану пры дапамозе сваіх таварышаў. Але Агата ўстрымала яго і прасіла чакаць, бо польскія жаўнеры пільна вартуюць маёнтак.

Пасля гэтага Пятрусь страціў адносны супакой, які адчуваў у лесе з таго часу, як ачуняў ад пабояў, зробленых яму на сходзе. Новая пагарда нібы адчыніла толькі крыху зажыўшыя раны, і злосць, што не знаходзіла сабе выйсця, пілавала яго сэрца. Да гэтага яшчэ далучаліся чуткі з усіх бакоў аб катаваннях, забойствах, аб ганьбе сялянства з боку новых валадароў і старых паноў. Бяздзейнае сядзенне ў лесе, пры енках і катаваннях вакол, мучыла, не давала раўнавагі ў настроі. Пятрусь усё часцей заходзіў адзін у лясную глушыню, блукаўся там цэлымі гадзінамі, хоць хараство заміраючага лесу не рабіла на яго ніякага ўражання.

Адзін раз, толькі пачало развідняцца і толькі грамада разышлася, за выключэннем сталых цяпер жыхароў лесу, у сенцах раздаўся сполашны грукат і, задыхаўшыся, на парозе з’явілася Агата. Валасы яе вылазілі з-пад хусткі, твар быў увесь мокры ад поту, адзежа на ёй была заляпана граззю.

— Хавайцеся, альбо...— крыкнула і не дагаварыла яна.

Хлопцы паўскаквалі і недаўменна пазіралі на Агату.

— Пятрусь! Тут хутка будуць жаўнеры!

Пятрусь і яго таварышы схапілі стрэльбы, торбы з патронамі і кінуліся з хаты. Агата за імі.

— Ты куды, Агата? Мы хавацца не будзем.

— Ну... ну і што ж? Я пайду за табою.

— Заставайся ў хаце, кажу я табе! Чуеш?

— Не застануся!

— Эх!..— Пятрусь махнуў рукою.— А як ідуць палякі?

— Цераз балота, на конях, а вядзе іх Гарошка.

— Ага! Даведаліся! Ну, хлопцы, пойдзем!

Пятрусь ажывіўся. Задуменнасць як рукой зняло. Ідучы, ён залажыў у стрэльбу патроны, насыпаў іх у кішэню, астатнія ж моцна завязаў вузлом у торбе, каб не рассыпаліся.

Вось і край лесу. Недалёка, не больш як за паўвярсты, цераз балота блытанаю сцежкаю ехала адзін за другім каля дванаццаці коннікаў, а паперадзе ішоў селянін у кажушку і высокіх ботах. Раз-пораз ён прыпыняўся, паварочваўся назад і нарыхтоўваў жаўнераў. Пятрусь і яго таварышы прытуліліся хто за дрэвам, хто за карчом і прыгатавалі стрэльбы.

— Адыдзі, Агата, і схавайся! — злосна прашаптаў Пятрусь.

— Добра, толькі не злуйся!

Коннікі ўжо зусім блізка. Добра чутно кожнае слова з іх гутаркі. Гарошка здымае шапку і выцірае рагом торбы пот.

Раптам трэснула і разам пракацілася па лесе. Потым яшчэ і яшчэ. Павадыр сеў на месцы, некалькі пярэдніх коней кінуліся ўбок, загрузлі ў балоце, камечачы пад сабою атарапеўшых жаўнераў. Стрэлы не спыняліся, і праз некалькі хвілін на сцежцы засталіся толькі дрыгаючыя нагамі коні ды сцярэбленыя, як малады лес, жаўнеры.

— Пятрусь, Пятрусь! Вось яшчэ адзін устае.

— Уцякай, Агата!

Яшчэ некалькі стрэлаў — і лес замоўк. Толькі кляновы ліст, які жоўтаю зоркай віўся ў паветры, шуршаў аб яловыя іголкі, ды кроплі спадаючага туману хлёпалі па сырым лісці, ляжаўшаму на зямлі.

— Ну цяпер, хлопцы, трэба знайсці іншае месца! Хадзем. Ты, Агата, спяшайся дадому, каб не дазналіся.

— Так я і пайшла дадому! Няма дурных. Я зайду да цёткі ў другую вёску, а ўвечары вярнуся дадому — вось і ўсё добра.

Пятрусь з любасцю паглядзеў на сястру, павярнуўся ў другі бок і лёгка штурхнуў:

— Ну, ідзі!

Хлопцы пакінулі хату, забраўшы з яе ўсю зброю і сваю ўбогую маёмасць. «Максіма» яны разабралі на часткі і панеслі, каб не пакінуць ніякіх слядоў на зямлі.

— Цяпер нам, браты, засталася толькі вайна: на вёску не пакажашся,— сказаў Пятрусь сваім таварышам па дарозе да новага месца прытулку.

— Хацеў бы я ведаць, хто гэта выдаў нас? — разважаў адзін.

— Нехта з тых, хто бываў тут з намі,— адказаў другі.

— А ладная ў цябе, Пятрусь, сястра. Каб не яна, мо не давялося б нам больш хадзіць па лесе.

Пятрусь нічога не адказаў, толькі агеньчык пагардасці бліснуў у яго вачах...

Восень усё павялічвала сваю згубную працу ў лесе. Дрэвы ўжо стаялі голымі, і ноччу вецер жалобна гуў між іх галлём. Раніцаю лісце было белым ад марозу і звонка трашчала пад нагамі. Шалаш, у якім жыў Пятрусь са сваімі пяццю таварышамі, быў дрэнным прытулкам: і дождж і вецер вольна прасякалі праз яго сцены і дах. Людзей цяпер прыходзіла шмат менш, бо Пятрусь, пасля нядаўняе здрады, з большаю падазронасцю адносіўся да сваіх прыхільнікаў. Маркотна стала ў лесе, асабліва ў доўгія сырыя ночы.

— Давайце зробім налёт на панскі маёнтак,— прапанаваў адзін раз нехта з таварышаў.

— А сапраўды! Ачумееш тут сядзеўшы,— падхапілі другія.— Ты як думаеш, Пятрусь?

— Як я думаю! Мне таксама апрацівела сядзець тут без работы. Але, мне здаецца, яшчэ рана рабіць налёты. Калі мы толькі пашарпаем пана, дык застанецца ўсёй вёсцы ад палякаў — не пашкадуюць і не будуць доўга шукаць тых, хто пакрыўдзіць пана. Вы памятаеце, як пасадзілі мяне ў халодную.

— Так-то яно так, але ж нельга сядзець тут злажыўшы рукі.

— Вось што, хлопцы, я думаю. Злейшы наш вораг — польскае войска, на якім трымаюцца паны. Дзеля таго, каб змагацца з войскам, нам трэба мець многа буйнейшыя сілы.

Вось я і раю: давайце шукаць другіх такіх, як мы, каб аб’яднацца з імі.

— А калі наскочым на здраднікаў?

— Трэба будзе добра разведаць аб іх. Мне здаецца, што нас набярэцца многа.

Доўга ў гэты вечар спрачаліся нашы хлопцы, але нарэшце вырашылі наладзіць сувязь і зносіны з іншымі партызанскімі суполкамі. На другі дзень усе адчувалі сябе больш жвавымі. Тодар, які ўсё яшчэ жыў у вёсцы, меў заданне даведацца ў іншых вёсках, дзе знаходзяцца ўцёкшыя з дому мужчыны. Будучы надта дасканалым і прайдошлівым хлопцам, Тодар хутка справіўся з справаю, і праз які-небудзь тыдзень было вядома Петрусю месца знаходжання шмат якіх партызанаў. Пачалося новае жыццё, новыя надзеі, прапала ўсякая нуда, хоць па лесе хадзілі ўжо ўнукі дзедкі-мароза.

Агата, якая і цяпер не забывалася хадзіць у лес, адзін раз нешта замарудзіла варочацца дадому. Яна то адыходзіла ад шалаша, то прыпынялася і варочалася да Петруся. Відаць было, што яна хоча нешта сказаць і не асмельваецца.

— Што ў цябе, Агата?

— Нічога!

Але яна матнула галавою і рашуча працягнула руку, у якой ляжаў невялікі кавалак замурзанае паперкі. Пятрусь узяў яго, пакруціў ва ўсе бакі, глядзеў з хвіліну. Ружовым колерам пакрыўся яго твар.

— Жаўнераў на вёсцы няма, паехалі.

— Няма? А хто ж вартуе пана Езерскага?

— Адзін толькі жандар.

— І ты баялася перадаць мне гэты лісток?

— Не таму, што былі жаўнеры альбо цяпер жандар, я не хацела аддаваць.

— Чаму ж?

— Так, нічога... Дык ты прыйдзеш?

— Вядома. Толькі нікому ні слова, нават ёй.

Агата весела ўсміхнулася і, некалькі разоў азірнуўшыся на брата, які стаяў з паперкай каля шалаша, схавалася за цемраю ялін.

Пятрусь некалькі разоў перачытваў напісаныя крывымі літарамі словы «прыходзь хутчэй», пад якімі стаяла імя Насты. Гэтыя тры словы ўскалыхнулі яго сэрца куды мацней, чымся крык Агаты перад крываваю сустрэчаю з польскімі вайскоўцамі. Пятрусь, заціснуўшы ў кулак лісток, пайшоў прочкі ад шалаша, забраўся ў самы гушчарнік, дзе за нагу чаплялася суччо, а па галаве сцёбалі лапы ельніку, але ён не адчуваў нічога: думкі былі там, на вёсцы, і ні аб чым іншым ён думаць не мог.

Увесь дзень сланяўся ён па лесе, выклікаючы здзіўленне таварышаў, якія гатаваліся да пераходу на іншае месца, бліжэй да другое грамады партызанаў. Увечары, калі яшчэ нават не змеркла, Пятрусь рынуўся дадому, ледзьве здагадаўшыся сунуць у кішэню пісталет і развітацца з таварышамі. Ён страціў усякую асцярожнасць, перайшоў, быццам пераляцеў, балота і проста бальшаком памчаўся ў вёску. Толькі як вырысавалася цёмная сцяна прысадаў каля маёнтка, а далей царква, Пятрусь схамянуўся, успомніўшы разам здарэнні з ім за апошнія два месяцы. Ён зышоў з дарогі і цераз поле накіраваўся да ваколіцы.

Вось і вёска. Дзе-нідзе ў хатах блішчалі агні. Петруся так пацягнула да цяпла, спакою, што ён нават на нейкі час забыўся аб тым, зачым ён прыйшоў. Але гэта быў толькі момант. Далей ён пачаў прагна ўглядацца ў будынкі, шукаючы між імі тую пуню, якая стала так знаёмаю яму злетку.

— Пятрусь!

За жардзяным плотам ваколіцы мільганулі дзве кабечыя фігуры. Пятрусь прыпыніўся, углядаючыся ў цемень.

— Да пералезь жа сюды!

Праз момант гарачыя губы апалілі твар Петруся.

— Я пайду дадому, Пятрусь, і буду чакаць цябе,— сказала Агата, адступаючы ад свае таварышкі.

Як толькі Агата схавалася ў цемры ночы, Наста кінулася на шыю Петрусю і зашаптала:

— Ці ведаеш ты, як я чакала цябе? Цэлыя дні і ночы мае думкі толькі і заняты былі табою. Перш, як ты ўцёк з халоднае, я доўга не ведала, дзе ты, ці жывы, ці не. Толькі нядаўна дапыталася я ад Агаты, што ты жыў і сядзіш у лесе. А ты хацеў мяне бачыць?

— Навошта аб гэтым пытацца, Наста? Сёння ўвесь дзень я быў як непрытомны, чакаючы вечара, а сюды ішоў, быццам птушкі неслі мяне на крылах.

— А кахаю ж я цябе, Петрусёк!

Яны селі на салому каля пуні. Было ціха, нідзе ні шораху. Зоркі патаемна блішчалі праз лёгкі туман, як вочы праз слёзы. Пятрусь схіліўся да Насты, і яны моўчкі прасядзелі, ні аб чым не думаючы, толькі адчуваючы ўсёю істотаю адзін другога...

Дзесь на вёсцы гаўкнуў раз-другі сабака. Пятрусь устрапянуўся і крыху адхіліўся ад Насты.

— Ты хочаш ужо пакінуць мяне? — з крыўдаю ў голасе запыталася яна.

— Так прасядзеў бы з табою не адну ноч, а тысячы. Але ж нельга забыцца аб тым, як і адкуль я прыйшоў сюды.

— Кінь ты думаць аб гэтым, прыгарніся да мяне.

Пятрусь асыпаў яе пацалункамі, у якіх быў пал яго маладосці, смутак выкінутага раней пары ў жорсткія ўмовы жыцця і жальба аб тым, што хутка прыйдзецца зноў расстацца з каханаю дзяўчынай. Ён зноў засмуціўся.

— А ведаеш, Пятрусь, не хадзі ты назад у лес.

— Што ты кажаш?

— Не хадзі, заставайся ў вёсцы.

— Якім гэта чынам я застануся?

— Чаму ж не? Ну уцёк з халоднае, ці ж вялікая ў гэтым віна! Пан цяпер, як польскія жаўнеры выехалі, зрабіўся надта добрым. Ён, мусіць, баіцца крыху вас, партызанаў, і хоча залагодзіць. Вось ён і табе падаруе, толькі папрасі ў яго.

— Наста, мне дзіўна слухаць, што ты гаворыш. Ты раіш мне прасіць пана Езерскага, каб ён дараваў мне за тое, што я ўцёк з-пад замка і ад далейшага катавання?

— Ну а што ж? Толькі папрасі, і ты будзеш жыць вольна дома, а не ў лесе, дзе мерзнеш на холадзе.

— Ну я прасіць не пайду. Шомпалы яшчэ гараць на маім целе, зямлі ў мяне ўжо няма. Ды не толькі мяне аднаго так пакрыўдзілі, увесь народ стогне. Помста трэба.

Наста апусціла голаў. Слёзы стаялі ў яе вачах:

— Дык ты не кахаеш мяне! Ты не хочаш застацца, каб быць са мною. Нават мой татка не супярэчыць, каб мы пажаніліся. Застанься тут, не хадзі ў лес.

— Цудоўная ты. Каб я і застаўся, каб пан, як ты кажаш, і падараваў мне, дык, думаеш, гэта надоўга? Ён мяне з’есць, калі дамся сам у рукі.

— Не бойся, мой татка ўжо хадзіў да пана і гаварыў аб табе, прасіў падараваць. Пан быў надта рады і толькі чакае, каб ты сам прыйшоў да яго.

— Твой бацька прасіў?! За мяне?

— Чаго ж ты так здзівіўся?

— Наста, мне цяжка гаварыць, я магу абразіць цябе. Пачакай.

Пятрусь адышоў да веснікаў у поле, абапёрся галавою аб іх і доўга стаяў нерухома. Наста не смела падысці да яго.

— Скажы, Наста, чаму ты ні разу не прыйшла да мяне ў лес,— гледзячы ёй у вочы, прагаварыў напаследак Пятрусь.

— Як я магла прыйсці! — спалахліва прамовіла яна.— Гэта ж брыдка, дай боязна было.

— А бацьку да пана пасылаць не брыдка?

Пятрусь пералез цераз веснікі, павярнуўся да Насты і прамовіў прыдушаным голасам:

— Ну, бывай!

Наста кінулася ўперад.

— Ідзі, ідзі сабе, Пятруська! Толькі кахай мяне так, як цяпер, не кідай зусім. Пятруська! Петрусёк, родны!

— Бывай здарова!

— Пятрусь, я пайду за табою куды хочаш!

— У мяне кахання больш няма,— было апошнім адказам для Насты.

Пятрусь не зайшоў нават дадому. Цяжкімі крокамі перайшоў ён поле і спусціўся ў балота перад лесам. Увесь час яму здавалася, што следам за ім ідзе Наста і чуецца яе ціхі плач. Але Пятрусь ні разу не азірнуўся назад. Толькі як падышоў да свайго шалаша, які нейкаю закінутаю сіратою выглядаў у шэрай раніцы, ён стаў тварам да вёскі, доўга ўглядаўся ў той бок, быццам чакаў каго. Вочы заслала слязьмі... Але вось ён матнуў галавою, скінуў кажух і пачаў калоць дровы.

 

ІІІ

Выпаў снег. Пачаліся моцныя маразы. Жыць у лясных шалашах стала цяжка. Цёплае адзежы ў партызанаў не было. Некаторыя хлопцы пачыналі часта гутарку аб тым, што трэба было б зварачацца дадому, бо немагчыма пражыць усю зіму ў лесе. Пятрусь, слухаючы такія размовы, пераканаўся, што нельга трымаць людзей у бяздзейнасці, хоць пачынаць належную вайну быў яшчэ не час. Змовіўшыся з іншымі гурткамі, якія былі яму вядомы, Пятрусь склаў з усіх, жадаўшых захаваць арганізацыю, даволі моцны атрад чалавек з трыццаці. Цяпер у іх было некалькі кулямётаў, шмат вінтовак, патронаў і рознае зброі.

Атрад пачаў дзейнічаць па шляхах, падсцерагаючы польскія абозы альбо дробныя вайсковыя адзінкі. Схаваўшыся ў засадзе, атрад раптоўна нападаў на праходзіўшыя часткі, якія звычайна лёгка здаваліся. Партызаны раззбройвалі польскіх вайскоўцаў, адбіралі розную амуніцыю і яду, зніштажалі сувязь і гэтым блыталі кіраванне арміі. Зрабіўшы напад у адным месцы, яны на другі дзень былі ў другім, вёрст за 20—30 ад яго. Перасоўваліся яны лясамі, па дробных дарогах, выбіраючы месцам начлегу глухія вёскі альбо хутары, дзе нельга было спадзявацца на сустрэчу з буйнымі сіламі ворага. Не шкадавалі яны і панскіх маёнткаў, якія трапляліся ім пад руку. У справе знішчэння маёнткаў ім надта пасабляў запас польскае вайсковае адзежы. Паны прымалі партызанаў за польскіх жаўнераў і нават гасцінна прымалі іх; потым рабіліся ахвяраю часткова і ад свае абмылкі.

Пятрусь стаў належным кіраўніком партызанаў, якіх ён злучыў у пачатку зімы. Яго свядомасць, жорсткасць да паноў і палякаў, упартасць давалі яму перавагу нават перад старэйшымі, і дзеля гэтага атрад нязменна лічыў яго сваім начальнікам. Дзякуючы Петрусю, атрад утрымаўся ад распаду ўсю зіму, абрадзіўшы за чатыры месяцы ўсе закуткі двух паветаў. Не было колькі-небудзь буйнага лесу, у якім Петрусёвы партызаны не ведалі б кожнае дарожкі альбо патаемнага месца. Дзеля гэтага ўсе дамаганні з боку польскіх вайскоўцаў злавіць гэты невядомы ім, але досыць дакучны атрад былі дарэмнымі.

У красавіку атрад павялічыўся больш як у два разы. Усе тыя, хто не трываў панскае ўлады, але і не рызыкаваў насіцца ўзімку па лясах, цяпер далучаліся да таго ці іншага партызанскага аб’яднання. Ажываўшы лес даваў зноў прытулак усім пакрыўджаным, усім, хто шукаў магчымасць звольніцца ад вайскова-панскага прыгону і вызваліць ад яго і другіх. Пятрусь кінуў асцярожнасць і прымаў людзей чым больш.

У канцы красавіка Пятрусь са сваім атрадам прыпыніўся ў тым лесе, адкуль выйшаў з пачатку зімы. Яму надта хацелася даведацца, што робіцца ў яго вёсцы. Ён паслаў двух таварышаў да Тодара. На другі дзень раніцаю Тодар з’явіўся сам, чаго з ім раней не траплялася.

— Я хачу застацца тут у цябе,— адказаў ён на здзіўленае запытанне Петруся.

— У чым жа справа?

— Справа? Справа? У тым справа, што тваю сястру Агату пасадзілі ў камендатуру!

Пятрусь сцяў зубы і доўга нічога не гаварыў. Потым ён падняў вочы на Тодара.

— Што ж ты маўчыш? — крыкнуў ён.— Гавары, як было!

— На мінулым тыдні ў адну з начэй загарэлася стайня ў маёнтку Езерскага; на другую ноч былі спалены адрыны; за трэцім разам, нягледзячы на моцную варту з вайсковых, былі падпалены службовыя будынкі, дзе жыве тоўсты кіраўнік і ўся чэлядзь. Ну вось, пасля гэтага Агату схапілі, білі, як і цябе...

Пятрусь учапіўся скручанымі пальцамі ў плячо Тодара. Твар яго пазелянеў. Зубы ляскалі.

— Ну далей, далей! Кажы! — скрыгануў ён.

— Білі яе шомпаламі, каб сказала, што гэта ты падпальваў маёнтак, і каб выдала цябе. Вядома, збойства не пасобіла ім, маёнтак такі згарэў. Агата ўжо сем дзён сядзіць у каменданта ў мястэчку.

Тодар памаўчаў, некалькі разоў зірнуў на Петруся, а потым дадаў:

— Я не пакіну твой атрад, пакуль Агата не будзе вызвалена.

Пятрусь падаў яму вінтоўку і торбачку з патронамі.

— Страляў?

— Страляў!

— Эй, хлопцы, хто хоча вось з намі камендатуру ў С... разнясці? Справа не лёгкая, і не ўсім выйсці з работы.

Пятрусь, зрабіўшы гэтую прапанову, аглядаў па чарзе сваіх таварышаў. Толькі двое пажадалі застацца ў лесе, увесь жа атрад захацеў прыняць удзел у гэтай справе. Пятрусь падзяліў атрад на тры часткі і павёў іх у канец лесу, каб адтуль за ноч дайсці да мястэчка і напярэдадні зрабіць напад на камендатуру, а калі трэба будзе, то і на войска.

Чуць заняўся свет. Мястэчка яшчэ пакрыта змрокам. Дзе-нідзе мільгаюць агеньчыкі, з комінаў ідзе лёгкімі стужкамі дымок. Дзве часткі Петрусёвага атрада адлучыліся і хутка прапалі ў шэрай коўдры лёгкага вясковага туману. Пятрусь з часткаю сваіх таварышаў і з Тодарам падышоў да гародаў і прытуліўся за кузнямі, якія былі раскіданы без усякага парадку каля невялікае рэчачкі.

Праз некалькі хвілін з другога канца мястэчка выбухнулі адзін за другім пяць-шэець стрэлаў, а потым затрашчала ўсё часцей, і кулі зазвінелі над дамамі. Яшчэ хвіліна-другая — і па брукаванай вуліцы мястэчка прагокалі падковы і раптам замоўклі.

Пятрусь са сваімі хлопцамі пабег ад дома да дома і праз некалькі момантаў быў на рагу завулка, які выходзіў на галоўную вуліцу, якраз супраць гандлёвае плошчы. Там, перад домам, у якім была змешчана камендатура, ужо выстройвалася чалавек з дваццаць польскіх жаўнераў, якія паспешна падвязвалі рамяні і патроннікі.

Раптам мястэчка агаласіў моцны і нястройны залп, гарохам пракаціўшыся па вузкіх вулічках. Некалькі жаўнераў апусцілася на гразкі брук. Астатнія кінуліся ў адзін бок, у другі, зусім атарапеўшы і не ведаючы, адкуль на іх сыплюцца кулі. Залпы не пераціхалі, і праз дзве хвіліны ад польскага атрада засталося толькі некалькі параненых ды пабітых. Хто застаўся цэлым,— кінуўшы зброю, уцёк.

— Ну хутчэй цяпер!

Тодар кінуўся да дома камендатуры, а за ім пабеглі і ўсе партызаны. Грукнулі стрэлы. Тодар захістаўся і прысеў на зямлю.

— Давай гранаты! — крыкнуў Пятрусь.

Зазвінела шкло, паляцелі рамы, стрэлы з дома прыпыніліся.

— Яшчэ раз!

Дымам, смяццём круціла каля дома. Пятрусь кінуў некалькі сваіх таварышаў у доме, а сам з двума хлопцамі прашмыгнуў за вароты, дзе побач з каменданцкім домам стаяў вялікі свіран з жалезнымі прутамі ў маленькіх прарэзах у сцяне — мусіць, быўшы гандлярскі склад. Некалькімі стрэламі вісячы замок быў збіты.

Агата, хістаючыся і з перапалохам на твары, паказалася ў дзвярах. Радасць асвяціла яе змучаны чорны твар. Пятрусь падхапіў яе і павёў на вуліцу.

— Тут многа войска, як гэта — рота, ці што. Спяшайцеся! — сказала яна.

Тодар сядзеў ужо на ганку. З пляча яго цякла кроў і вузенькаю стужкаю аплывала па гразкаму кажушку.

— Гэй, збірайся!

Партызаны, быўшыя з Петрусём, праз момант былі на плошчы. У другім баку мястэчка, у канцы яго, зноў пачуліся стрэлы, якія рабіліся ўсё часцей ды часцей.

— Трэба ім дапамагчы! Дзе тут польскія коні?

— Стайня вось там.— Агата паказала на двор, побач з камендатурай. Пятрусь паслаў таварышаў за коньмі, а сам з іншымі кінуўся ў бок страляніны. Хутка затрашчала бліжэй, а там, у канцы, стрэлы сталі радзейшымі. Праз хвіліну там і зусім сціхла.

— Абыдзі гародамі і скажы, каб яны ўцякалі да лесу. Мы іх дагонім на конях,— крыкнуў Пятрусь аднаму з хлопцаў, выпускаючы кулю за куляй з-за вугла нейкае крамкі.

Страляніна ахапіла ўвесь асяродак мястэчка. Бухала на бакавых вуліцах, бухала на гародах. Польскія жаўнеры, перапалоханыя нечаканаю бойкаю, выскоквалі з прыватных дамоў, у якіх кватаравалі, беглі і стралялі куды папала. Партызаны ж, схаваўшыся за дамамі, выпускалі цэлыя абоймы ўздоўж вуліц. На плошчы было пуста. Станавілася зусім відна, з-за туману праглянула сонца.

— Дзе ж коні? Хутчэй коней!

З боку мястэчка, дзе да гэтае пары ўсё было ціха, раздаўся мерны стукат ходу многіх людзей. Не іначай як часць пад камандаю!

— Коней давай!

Агата стаяла недалёка ад Петруся. Яна ўчапілася яму ў плячо і са смагаю на губах прасіла:

— Уцякайма так! Згінеш, Пятруська! Уцякайма!

— Не ўцячэш так. Іх больш, яны нас абкружаць.

Не пакідаючы страляць, партызаны пачалі перабягаць к дому, дзе мусіла быць стайня. Але вось і коні.

— Дзе ж вас чэрці насілі? — накінуўся Пятрусь на пасланых за конямі хлопцаў.

— Мы хацелі ўзяць не толькі коні, але і сёдлы. Вось яны! Блыталіся доўга!

— Садзіцеся хутчэй!

Праз момант невялічкі атрад Петруся пад страляніну з усіх бакоў выскокваў з мястэчка. Тодар быў прывязаны за рамень аднаго з партызанаў; Пятрусь пасадзіў з сабою Агату. Услед уцякаўшым партызанам несліся кулі, якія высока звінелі ўверсе.

— Прэч з дарогі, аб’язджай лагчынаю! Хутчэй.

Застракатаў ззаду кулямёт. З мястэчка выйшла калона жаўнераў. Трэснуў адзін-другі залп уздагонку ўцякаючым. Коні несліся, як шалёныя. Стрэлы аддаляліся. Партызаны паехалі па завароту лагчыны і схаваліся за гарою. Кулі фырчэлі і гулі высока. Уцекачы паехалі павальней, сталі падымацца ўгару.

— Гляньце! Гляньце! Ззаду коннікі!

З прыгорка, куды ўз’ехалі партызаны, зноў стала відаць мястэчка: па дарозе ўздагонку галапцавала кучка кавалерыстаў.

— Ну, трымайся!

Коням далі ходу што было сілы. Тупат ззаду ўсё набліжаўся.

— Хутчэй!

Перад вачыма мільгануў лес. Некалькі куль прапяяла над галовамі.

— Проста на лес, цераз поле!

Коннікі ззаду таксама кінуліся на поле, прагнучыся перагнаць партызанаў наперарэз. Вось яны злазяць з коней і прыцэльваюцца з калена. Трэснула, і некалькі коней у партызанаў стала прыпадаць на ногі.

— Злазь і ўбежкі да лесу!

Агата і Тодар ледзьве валаклі ногі. Як толькі партызаны адстрэльваліся, яны клалі іх дзе-небудзь за купіну, у канаўку, а потым, як адыходзілі далей, хто-небудзь вёў іх. Коннікі, абстраляўшы партызан, садзіліся зноў на коней і кідаліся ўздагонку. Яшчэ параненыя, апроч Тодара.

— Як мага, у лес!

Вось і яго прыветны зялёны дах. Партызаны прыпыніліся і перавялі дух. Коннікі стрымалі коней, хвілінку пастаялі на месцы, а потым кінуліся назад, за гару.

— Ага! Сюды не сунецеся.

Пятрусь павёў сваіх таварышаў у глыб так добра знаёмага яму лесу...

Але не даваў ужо лес таго спакою, як раней. Праз дзень было перададзена Петрусю, што месца яго прытулку добра вядома польскім вайскоўцам, якія былі надта абражаны нападам партызанаў на мястэчка і разгромам камендатуры.

 

 

* * *

 

Вузкімі прасялковымі дарожкамі, пералескамі прасоўваўся атрад Петруся на ўсход, да Бярэзіны. Ззаду за ім, ловячы сляды, несупынна гналіся польскія конныя жандары. Спачатку, як толькі Пятрусь пакінуў лес, праціскацца на ўсход было не надта трудна. Чым жа бліжэй да Бярэзіны, тым больш пападалася польскіх вайсковых часцей.

Здалёку пачуўся грукат гармат. Партызаны, стомленыя пераходамі, частымі бойкамі з польскімі вайскоўцамі, якія пападаліся на іх пуці, з палёгкаю ўздыхнулі. Яшчэ дзень-два — і яны будуць у чырвоных. Але прасоўваліся ўперад зусім марудна. Усюды трапляліся буйнейшыя часці ворага, якія належна вартаваліся, мелі разведку. Партызанам трэба было знаходзіцца ў напружанні, сачыць за ворагам. Ад сну зусім адбіліся, змарыліся, носячы за сабою параненых.

Недалёка ад Бярэзіны, адкуль ужо чуўся не толькі грукат гармат, але і ляскат вінтовачных стрэлаў, Пятрусь папаў з атрадам у вялікі лес, па краі якога праходзіў шлях. Перамучаныя партызаны схаваліся ў гушчарніку і леглі аддыхнуць, каб уначы зрабіць пераход да Бярэзіны і перабрацца цераз яе. Пятрусь заснуў як забіты.

— Палякі бягуць!

Пятрусь ускочыў. Перад ім стаяла Агата. З шляху чуўся незвычайны ляскат, крыкі, бразгат калёсаў.

— Яны, мусіць, уцякаюць.

Атрад партызанаў стаяў гатовы, з вінтоўкамі ў руках.

— Ну, хлопцы, к дарозе!

Гоман, які стаяў на шляху, прасяклі выбухі стрэлаў. Яны звонка аддаваліся далёкім рэхам у бяскрайнім лесе. Гвалт на шляху яшчэ ўзмацніўся. Адтуль пачулася моцная лаянка, крыкі параненых.

— Наперад!

Партызаны выйшлі з лесу. Усё поле было засеяна людзьмі, паломанымі фурманкамі, коньмі, якія біліся з пуду і калечылі жаўнераў. Пятрусь загадаў узмацніць страляніну... Але вось на дарозе паказалася новая калона, якая хутка перарабілася ў шнурок, залёгшы на зямлі. На партызанаў пасыпаліся кулі градам.

Петрусю раптам стала горача. Ён выпусціў вінтоўку, рука датыркнулася ліпкага на назе вышэй калена. Потым усё закруцілася. Ён адчуваў, як яго цягнулі кудысьці, як сціхла страляніна...

Пятрусь расплюшчыў вочы. Над ім на каленях стаяла Агата і прыколвала яму на грудзях чырвоную стужку. Па шляху галопам пранесліся на захад коннікі з чырвонымі зоркамі на шапках.

— Мы вольны, Агатка! — і Пятрусь пацалаваў нахіленую над ім голаў сястры.

 

1927 г.

 

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Нёманскі Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 598 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан