epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Нёманскі

Тодар Базылёнак

І
ІІ
III


І

 

Абсеўкам у полі жыла Агата ў сям’і Сымона Карнача. Вось ужо колькі гадоў, як яна жыве тут, мае дваіх дзяцей, а ніяк не прыстасуецца да ўсяго ўкладу Карначоў, ці гэты ўклад зусім не пасуе да яе. Ціхая, сарамяжая, далікатная, як кветка падснежніка, злюбілася яна з Карначовым старэйшым сынам, Базылём. Доўгі час каханне яе заставалася таемным нават ад яе бацькоў, бо яна саромелася сказаць аб сваім пачуцці каму-небудзь іншаму, апроч Базыля. Але потым трэба было сказаць,— такія былі абставіны. Бацькі Агаты былі надта здаволены тым, што ім удасца збыць з рук лішні рот, бо гаспадарка ў іх была невялікая. Апроч таго, ім ганарыла аддаць дачку за Базыля, бо Карначы былі вядомы ва ўсёй акрузе як багатыя людзі. Парадніцца з Карначамі, якія сядзелі на асобным хутары і мелі каля двух валок зямлі, чаго-небудзь ды варта было!

Але тут зразу пачаліся перашкоды. Сам Базыль, як толькі яму бацькі Агаты напомнілі, што пара жаніцца, нічога не меў супраць. Хоць на твары ў Агаты і пайшлі жоўтыя плямы, але яна была ўсё ж такою аздобнаю, што лепшае жонкі шукаць было б дарэмна. Затое сам стары Сымон Карнач, як толькі пачуў ад Базыля аб тым, што ён рыхтуецца паслаць свата да Агаты, адмовіўся рашуча даць свой дазвол на гэта. Ён не мог згадзіцца, каб яго сын ажаніўся на нейкай там чуць не жабрачцы. Не, яго Базыль павінен узяць жонку з добрае сям’і і з добрым пасагам — гаспадарку трэба пашыраць, а то падзеляцца Базыль з меншым братам, і ўжо не будуць такімі Карначамі, як ён — Сымон Карнач. Чэсць і значнасць роду трэба трымаць, гэта галоўнае ў жыцці. Як ні даводзіў Базыль, што ён кахае Агату, што, у выпадку недазволу жаніцца, ён зусім не жэніцца, бо яму іншай жонкі не трэба, стары Карнач стаяў на сваім. Нават не пасабляла і тое, што Базыль упамінаў аб страце ў гаспадарцы ад недахвату рабочых рук. Гэты матыў быў важкім і мог схіліць на згоду бацьку, але ўсё ж не пасобіў на астатку. Хоць нейкая страта ў гаспадарцы, але ж не жаніць сына на дзяўчыне з непачэснага роду — так думаў і парашыў Сымон Карнач.

Ну, а калі так думаў і парашыў Сымон Карнач, то не іначай павінен быў думаць і рахаваць увесь свет. Стары Сымон — не дурань, дурныя багатымі не бываюць! Такая ўжо сконтвечная мараль. Гэтая мараль прымушала і багатага і беднага казаць, што Агата Базылю не пара. Гутарка аб гэтым пайшла навакол — ведама як аб вяселлі. Адны казалі, што дурны будзе Базыль, калі ажэніцца на такой беднай, а іншыя саймавалі, што дрэнна зробіць Хрыпач, калі аддасць дачку ў такі багаты, як Карначоў, дом. І так і сяк выходзіла, што не быць Агаце за Базылём. Усе гэтыя гамонкі даходзілі і да Агаты. Яна так саромелася іх, а больш усяго так спалохалася варожнасці старога Сымона Карнача, што мусіла прасіць Базыля кінуць яе і рабіць, што ён хоча. Базыль не ведаў, што рабіць: ён не валодаў упартасцю свайго бацькі. Віхлявасць яго Агата залічыла, як неахвоту жаніцца, і была надта здаволена, што яе пакінуць у спакоі, не павядуць у чужы, варожы дом.

Але... але быў яшчэ бацька, стары Хрыпач. Хоць чалавек зусім бедны, нявідны, можа, і дурны, як лічыў ён сам сябе, але маючы свой гонар. Бедны-то ён бедны, але ж зняважыць сябе, сваю дачку яму нельга. І вось у адзін дзень ён надзеў новыя лапці і цалейшы кажух і падыбаў да Сымона. Якая ў іх была гутарка — у дасканаласці невядома, бо нікога пры тым не было, а яны самі аб гэтым не любілі ўспамінаць. Так, насілася чутка, што Хрыпач, страціўшы веру ў поспех перамаўленняў, прымушаны быў пусціць у ход нейкую пагрозу, здаецца, аднавіць справу па высылцы на пасяленне ў Сібір малодшага брата Карнача. У чым тут была справа, ніхто добра не ведаў, не дазнаўся ў свой час нават і сам суд, які прыгаварыў да высылкі, але гэтая пагроза зрабіла свой уплыў: Сымон Карнач у бліжэйшую нядзелю паслаў да Хрыпачоў сватоў.

З вялікім сполахам пераступіла Агата першы раз пасля вянца парог моцнага дома Сымона Карнача. Ні вясельныя песні, ні ліслівая ўвага ўсяе радні Карначоў, ні ўсё багацце, якім адзначана было вяселле і шлюб першага сына Сымона Карнача, не маглі разагнаць гэтага сполаху; пачуццё чужынца ў гэтым доме, нежаданага сем’яніна глыбока запала ў сэрца Агаты і засталося потым на ўсё жыццё. Тонкая, стройная, нясмелая, яна напамінала падрэзаны серпам колас, які пакорна схіляе сваю голаў, кладучыся на зямлю, і шле сваё апошняе прывітанне светламу дню і сонцу.

З першых дзён жыцця Агаты замужам пачалася яе цяжкая драма. Стары Карнач не мог забыцца, што яе траха не сілком увапхнулі ў яго дом, і ўжо гэта адно рабіла яго варожым да Агаты. Апроч таго, Агата не мела такое сілы працаздольнасці, якую хацелася б свёкру. Ён глядзеў, што жонка яго сына павінна быць перш за ўсё сталаю працоўнаю сілай, якая павялічвае прыбытак у гаспадарцы. Агата ж не магла вытрымліваць доўгае і цяжкае працы, ды не мела ў натуры сваёй прагнення да нажывы, накаплення да канца сіл і поўнае змогі. Уваход Агаты ў сям’ю Карначоў парушыў заветную думку старога Сымона — за кошт пасагу павялічыць яшчэ абшар сваіх зямельных валаданняў. Дык вось з усіх бакоў Агата з’явілася нежаданым сем’янінам у вачах старога Карнача.

Ніводнага прыветнага слова не чула Агата ў сям’і свайго мужа. Вакол сябе яна бачыла толькі халодна-варожыя позіркі ці чула насмешна-зневажаючыя словы. Нават сам Базыль не смеў быць ласкавым з ёю перад бацькамі альбо братам. Але ўсё ж такі яшчэ пры ім можна было спадзявацца на забяспечнасць ад здзеку. Базыль кахаў яе і не даў бы глуміцца, хоць і баяўся ва ўсім бацькі. На жаль, жыццё з Базылём цягнулася нядоўга: вясною, на сёмуху, ён ажаніўся, а ўвосень яго забралі ў салдаты. З гэтага часу пачалося зусім пакутнае жыццё Агаты.

У пачатку снежня радзіўся ў яе хлопчык. Далі яму імя Тодара, а стары Карнач дабавіў яму прозвішча байструка. Гэта не хто іншы, як гэтая брыда, вінаваты, што сын яго, Карнача, вымушаны быў так нявыгадна ажаніцца. Ведама, што тая варожасць, якая жыла ў сям’і да Агаты, перайшла і на яе сына. Нездаволенасць і варожасць яшчэ павялічвалася ад таго, што дзіця пачало займаць час у Агаты, і яна менш магла працаваць. Пад уплывам гэтае варожасці, Агата ўсё больш замыкалася, пачала хавацца і туляцца па кутках, дамагаючыся не пападацца на вочы ўсім хатнім. Некалькі разоў ёй прыходзіла ў голаў думка ўцячы да сваіх бацькоў, але на гэта не хапала ні рашучасці, ні мажлівасці, бо стары Карнач не дазволіў бы так спаганіць сябе перад людзьмі. Агата толькі неяк непрыкметна і зусім натуральна засталася з часам у асобку з Тодарам, адной у чорнай хаце тады, як уся сям’я жыла ў другой хаце, цераз сені. Гэты падзел зрабіўся сам сабою, як вынік імкнення Агаты к хаванню ад свае радні. Так жыла яна і год, і два, і тры, зусім чужая сярод сям’і, працуючы што было моцы і больш паходзячы на наймічку, чымся на маладую гаспадыню.

Вярнуўся са службы Базыль, але Агаце не стала лепш, яна не ўвайшла бліжэй у сям’ю Карначоў. Базыль, здаволены нашыўкамі унтэра, хадзіў па вечарніцах ды гуляннях, мала зварочваючы ўвагі на ціхую жонку і ваўкаватага Тодарку. Дый нядоўга заставаўся Базыль дома: зямля страсянулася словам «вайна», і Базыль быў адным з першых, каго вайна захапіла ў свае лапы, сціснула і кінула ў вечнасць.

Пайшлі дні, месяцы, гады. Цераз паўгода пасля пачатку вайны ў Агаты радзілася дзяўчынка. Стары Сымон ірваў на сабе валасы ад злосці: сям’я ў хаце хоць куды, а працаваць няма каму. Нават Базыля ўспамінаў і шкадаваў ён толькі як моцнага хлопца, добрага работніка. Меншы сын Карнача ўжо падрастаў, але ўсё ж не быў яшчэ пэўным работнікам. Сымон усё злеў, не стрымліваўся і часта кідаўся з кулакамі на Агату і дзяцей, абзываючы іх дармаедамі, поганню. Агата ўсімі сіламі дамагалася быць падалей ад свёкра і ўсяе астатняе сям’і. Гэты настрой і адносіны перадаваліся і дзецям, і яны таксама чужаліся ўсіх хатніх.

Тодар чуць не з першых месяцаў свайго жыцця стаў адзінокім. Агата, стараючыся, як мага, сваёю работаю і пільнасцю паменшыць прычыны сваркі з боку свёкра, пакідала свайго хлопчыка аднаго ў чорнай хаце. Мухі, як смала, абляплялі яго, ён быў брудным, непрыбраным, крычаў цэлымі гадзінамі, але некаму было прыгледзець яго. Ён сам змагаўся з мухамі, сам вылазіў з смецця, а крыху большым — сам і даставаў сабе есці. Толькі позна ўвечары маці прыходзіла дадому з поля альбо сенажаці і, змораная працаю, мілавала свайго сынка. Так прайшоў год-другі. Тодар, як трус у сваёй нары, жыў на чорнай палавіне дома, нават ніколі не паказваўся ў той хаце, дзе жылі ўсе карэнныя Карначы. Калі ж яму траплялася незнарок і неспадзеўку сустрэцца з кім, дык ён, як звярок, уцякаў у свой усягдашні прытулак. Толькі з мацераю яму было добра, і ён яе не баяўся і не ўхіляўся. Але яна так мала магла ўдзяліць яму часу: перш з-за работы, а па-другое, што, як ён пачаў разумець ласку, на руках у яе з’явілася другое дзіця. Так прайшлі першыя дзіцячыя гады Тодара Базылёнка, гады, калі ён, раней як іншыя людзі, спазнаў варожасць, недавер да людзей, страх перад іх жорсткасцю. Дзед Сымон прывучыў яго і ўзгадаваў у ім гэтыя пачуцці з першых дзён яго жыцця.

Яшчэ толькі пятая вясна светлаю дзяўчынкаю прыйшла ў госці да Тодара, а яму ўжо не было часу займацца сваім госцем. На дзеда Сымона напаў нейкі прыпадак жаднасці. Вайна толькі развіналася, усё даражэла — хлеб і скаціна. Стары Карнач гайсаў па гарадах, па мястэчках, возячы на продаж цэлыя вазы хлеба. Усіх сваіх хатніх ён ганяў на работу з зары да зары, наймаў, хоць і здалёку, кабет і мужчын (праўда, хлапцоў) на работу да сябе і яшчэ выказваў сваё зневажанне да нямоцнае і непрацаздольнае Агаты.

Як толькі-толькі сышоў снег у тую вясну, перад Карначом устала звычайнае пытанне — аб пастуху. Пытаўся ён у аднаго, у другога: не лёгка стала знайсці нават хлапца-пастуха. Але раптам яму падаспела думка не шукаць на старане — Тодар можа быць пастушком. Увечары ён прачыніў дзверы ў чорную хату:

— Агата, зайдзі да мяне!

Агата аж сумелася ад неспадзеўку. Што яму трэба? Лаяць, мусіць, будзе за што-кольвечы. Але ж трэба ісці.

— Вось што,— сказаў Сымон, як Агата, уся зачырванеўшыся ад незвычайнасці, увайшла на чыстую палавіну,— даволі ўжо я вас пакарміў хлебам, пара і за адплату брацца. Нам трэба пастух, дык навошта наймаць, калі свой ёсць.

— Хто ж гэта ў нас свой пастух? — недаўменна запыталася Агата.

— Як, хто? А Тодар твой, байструк!

— Тодарка пастух? Ды яму ж толькі пяты гадок, татка.

— Пяты гадок... А колькі ж трэба гадкоў, ці не дваццаць?

— Пашкадуйце дзіця, татка! Праз два гады будзе і з яго пастух...

— Больш нам няма аб чым гаварыць. Я сказаў — і скончана справа.

Заўтра хлапец павінен быць у полі з каровамі і авечкамі.

Агата ведала, што спрачацца са старым Карначом не было ніякага сэнсу, дый не ёй было спрачацца. Моўчкі вярнулася яна ў свой прытулак, запаліла маленькую куравую газовачку і доўга за поўнач з жалем сядзела каля дзяцей, якія соладка спалі і не адчувалі тае пакуты, якая рвала сэрца іх мацеры. Газовачка чуць асвятляла цёмныя куткі хаты, прусакі шасталі па сценах, свярчок скрыпаў за печчу ды змарыўся, Агата ж усё сядзела і думала цяжкую думку.

На другі дзень, раніцою, Тодар быў у полі і вярнуўся са сваімі каровамі позна ўвечары. Хоць ён і знябыўся за цэлы дзень, але перад ім прайшло так шмат незвычайнага, што ён доўга не мог заснуць і ўсё пераказваў мацеры, што з ім было, што ён бачыў. Ужо сон налятаў на яго вочы, а ў вушах усё звінела песня жаваранка, якая ўрэзалася чамусьці асабліва яму ў памяць.

З таго дня Тодар кожную раніцу падымаўся да сонца. Так цёпла было ў пасцелі, так хацелася яшчэ паспаць, хоць адну хвілінку, а тут маці не дае — усё штурхае, каб ён уставаў. З торбачкаю за плячыма, у якой быў кусок хлеба, чорствага, сухога, ды бутэлька з саладухаю, Тодар выганяў сваіх кароў і авечак. На двары было холадна, зябка. Мокрая ад расы трава сцёбала па голых лытках, патрэсканых ад гразі і сонца. Балячкі размакалі і пачыналі шчымець аж да слёз.

Каровы і авечкі па дарозе залазілі ў збожжа, у сенажаць, разбягаліся і не слухалі свайго малога гаспадара. І боль у нагах, і холад, і злосць на непаслухмяных кароў накіпалі ў маленькім сэрцы, выклікалі на вочы слёзы. Але слёзы не пасаблялі, трэба было трываць. І Тодар трываў... Праходзіла гадзіна. З лесу выходзіла на неба сонца. Уся сенажаць паўз рэчку з машастова-срэбнае рабілася зялёна-алмазнаю з мільёнамі рознакаляровых агеньчыкаў. Па гэтым блішчастым дыване адна за другою разгортваліся жоўтыя зоркі малачаю, захаваныя ў сваю зялёную пялёнку нанач. Далікатны званок калыхаецца пад цяжарам пчалы, якая з зыкам села на яго і засоўвае сваю галоўку да самага дна кветкі. Там празвінеў камар, уцякаючы ў змрок лесу, цёмна-сіні хвойнік якога, як свечка, стаіць не калыхануўшыся.

Становіцца цяплей, сонца ўсё больш прыграе. Каровы і авечкі ўжо прагналі першы голад і часцей ды часцей адганяюць надаедных мух. Тодар заходзіць на ўскрай лесу і лажыцца на траву, тварам уверх. Дзесьці там, сярод сучча раздаецца шорах, нібы хто скрабе аб дзерава. Тодар углядаецца: вострыя вушкі і таўсцеразны хвост на спіне, а вочкі так і стрыгуць па баках. Раптам гэтая цудоўная жывёла швыдка, як птушка, апынулася на другім дзераве. Тодару не сцярпець, і ён ускоквае на ногі. Але толькі ён і бачыў гэтага жоўценькага звярка. Ну што ж за бяда! Вось тут жук празвінеў ды ляпнуўся аб пень, кепска справіўшыся з паваротам. Тодар да яго, садзіць яго сабе на сярмяжку і доўга разглядае яго вусы, лапы, крылы...

Бывалі і такія здарэнні сярод жыцця лесу, якія захаплялі Тодара сваёю незразумеласцю. Часта ён бачыў, як нейкая шэрая, досыць вялікая птушка, з крывым, як крук, дзюбам, узлятала наверх хваіны і пачынала разрываць невялічкую птушачку, якую трымала ў сваіх кіпцюрах. Праз некалькі хвілін толькі пёркі ў нізе дрэва сведчылі аб тым, што тут было. Тодар з невыразным болем пазіраў на гэтае з’явішча, кідаў уверх суччам, каб адагнаць злодзея, але гэта яму ні разу не здаралася зрабіць: крываносы чорт, як назваў гэту шэрую птушку Тодар, калі і ўцякаў, то нёс у сваіх кіпцюрах сваю ахвяру далей. Таксама траплялася бачыць Тодару, як блішчастая, праворная, доўгая, як бізун, гадзіна, з зялёнымі вачамі, хапала маленькую мышку і праз момант праглынала яе, а потым хавалася між карэнняў на баку раўка. Гэтыя здарэнні рабілі вялікі ўплыў на Тодара; ён задумваўся над пытаннем, чаму адно жывое так смяртэльна варожа да іншага, чаму мацнейшы можа губіць больш кволага. На гэтае запытанне ён не мог даць сабе здавальняючага адказу. Але само па сабе яму прыходзіла параўнанне гэтых з’явішч у лесе з людзьмі. Вось і дзед Сымон, больш моцны, здзекуецца над яго маткаю, над ім самым, над Тодарам. Дый і ўзапраўды, у дзеда Сымона таксама нос крукам, як у гэтае шэрае птушкі...

Цэлымі днямі, тыднямі, месяцамі заставаўся Тодар сам з сабою ды з дурнымі каровамі і авечкамі. Цэлыя дні ён вывучаў жыццё поля, сенажаці, лесу. Думкі яго складаліся без дапамогі людзей, ён сам шукаў адказ на ўсе цікавіўшыя яго з’явішчы, якія прыходзілася бачыць у розных абставінах. Часта засцігала яго далёка ў полі навальніца, і ён адзін стаяў пад маланкаю і дажджом. Яго маці вучыла, што трэба хрысціцца, калі блісне маланка, іначай гром заб’е. Тодар спачатку гэта выпаўняў, а потым раз яму прыйшла думка спробаваць не перахрысціцца. Спробаваў — і нічога! Для чаго ж яму маці раіла рабіць гэта? Тодар не стаў больш верыць гэтаму, і якая б страшная навальніца ні была, як бы маланка ні рэзала неба, ён не хрысціўся. У хуткім часе ён прывык да ўсяго: і да хараства лесу, і да песень птушак, і да рэчкі, і да грому; толькі ніколі ён не мог спакойна глядзець, як крываносы злодзей, чорт, ірваў на кавалкі злоўленую маленькую птушачку. Гэта з’явішча ўрэзалася яму ў памяць і заўсёды стаяла ў яго вачах. Як ён будзе вялікі, то купіць сабе такую стрэльбу, як у лесніка, і заб’е крываносага чорта...

Да позняе восені, штодзённа, адзін-адзінюткі жыў Тодар сярод палёў і лясоў. Ён так прывык да іх маўклівасці альбо да іх гоману, што яму чагось не хапала, калі ён выпадкова дзень-другі вымушаны быў не бачыцца з імі. Дома заставацца яму ўсё больш прыкрыла. Меншы сын Сымона Карнача, ужо зусім спазнаўшы сэнс і мэты жыцця ад свайго бацькі, глядзеў на Тодара, як на свайго будучага супольніка, з якім прыйдзецца дзяліць гаспадарку. Апошняе ж не пасавала яму: ён павінен сам валодаць двума бацькаўскімі валокамі зямлі. Але што ж рабіць з гэтым нелюдзімым Тодарам? Дзядзька не ведаў і заўсёды злаваўся на пляменніка яшчэ больш, як сам дзед Сымон. Тодар, вядома, не разумеў усіх прычын, якія выклікалі такую варожасць да яго з боку дзядзькі, і сваім дзяціным розумам рашаў, што і сярод людзей шмат ёсць «крываносых чарцей», якія па сваёй натуры не могуць быць іншымі. І Тодар яшчэ больш прогся да таго, каб больш быць у адсутнасці з дому, сярод свайго лесу, поля, дзе ён не спатыкаўся са сваімі хатнімі. Нават маткі свае ён ухіляўся; яна сваёю ціхасцю, пакорлівасцю перад старым Сымонам, не падабалася яму, толькі шкада было яе, як тую птушку ў кіпцюрах каршуна.

Ішлі месяцы, гады. Там, дзесьці на захадзе, стукатала, казалі, што ўсё ідзе бойка між людзьмі. Потым з’явіліся нейкія чужыя людзі, гаварыўшыя на незнаёмай мове. Яны забралі ў Сымона каня і двух кароў — і зноў стала ціха на хутары. Часта з вёсак заходзілі сяляне, паведамлялі аб сполашных рэчах, аб нейкіх паляках. Чутно было, як то там то сям бралі скаціну, то хлопцаў у жаўнеры. Але чамусьці на хутар ніхто ніколі з чужынцаў не заходзіў. Сымонаў другі сын забяспечна заставаўся дома і гатаваўся ўжо жаніцца. Стары Карнач калі-нікалі на нейкі час кудысьці ездзіў, вазіў нешта, але што — Тодар ніяк даведацца не мог, бо ўсё рабілася патаемна.

Недарма Карнач быў багаты: багатыя людзі — разумныя людзі і ўмеюць абрабляць свае справы! Ні вайна, ні рэвалюцыя, ні пазнейшыя часы не зачапілі Сымона Карнача. Яго моцны хутар стаяў паводаль ад вёсак, падобны на невялічкі фальварачак. Так стаіць ён і да гэтых часоў, і ніхто не чапае яго. Сымон Карнач разумны чалавек, што і казаць. Розум за ім прызнаюць усе сяляне акружных вёсак, якія толькі калі-нікалі дзівуюцца, як гэта можна так выкручвацца.

Тодару мінуў ужо дзесяты год, але ён выглядаў, як пятнаццацігадовы хлопец. Ужо шэсць год, як ён пасвіў скаціну Сымона Карнача. Але ніякае падзякі, ніякае змены ў адносінах не зрабілася. Тодар, як і ў малалецтве, жыў са сваёю мацераю асобна ад усяе сям’і. Агата мела выгляд ужо зусім старое кабеты, хоць ёй і было не больш, як трыццаць год. Дробныя зморшчынкі пакрывалі ўвесь яе твар, вочы патухлі. Тодару да болю было цяжка глядзець на яе, і ён моўчкі стараўся зрабіць за яе работу.

Тодар скончыў пасвіць скаціну. Ноччу выпаў снег і пакрыў белай коўдрай пажоўклую траву. Лес стаяў голы, сумны, толькі цёмна-сінія хваіны ды шырокія, як стагі, яліны сустрэлі зіму ва ўсім сваім уборы. Але і яны сумавалі аб мінулым леце, аб сонцы. Тодар па звычайцы блукаўся па лесе, але ён не даваў нічога цікавага. Каплі з дрэва, як слёзы ў людзей, толькі выклікалі пачуццё жаласці, ціхае пакорлівасці, скаргі без слоў. Гэты лес так напамінаў яму матку Агату! Дома слёзы, і тут яны. Нудна стала на сэрцы Тадору.

Увечары таго дня Тодар не знаходзіў сабе месца ад нуды. Маці прала пры свеце курнае газовачкі, верацяно яе раз-поразу гуло, бясконца аднаўляючы адзін і той самы пуць. Тодар падышоў да мацеры.

— Мама, я заўтра пайду ў школу,— і яго сінія, строгія вочы, як стрэлы, упіліся ў твар Агаты.

— Тодарка, у школу табе трэба было б даўно ўжо, але...

— Але што?

— Дзед Сымон не пусціць. Я ўжо летась з ім аб гэтым гаварыла, але нічога, як бачыш, не выйшла.

— Чаму ж ён не пускае? Ты, мама, папрасі яго яшчэ цяпер.

— Прасіць яго? Гэта будзе ўсё роўна, як гарох аб сцяну. Не, не варта яго прасіць.

— Мама, ты баішся яго, ты ва ўсім пакараешся яму! Папрасі яго, мама, мне ж хочацца павучыцца.

— Тодарка, калі мне жудасна пайсці да яго: ён ніколі на мяне не пазірае як на чалавека. Не, і не прасі больш, я не пайду да яго.

— Ну калі так, то я сам пайду!

— Не хадзі, не хадзі к яму — ён цябе абязвечыць. Не хадзі, ужо як-небудзь пражывеш і непісьменным.

— Не, я пайду, хоць што!

Тодар доўга не чакаў. Не паспела Агата і рот адкрыць, каб папрасіць яшчэ раз не ісці да дзеда, як Тодар быў за дзвярыма. Тое, што ён сам з’явіўся на чыстай «гаспадарскай» палавіне, надта здзівіла ўсіх. Тодар вытрымаў утупленыя на яго погляды родных і зразу, як сарваўшыся, звярнуўся да старога.

— Дзед, я заўтра ў школу пайду! — надарваным ад натугі, дзіцячым голасам праказаў ён.

Стары Сымон падняў голаў з ложка, турзануў сябе за кудлатую бараду і акінуў з галавы да ног свайго ўнука:

— Куды ты пойдзеш?

— У школу!

— Гэта яшчэ што за навіна? Ідзі прэч, у свой куток!

— Я пайду ў школу заўтра! — ужо высокім тонкім голасам пракрычаў Тодар.

— Ён пойдзе ў школу! Вучыцца сабак ганяць. Навошта табе школа. Байструком радзіўся, байструком і пражывеш — без школы.

— Лайце сабе, а я пайду!

Карнач ускочыў на ногі, рука яго гатова была схапіць хлопца за валасы.

Але злавіць Тодара яму не ўдалося.

— І прасіць не буду, пайду! — крыкнуў у дзвярах Тодар і ляпнуў імі так, што аж вокны зазвінелі.

— Каб табе зубы ляскалі, пачакай жа ты, адроддзе!

Сымон кінуўся даганяць унука, схапіўшы па дарозе чапялу. Тодара не было і на чорнай палавіне. Сымон вярнуўся ні з чым, спагнаўшы толькі свой гнеў на Агаце...

На другі дзень, як чуць пачынала развідняцца, Тодар цішком на печы абуўся, апрануўся і, як толькі маці выйшла за чымсьці з хаты, вышмыгнуў на двор. Пералезшы цераз плот, каб не скрыпець варотамі, ён пусціўся ў сяло, дзе была школа.

Позна ўвечары вярнуўся ён дадому. Агата, змучаная няведаннем аб ім, сустрэла яго, як уваскросшага. Радасць яе была толькі сапсавана думкаю аб тым, як цяпер быць са свёкрам. Але Тодар яе супакоіў.

— Дзед, я быў сёння ў школе і буду кожны дзень туды хадзіць,— прасунуўшы голаў у дзверы чыстае хаты, далажыў Тодар.

— Няхай цябе ліха аходзіць! — пачуў ён адказ — і больш нічога.

Тодар пачаў вучыцца і выйшаў сам з рук дзеда Сымона.

 

ІІ

 

Сымон Карнач пільна прытрымліваўся ўсіх старасветных устаноў і звычаяў у адносінах да сям’і і ўсяго ўкладу жыцця. Па яго погляду ў сям’і не магло быць іншых поглядаў, як у яго самога, ніхто не мог нічога рабіць паміма яго волі і загаду. Вядома, што і ў справах рэлігійнага зместу ў Карнача панавалі тыя погляды і паразуменні, якія былі ўтлумачаны стагоддзямі. Адступіцца ад іх для Сымона было немагчымым: ён застаўся б зусім без пакіравання, калі б у адзін дзень страціў гэтыя паразуменні і пачуцці. Праўда, шмат было процілеглага ў гэтых паразуменнях, але разбірацца ў іх не можна — грэх, па думцы Сымона. Ды ён і не заходзіў ніколі ў разгляд сваіх паразуменняў: так было, значыць, так трэба. Вось і ўвесь светапогляд. Гэты светапогляд існаваў не толькі ў самога Сымона, але быў убіты ў голаў і ўсім астатнім з сям’і.

Асабліва ўпарта Сымон пільнаваў усе звычаі, дзе яму належала роля старэйшага, быццам юрыдычнага прадстаўніка сям’і не толькі перад людзьмі, у справах зямных, але і ў нябесных. Сярод гэтых звычаяў самае выдатнае месца займала спраўленне «дзядоў». «Дзяды» — гэта вечар, калі ўспамінаюць усіх памёршых продкаў з сям’і, і вось таму роля старэйшага з жывых так яскрава тут падкрэслена звычаем. Сымон Карнач спраўляў усе «дзяды», колькі б іх не было ў годзе, спраўляў з захаваннем усіх драбніц рытуалу.

Звычайна «дзяды» ў Карнача праходзілі так. З раніцы ў гэты дзень кабеты гатавалі перапечкі трох сартоў і дзевяць розных страў, між якімі галоўнымі былі — капуста, квашаніна і яечня. Да вечара ўсё павінна быць гатова. Як толькі падаў змрок, уся сям’я збіралася на чыстай палавіне, і стары Сымон уступаў у свае правы патрыярха. Ён станавіўся пасярод хаты і моцным голасам пачынаў гаварыць пацеры; уся сям’я павінна была стаяць і цішком пераказваць усё, што гаварыў стары. Жонка Сымона к пачатку пацераў закладала ў пячурку сухое зелле, пасвенчанае на Яна Купалу. Дым разыходзіўся па хаце, прыдаючы нейкую таемнасць усёй маўклівай сям’і і запаленым перад абразамі грамнічным свечкам. Пацеры былі доўгія,— тут усё мяшалася: і праваслаўе, і каталіцтва, і нават нейкія паганскія заклінанні, якія толькі і ўжываюцца ў гэтым выпадку. Сымон скончвае свае модлы доўгім пералічэннем усіх памершых, а ў канцы зацягвае гнусавым голасам нейкі пахавальны гімн. Потым усе садзіліся за стол, апрача старое гаспадыні — жонкі Сымона, якая павінна была падаваць па строгаму парадку адну за другой страву. Даручыць гэтую справу малодшым нельга было па самой установе, а таксама трэба было пільнаваць, каб не парушыць чыннасці. Садзіліся за стол не абы-як, але па старшынству: на покуці, пад абразамі — сам Сымон, потым яго сын, далей Тодар, а потым ужо садзіліся кабеты таксама па ўзросту. Звычай патрабаваў садзіцца не проста на лаве, але на кажухах, вывернутых шэрсцю ўверх. Перад пачаткам вячэры неабходна трэба было выпіць гарэлкі і пачаставаць пакойнікаў. Стары Сымон наліваў кілішак дапоўна і тры разы выплёскваў на настольнік, клічучы ўпакойнікаў на вячэру. Сама вячэра цягнулася доўга: кожную страву раздаваў усім стары і ніхто не павінен быў пачынаць новую яду ўперад за самога Сымона. Пасля вячэры зноў пацеры з цяжарам у жываце ад дзевяці страў.

Так было заўсёды, так было на кожныя «дзяды». Так было ці павінна было быць і на гэты раз.

Але з самага пачатку ў гэтыя «дзяды» ўсё пайшло няладна. З раніцы ўжо змінтрэжыўся настрой. Малодшая нявестка, жонка меншага сына Сымона, аблаяла Агату, якая павінна была па-старшынству дапамагаць свякрусе. Аблаяла, бо лічыла сябе значнейшаю ў сям’і. Сымон не рассудзіў іх, бо сам парушыў звычай, стаўшы на бок малодшае нявесткі. Агата захавалася ад сораму і пагарды на цэлы дзень, і ледзьве ўпрасілі яе прыйсці на вячэру. Тодар таксама цэлы дзень не паказваўся дома, нібы знарок не хацеў прыходзіць са школы. Ужо даўно сцямнела, а нельга было пачынаць дзедаваць, бо не было ўсяе сям’і. Гэта толькі адзін выпадак, калі лічылі Тодара за чалавека і чакалі яго на чыстай палавіне. Такі ўжо быў звычай, і Сымон павінен быў выпаўняць яго, хоць лаяў у сэрцы ўнука самымі бруднымі словамі.

Тодар прыйшоў дадому па-вясковаму надта позна і зразу — у свой куток. Маці пайшла да яго сказаць, што яго чакаюць на «дзяды». Тодар рашуча адмовіўся і сказаў, што ён павячэрае адзін, як заўсёды.

— Не дражні ты старога, ён і так, як воўк, сёння.

— Я нікога не дражню,— адказаў Тодар і пачаў разглядаць малюнкі ў прынесенай новай кніжцы.

— Тодарка, ну пойдзем! Дзед не толькі на цябе, але і на мяне яшчэ горш асердзіцца. Пойдзем!

Тодар пашкадаваў маці. Як ваўчок, з віхрастымі валасамі і бліскучымі вачамі пайшоў ён следам за мацераю на чыстую палавіну.

Дзед Сымон вострымі, як вуголлі, вачамі сустрэў Тодара, губы яго ўздрыгвалі ад злосці і патрэбы аблаяць. Але разуменне ўрачыстасці стрымала яго, і ён, крыху супакоіўшыся, выйшаў на сярэдзіну хаты, каб заняць сваё месца патрыярха. Усе сталі па сваіх месцах, прыняўшы пакорна-смірэнныя позы. Ужо пачаліся першыя словы пацераў, ужо ўсе захрысціліся... але раптам звярнуліся ў бок Тодара, прыпыніўшы пачатыя модлы і спалохаўшыся і свае і дзіцячае смеласці. Тодар сядзеў на ложку і ківаў нагамі, не дасягаўшымі падлогі.

— Тодарка, што ты робіш? — шэптам, сполашна, нагнуўшыся к яму, запыталася Агата.

— Нічога! — са смехам у вачах і моцным голасам адказаў Тодар.

— Станавіся пацеры гаварыць, адшчапенец! — хрыпла крыкнуў Сымон.

Замест адказу Тодар, як куля, саскочыў з ложка і — за дзверы. Уся сям’я замітусілася, спалохаўшыся такога парушэння свята. Кабеты заахалі, запрычыталі, стары Сымон сышоў з свайго месца, сударажна сціскаючы кулакі.

— Трэба было б паказаць яму парадак! З намі божая моц, што ж гэта будзе? — стагнала жонка Сымона — старая Прануля.

— Не варта свята псаваць з-за гэтае брыды,— адказаў пасля доўгага раздумення дзед Сымон.— Вырасціла халеру! — кінуў ён у бок Агаты, бліснуўшы насупленымі вачамі.

Агата зусім страціла ўвесь розум. Яна недаўменна аглядала ўсіх, пазірала на ложак, дзе сядзеў некалькі хвілін таму назад Тодар і не магла зразумець, як гэта ўсё зрабілася. Адчуўшы на сабе злосны позірк свёкра і яго гнеўныя словы, Агата, як прыбітая, самлеўшая, стаяла, чакаючы чагосьці страшэннага, як гром з неба. Яна чакала кары і ад старога Сымона, ад яго кулакоў, і ад вышэйшае сілы. Але першы ўздым буры прайшоў.

— Давайце і без гэтага гада справім вячэру,— прапанаваў дзед Сымон.

Усе зноў разышліся па сваіх месцах і пачалі пацеры. Агата не чула, што казаў Сымон, якія модлы ён гаварыў; яна толькі сама сабе шаптала нейкія словы, якіх і сама добра не разумела. Потым забылася аб усім і задумалася над будучыняю сына, над здарэннем з ім. Стары Сымон некалькі разоў кідаў на яе позіркі, нездавольны тым, што яна не моліцца. О, у яго было надта вялікае захапленне сваімі модламі: ён без канца гаварыў і сачыў у той самы час за ўсімі, як яны моляцца ці гавораць пацеры.

Як толькі скончылася бубненне Сымонавага голасу, Агата быццам ачнулася ад доўгага сну. У яе з’явілася вялікае жаданне даведацца аб тым, што робіцца з хлопцам. Нясмела, косячыся на свёкра, яна выйшла ў сенцы.

Тодар сядзеў за сталом і надта ўважліва чытаў упочуткі нейкую кніжку, запыняючыся падоўгу над малюнкамі. Агата падышла блізка-блізка да яго, хацела аб шмат чым запытацца, але неяк не па сабе ёй было перад сынам — нібы яна баялася яго.

— Тодарка, чаму ты так зрабіў? — асцярожна запыталася яна ў хлопца.

Тодар падняў голаў ад кніжкі, спакойна паглядзеў на маці.

— Так сабе! — адказаў ён.

— Ці ж можна гэта рабіць так сабе, ці ж можна жартаваць з богам? — з жалем у голасе прабавала дапытвацца Агата.

— Дзед Сымон жартуе, а мне дык нельга! — жорстка адказаў Тодар.

— Як жартуе, што ты кажаш?

— А так і жартуе! Ён усіх ашуквае, здзекуецца над усімі — перш за ўсё над табою, мама, а потым лезе куды-та са сваімі пацерамі. Гэта — ашуканства, жарты.

Агата была здзіўлена такою думкаю, бо яна была для яе зусім новаю, нечаканаю. У ёй было так шмат праўды, што Агаце нельга было што адказаць проціў сына.

— Можа, яно і так, але ж нельга рабіць яшчэ больш варожым дзеда,— спрабавала яна схіліць хлопца.

— Мама, ён жа над табою ўвесь час здзекуецца, ты яго заўсёды слухаеш, ніколі слова не скажаш яму наперакор, але ці ж ён стаў лепшым да цябе?

— Што ж рабіць, сынку, калі яго натура ўжо такая.

Тодар змоўк і прыняўся зноў за сваю кніжку, якую толькі яго вострыя вочы і маглі чытаць пры такой газовачцы, Агата замешкалася каля ложка, гатуючы пасцель. Стукнулі дзверы.

— Агата, ідзі хутчэй вячэраць, дый ты, ашаметак, не сядзі тут, а ідзі да ўсіх,— сказала старая, уваходзячы да іх.

Агата заспяшалася.

— Пойдзем, Тодарка! — нібы шукаючы ў ім падмогі, папрасіла яна.

— Пойдзем, я не баюся яго!

Старая Карначыха затрасла сваёю сіваю галавою: цуда на яе вачах рабілася.

Тодар залез за стол і сеў на свой кажух. Уся сям’я не знаходзіла гутаркі, ад Тодара ўсе адварочвалі твары. Старая Карначыха моўчкі падала першую страву. На стале з’явілася пуклая бутэлька з самадзельнаю гарэлкаю. Сымон наліў чарку і тры разы паліў з яе на стол. Запахла падпаленым спірытусам. Тодар пакрывіўся ў бок дзеда і чуць прыкметна ўсміхнуўся.

— Дзед, адкуль ты ўзяў гарэлку? — нечакана запытаўся ён.

Стары Сымон вытарашчыў вочы і лупаў імі, як дурны. Пытанне было, здаецца, такім простым, звычайным, а тут — на табе. І сказаць няма чаго.

— А табе што за дзела? — праз некалькі хвілін ён здагадаўся адказаць.

— Ды я так... Вось Пятруся Галімонавага ўчора злавілі ў лесе — гнаў гарэлку.

— Надта шмат ты ведаеш, глядзі, каб не набрахаў сабе на хвост,— упікнула Тодара старая.

— Чаму гэта так нядобра ловяць? Адных бяруць, а іншым — нічога,— не зварочваючыся ні да кога, запытаўся хлапец.

— Бяруць дурняў, а разумныя людзі не трапляюцца нават і самой міліцыі,— прамовіў за Карнача старога яго разумны сын.

— А навошта ты, дзеду, гарэлку на стол выліў? Ці ж табе не шкада яе?

Дзед Сымон падазрона паглядзеў на Тодара, але парашыў, што трэба растлумачыць яму — навучыць яго звычаю святому. Ён сказаў, што душы ўпакойнікаў на «дзяды» прыходзяць у сваю гасподу і было б дрэнна не пачаставаць іх.

— І гэтыя душы п’юць гарэлку? А чаму ж яна вось на настольніку?

Стары Карнач замяўся з адказам. Дый што адказаць: ён сам ніколі не пытаўся аб гэтым у сябе. Рабілі так усе, казалі, што душы прыходзяць, значыць, так яно і павінна быць. А як гэта робіцца, як п’юць упакойнікі гарэлку — адкуль яму ведаць. Дзед маўчаў.

— Дык п’юць? — прыліп як смала Тодар.

— Вядома — п’юць,— сказала старая Карначыха.

— Хлусня ўсё гэта, плёткі! — раптам выпаліў Тодар і пацягнуўся першым за кавалкам мяса. Але ён і не данёс мяса да рота.

— Хлусня! Плёткі! Уперад за старога лезеш! — загрымеў голас дзеда, як сарваўшыся з вяроўкі цэбар у калодзеж, і лыжка бацнула з размаху па руцэ Тодара.

— Вон пайшоў! Каб твайго духу тут не было, гунсват!

Тодар сціснуў балючую руку, закусіў губы ад болю і пагарды. У яго гатовы былі паліцца слёзы, але ён напружаннем стрымаў іх. Праз міг ён быў ужо сярод хаты. Яго вочы засвяціліся вугольчыкамі, валасы яшчэ стромей узняліся на галаве.

— Ты біць мяне не смееш! Над маткаю ты здзекуешся, цяпер да мяне дабіраешся! Дык не — рукі кароткія. Я табе не падарую гэтага! Пачакай!

Тодар выскачыў з чыстае хаты. Стары Карнач атарапеў ад таго, што ён пачуў. У яго мазгу не ўкладалася думка, каб мог такі блазан сказаць яму пагрозу, яму — старому, паважанаму ўсімі Карначу. І хто пагражае? Гэты байструк, брыда, пастушок! Дзед Карнач забыўся аб вячэры, аб «дзядах», аб урачыстасці. Яго сэрца ўсё ўскалыхалася ад гневу. Ён выйшаў з-за стала, шукаючы чагось вачамі, налітымі кроўю.

— Куды ты, Сымон? — са сполахам запыталася старая.— Трэба ж вячэру пачэсна скончыць.

Сымон апомніўся і сеў зноў на сваё месца. Вячэра цягнулася нудна, без ніводнага слова. Агата нічога не ела і раз-поразу са страхам паглядала на свёкра. Што будзе далей? — засела ў яе галаве пытанне, якое развязаць ёй нельга было...

З гэтага вечара для Агаты і Тодара пачаліся яшчэ горшыя часы. Калі дагэтуль стары Карнач дрэнна абыходзіўся з Агатаю, то гэта суцэльна залежала ад старога парушэння яго жаданняў, яго волі старэйшага. Яго нялюбасць да Тодара мела тую самую крыніцу. Цяпер жа яго варожасць завастрылася новым матывам. Хоць гэта, можа, было і крыху смешна, але стары Сымон пачаў баяцца свайго ўнука. Ён пачаў часта думаць аб ім. Ганяў ён ад сябе гэтыя думкі, лічачы, што не варта ламаць сабе голаў над такім глупствам, але выгнаць думкі не мог. Чым больш віліся яны, тым часцей Сымон лавіў сябе на здагадцы, што ён усё ж баіцца «байструка». Гэта яшчэ больш абазляла яго, і ён непакоіўся ўжо аб тым, што гэты адродак жыве з ім пад адным дахам. «Ліха яго ведае, што ён можа зрабіць, гэты Тодар! Можа хату падпаліць альбо гумно, мала што ўтаўчэцца яму ў голаў. Калі ўжо ён не гаворыць пацераў, бога не прызнае, дык чаго ж чакаць ад яго добрага? Не, трэба звольніцца ад яго, прагнаць к чорту, няхай ідзе, куды хоча»,— думаў Сымон. «А суд? — прамільгнула ў яго галаве.— Ну што ж суд! Бачылі мы і суды і начальства — усе людзі, зладзіцца можна». І засела цвёрдая думка ў Сымона прагнаць унука. Чакаць здарэння яму прыйшлося нядоўга.

Тодар ужо некалькі дзён хадзіў сам не свой. Увечары ён ужо не садзіўся за кніжку, раніцою не рупіўся, як некалі, у школу. Вочы яго страцілі свой бляск і жыццёвы задор. Нават віхорчык на галаве нібы знік набок. Агата перш думала, што здарэнне на «дзядах» так збянтэжыла яе сына, але потым даведалася, што не гэта непакоіць Тодара. А што з ім, ці ён хворы, ці яшчэ якая бяда — Агаце трудна было ад яго выведаць. Праз некалькі дзён пасля ўшчынку такога настрою Тодар зусім не пайшоў у школу, а цэлы дзень бадзяўся па лесе, нават палуднаваць не пайшоў дадому. Агата перапалохалася за яго і пабегла шукаць. Доўга яна шнырыла па бары, і, каб не свежыя сляды на снезе, то была б дарэмна яе турбацыя. Тодар сядзеў на пні, тварам у бок ад падыходзіўшай мацеры.

Агата цішком падышла зусім блізка. Тодар плакаў. Слёзы, як арабіны, падалі на снег, робячы ў ім кругленькія дзірачкі. Агата стала як укопаная: даўно ўжо не бачыла яна, каб плакаў Тодар, хоць ён і блазан.

— Тодарка!

Як хто падкінуў яго ўверх. Слёзы раптам прыпыніліся.

— Тодарка, чаго ты тут сядзіш?

— Так сабе,— непрыемна адказаў Тодар, адчуваючы стыд за свае слёзы.

— Чаму ж ты мне не скажаш, сыночак, што з табою, што ў цябе за гора? Пашкадуй жа ты мяне, не шляйся ты па гэтым лесе. Пойдзем дамоў!

— Мне няма чаго ісці туды!

— Ну што з табою зрабілася?

Замест адказу Тодар сам запытаўся:

— Скажы, мама, якія людзі завуцца чэснымі?

— Чэснымі? Чаму ж ты аб гэтым пытаешся? Чэснымі... чэснымі завуцца тыя, хто не ашуквае, не крадзе, не крыўдзіць іншага, не хлусіць...

— А багаты чалавек можа быць чэсным?

— Ах, сынок, ніколі багацце не збіраецца без ашуканства, без крыўды, папраўдзе.

— Дык мы ўсе, Карначы, не можам звацца чэснымі?

— Ды што ты, сынок, забраў сабе ў голаў? Навошта табе гэта ведаць? Няма чаго пытацца ў мяне, сам некалі спазнаеш.

— Я ўжо спазнаў!

Слёзы зноў навярнуліся на вачах Тодара. Ён адвярнуўся ад мацеры і рукавом выціраў свой твар. Снег залазіў яму ў кепска абуты лапаць пад анучу аж да самае нагі, але ён нібы не адчуваў холаду. Твар яго гарэў як ад агню і выдзяляўся, як макавая кветка, на роўнай белай коўдры снегу. Навокал стаяла такая ціша, што чуваць было, як падала іголка хваіны, як стукала сэрца ў грудзях. Голас чалавечы здаваўся такім незвычайна моцным, што яго можна было чуць, можа, за некалькі вёрст. Мімавольна зніжаючы голас, як бы з баязні, што хто падслухае, а можа, пачуе і здалёку, Тодар, прыхіліўшыся да мацеры, паведаміў :

— Ведаеш, мама, я шмат чаго спазнаў у школе. Тое, што я сам бачыў, але не разумеў чаго, стала цяпер для мяне ясным. Я спазнаў, чаму каршун задзірае малую птушку, чаму гадзіна ловіць мыш, чаму моцны здзекуецца над кволым. Я да ўсяго да гэтага даведаўся. І мне стала надта нядобра ад таго, што мы, наш дзед, такія багатыя, а ёсць на вёсцы сяляне, якія жывуць з дзесяціны зямлі. Але пакуль што гэта я адчуваў толькі сам, сам даведаўся гэтага, сам пабудаваў свае думкі.

— Не так даўно, тыдні са два таму назад, у нас у школе пачаў закладацца піянерскі атрад. Траха не ўсіх запісалі ў яго, а... а... мяне... не ўнеслі ў спіс. Кажуць: «Ты не можаш быць чэсным піянерам». Чаму я не магу быць чэсным, чаму? Твой дзед і ты, уся твая сям’я валодае двума валокамі. Ты багаты, ты ашуканствам трымаеш столькі зямлі. Дык ці ж я ёю валодаю, мама, ці валодаеш ёю ты? Навошта ж на мяне, на нас з табою ад людзей нянавісць, завошта мяне дзеці-школьнікі не любяць. Чаму мяне выключылі са спісу? Чаму ўсё гэта?

Агата стаяла побач з сынам, бачыла ўсё яго гора, пагарду ад людзей, якое ён не заслужыў. Але ж чым памагчы хлопцу, як сцішыць яго боль — яна не ведала сродкаў. Маўчала. Яна бачыла, што сын ужо перарос яе, што ён больш за яе гаруе ад тых абставін, у якія ўціснула яго жыццё, што ён толькі з болем, з мукаю можа траціць ці дазволіць знішчаць сваю асабістасць. Гэта яна, вядома, не розумам даходзіла да гэтага, але пачуццём сваім спазнавала. Адчувала і, бязвольная, нямоцная, як прыгнечаная снегам арэшына побач з ёю, маўчала, пакуль пабочная сіла скіне з яе цяжар запытання. Тодар ужо зноў стрымаў сябе і зрабіўся зразу сярдзіты ад таго, што паведаміў аб сваім горы і не атрымаў ні дапамогі, ні парады.

— Ты дарэмна шукала мяне, мама! Я і сам прыйшоў бы дадому, нікуды б я не дзеўся.

— Ах, Тодарка! Мне так страшна было, што ты згінеш. Пойдзем дадому!

— Не, ты ідзі сабе, а я прыйду, як прыцямнее.

Доўга ўгаварвала Агата Тодара ісці разам, але ён настаяў на сваім. Ужо пачынаўся кароткі зімовы вечар. Дзень так хутка перайшоў у ноч, што Тодар ледзьве пазнаў месца, дзе ён сядзеў — так ноч змяніла ўсё вакол. Махнатыя яліны, быццам спалохаўшыся цемры, прысунуліся бліжэй адна да другое. На бліжэйшай прагаліне, дзе стаялі маладзенькія хваінкі, здаецца, з’явіліся падсвечнікі, утыканыя белымі свечкамі. Уверсе, між сучча, пачуўся і змёр нейкі трывожны шолах. Хмарнае неба спусцілася зусім нізка і павісла на вяршынні хваін. Там пад стогам яліны, у цемры, прытуліліся сполахі: яны то выглядаюць з-за пня, то зноў хаваюцца. Але Тодар іх не баіцца. Тут яму добра, няма людзей, ніхто не спаганіць, ніхто не паздзекуецца...

Праз гадзіны дзве пасля мацеры прыйшоў Тодар дадому. На чорнай палавіне ён застаў дзеда, які моцна лаяў Агату, што яна недзе бадзялася і не справіла нейкае там работы.

Як толькі Тодар рыпнуў дзвярыма і ўваўшоў у хату, стары Сымон, сам не ведаючы чаму, асекся. Тодар залез у куток на палу і ўставіўся сваімі вачамі, як спонк, у дзеда.

— Чаму ты лаешся заўсёды? — запытаўся ён у старога.

— А ты маеш права пытацца ў мяне? — запытаў у свой чарод Сымон.

— Маю... Чаму ж ты так любіш багацце, што ўсіх нас морыш бясконца працаю?

— Ты яшчэ зялёны ведаць гэта!

— Не, я ўжо ведаю — ты каршун.

— Да што ты, гад ты гэтакі, узяў сабе ў голаў! Дзе ж гэта было, каб такая брыда лезла ў вочы?!

— Я не брыда, а ты — каршун!

Сымон пазелянеў увесь ад злосці і пагарды. Ён схапіў у качарэжніку чапялу і кінуўся за Тодарам. Агата павісла ў яго на руках, не даючы яму размахнуцца. Сымон круціў чапялу ў паветры.

— Пусці яго, мама! Ты думаеш, што я цябе баюся! На!

Як кошка, саскочыў Тодар з пола і стаяў пад самым носам у дзеда. Яго вочы-вугольчыкі, здавалася, наскрозь праймалі грузкае цела яго ворага. Сымон бязвольна апусціў руку з чапялою, якая выпала на зямлю.

— Я цябе не баюся. Ты — каршун! Ты саслаў свайго брата на катаргу, ты адкупіў сына ад вайны, ты гандлюеш гарэлкаю! Пачакай, я табе спаганю матчыны слёзы і ўсю пакуту!

Перад Сымонам стаяў не блазан, не «байстручок» — перад ім быў абазлёны воўк, які вось-вось сам кінецца на яго. Сымон страціў увесь свой імпэт, усю веру ў сваю магутнасць над людзьмі. Гэты малы хлапец адабраў у яго ўсе сілы. Рукі ў яго трасліся, ва ўсім целе была страшэнная слабасць, у вушах звінеў, рэзаў голас, калоў шылам. Агата, блядая, як палатно, стаяла ў парозе і не магла шавяльнуць ні адным пальцам. З чыстае палавіны на крык прыбегла старая з другою нявесткаю і зразу запыніліся ў дзвярах, угледзеўшы ўсё, што чаўплося.

— Ну дык што ж ты не б’еш? Не пасмееш, нябось! На табе чапялу, я падам!

І Тодар сам пачаў соваць дзеду ў рукі чапялу. Той стаяў, як астаўбянелы.

— Наце, біце нас! — кінуўся Тодар да бабы і цёткі.

Яны, як шалёнага, спалохаліся яго і шмыгнулі за дзверы ў сенцы.

Сымон усё стаяў і трос рукамі і галавою, не могучы вымавіць слова.

Тодар падышоў да ложка, апрануў свой кажушок, знайшоў недзе над лаваю шапку з вырванаю з аднаго боку бавоўнаю, забраў з скрынкі кніжкі, палажыў у торбачку акрайчык хлеба — і сярод ночы выйшаў у поле. Усё гэта рабілася так хутка, так незвычайна, што Агата не магла зразумець, што адбылося. Нават як Тодар праходзіў міма яе, яна не кранулася з месца. Потым яна кінулася на двор, але ў які бок здаганяць хлопца — невядома. Сымон жа Карнач усё стаяў пасярод хаты, нічога не бачыў і трос сіваю галавою; губы яго варушыліся без слоў.

— Прэч, прэч, а то зарэжу! — пачула Агата, вярнуўшыся ў хату.

Яна з усцішшам схапіла сонную сваю дзяўчынку і кінулася з ёю ў лазню, дзе правяла не адзін дзень і ноч.

 

III

 

Смолкаўскі раённы Выканаўчы Камітэт знайшоў сабе прытулак не дзе-небудзь у вёсцы альбо мястэчку, а паводдаль, у быўшым маёнтку. Тут згуртаваліся розныя ўстановы, але галоўным гаспадаром над усім быў саўгас. Быўшы панскі дом займаў сам Камітэт. Вялізарныя пакоі, з пазаклейванымі папераю шыбамі ў вокнах і папсаванаю паркетнаю падлогаю, выглядалі зусім пустымі, бо траха што не відаць было ніякае мэблі: дзе-нідзе сіратою ў кутку стаяла шафа з пакрыўленымі дзверцамі альбо невялічкі хваёвы стол, зашмуглены чарніламі. У самым лепшым пакоі змяшчаўся кабінет старшыні. Калі вы заходзіце ў гэты «габінэт», то перш за ўсё вам кідаецца ў вочы вялізарны камін, абложаны зялёным мармурам. На бела-шэрым фоне сцяны гэты камін, са сваім вусцем, рабіў уражанне раскрытага рота нейкага фантастычнага чудзішча. Далей, каля другое сцяны, пад наклеенаю паперачкаю з надпісам: «Председатель РНК» расцягнулася, быццам уліпшы ў падлогу, доўгая канапа з вытырклымі праз зрэбіну спрунжынамі — толькі махорчыкі ружовага колеру сведчылі, што некалі была на ёй абіўка. Перад гэтаю канапаю стаяў стол, які можна назваць «пісьмовым» толькі таму, што ён густа заліты чарніламі. Больш у гэтым кабінеце нічога не было.

Быў душны адвячорак у чэрвені. Увесь дом Выканкома быў ужо пустым, і мухі, узгадаваныя ў саўгасным хляве, маглі тут вольна адпачыць ад гарачыні дня. Некаторым з іх наскучыла таўчыся без толку ў пустых пакоях, і яны заняліся інтэлігентнымі справамі — чарнільніца старшыні была адчынена для іх. Другім спадабаліся больш простыя заняткі: на канапе спаў стораж Антось, раскрыты рот якога так прыцягваў сваёй таемнасцю. Што там робіцца, мухам трэба ведаць, можа, скарыстаць прыйдзецца. Раз-поразу яны залазілі туды, але ненадоўга, нават не паспявалі зрабіць належныя доследы, бо рот пачынаў чаўкаць і можна было з-за цікавасці застацца без крыл, ножак альбо і галавы. Але зайздрасць брала сваё: вылецеўшы ад сполаху за сваё жыццё, найбольш упартыя зноў лезлі туды. Антось варочаўся, хапаў у паветры рукамі, лаяўся скрозь сон, але мухі не маглі пакінуць такі прыемны для іх занятак.

Вось да зыку мух прымяшаўся яшчэ гук іншы: у сумежным пакоі на падлозе раздаліся чыесьці крокі, якія зліваліся са скрыпам разышоўшагася паркету. Скрып быў нясмелы, асцярожны: то прыпыняўся, то зноў пачынаўся тады, як крокі аддаляліся ад дзвярэй. Антось, крыху ачнуўшыся і выгнаўшы ў дваццаты раз мух з свайго рота, прыслухаўся.

— А, на іх ліха, на гэтых свіней! У канцылярыю нават зайшлі... Аюсь, каб вы падохлі!

Выканаўшы свой абавязак, Антось перавярнуўся на другі бок, накрыў лістом «Известий» твар і соладка захроп. Але яму не прыйшлося доўга спаць: крокі і скрып раздаліся ўжо ў самім кабінеце. Антось павярнуўся, вылаяўся, абадраўшы руку аб спрунжыну, і падняў голаў. Перад ім стаяў босы, худы, абарваны, з чырвонаю стужачкаю на шыі хлопчык.

— Што табе тут трэба? Прыйшоў чарнільніцы красці?

Хлопчык спалохаўся і падаўся назад. Але гэта было толькі хвіліну, ён падняў апушчаную ўніз голаў, і ў яго вачах засвяцілася рашучасць, асабліва як ён прачытаў над канапаю словы «Председатель РПК».

— Гэта вы будзеце старшыня? — яшчэ не зусім смела запытаўся хлопчык.

Антось ужо сядзеў на канапе. Ён агледзеў хлопчыка і рашыў, што ў такога блазна не можа быць важных спраў.

— А што табе трэба? — запытаўся ён, не адказаўшы на запытанне яму.

— Я прыйшоў праўды шукаць,— ужо рашуча сказаў хлопчык, і ў яго вачах бліснулі вугольчыкі.

— Цябе пакрыўдзілі? — дапытваўся Антось.

— Не, не толькі мяне. Я хачу праўды ад усіх.

— А скуль жа ты?

— У мяне дому няма.

— Значыць, ты самашляюшчы?

— Я не самашляюшчы, я піянер.

— Як ты сказаў — пі...пінер? Гэта што яшчэ за ліха?

Хлопчык здзіўлена пазіраў на «председателя»: няўжо ж ён не ведае, што такое піянер. Антось скоса разглядаў свайго кліента.

— Вось што,— сказаў Антось,— уцякай ты пахутчэй, пакуль я табе вушэй не выдраў... пінер яшчэ нейкі!

Хлопчык зачырванеў але да вушэй. Рука яго сударажна церабіла зрэбную торбачку, вісеўшую ў яго на шыі на матузку. Вочы яго, як стрэлы, упіліся ў твар «председателя» і, здавалася, пранізвалі яго наскрозь.

— Таварыш старшыня, таварыш...

Антось самадавольна асклабіўся, а потым напусціў на сябе ўжо зусім сярдзіты выгляд.

— Таварыш старшыня! Я ж прыйшоў да вас шукаць праўды супраць свайго дзеда.

— А ты ж кажаш, што ў цябе дому няма?!

— Я ўцёк з дому. Мой дзед, Сымон Карнач, здзекаваўся нада мною і маёю мацераю.

— Твой дзед Сымон Карнач? Гэта з хутара пад Рудняю?

— А ці ж вы яго ведаеце?

— Ведаю! Хто яго не ведае. Кожны сабака на сто вёрст вакол ведае яго.

— Дык вы, можа, ведаеце, што ў яго дзве валокі зямлі?

— І гэта ведаю.

— Калі вы ведаеце гэта, дык чаму ж не адбераце ў яго зямлі і не аддасце тым, у каго яе зусім няма?

Антось з цікавасцю агледзеў яшчэ раз хлопчыка. Яму дзіўна было, што такое малое разумее ў такіх справах.

— Твой дзед надта добры чалавек, таму і зямлю яму ўсю пакінулі.

— Дзед Сымон добры чалавек? Ды ён жа маю маму б’е, ён ашуквае ўсіх, ён гарэлку гоніць, ён... ён свайго брата пад суд падвёў. Які ж ён добры чалавек?

— З начальствам ён добра жыве, вось што.

Хлопчык атарапеў. Увесь яго пэнт прапаў, вугольчыкі ў вачах патухлі. Некалькі разоў ён падымаў апушчаную голаў, узглядаў з нудою на «председателя», але не мог выціснуць з сябе ніводнага слова. «Председатель» ужо забыўся аб сваёй ролі, спусціўся да звычайнага чалавека, да Антося, і пачаў пазяхаць. Карабатая канапа так падманьвала яго да сябе, што ён не доўга чакаў зноў выцягнуцца на ёй.

— Ну, ідзі сабе, хлопча,— сказаў Антось, пазяхаючы.— Твая справа нічога не варта, дый не табе яшчэ совацца ў такія рэчы. Ох-хо-хо! Хо! Якія цяпер дзеці, скажы ты на міласць. Прыйшоў на дзеда скардзіцца! Але на каго — на самога Сымона Карнача! Ха-ха-ха! Ён, брат, за саветы гарою стаіць, а ты — зямлю адабраць у яго. Ого-го! Ну, ідзі сабе, да кінь усё гэта з галавы, а то і ў халодную пападзеш. Ох-хо-хо!..

«Председатель» заснуў. Тодар Базылёнак — гэта быў ён — як быццам страціў усе свае сілы і не мог крануцца з месца. Ён уставіўся ў камін, які аскаліўся на яго сваім зялёным проглам. Здавалася, што нават гэтая нежывая рэч пражэцца злавіць і праглынуць кагось. Перад Тодарам, як матылькі, праносіліся рэзвыя надзеі, з якімі ён ішоў сюды, успаміналася яму радасць ад хуткага звальнення мацеры ад пакуты і здзяйснення помсты дзеду. Ён так чакаў усяго гэтага, ён так быў захоплены сваёю місіяй аднаўлення заціснутае праўды, што ніколі не мог спадзявацца на такі канец. Замест гэтых надзей перад ім была чорная завеса, якая яшчэ шчыльней захоўвала праўду, якую ён меўся вось-вось знайсці. Перад гэтаю завесаю мільгала постаць «председателя», які закінуў у сэрца яшчэ новую спакусу, новае недавер’е да людзей, да закону.

«Чаму ж гэта ў школе, чаму ў піянерскім атрадзе мы вучым, мы верым у адно,— думаў Тодар,— а ў людзей іншых выходзіць іншае?»

Усе ведаюць, што Сымон Карнач — нячысты чалавек, а сам прадсядацель лічыць яго добрым. Што ж гэта такое?

Гэтае запытанне не знаходзіла сабе адказу і круцілася ў мазгах Тодара, калола там да болю, засланяла сабою ўсе іншыя думкі.

Вецер шыбануў і стукнуў акном. Тодар апомніўся. «Председатель» спаў, разявіўшы рот; мухі таўкліся над ім роем. Тодар хацеў пабудзіць яго, каб яшчэ запытацца аб чым-кольвечы, але, падумаўшы, павярнуўся і пакінуў кабінет. Выйшаўшы ў поле за фальварак, ён пайшоў па дарозе без якое-небудзь мэты, нават не пытаючыся ў сябе, куды ён ідзе. Перад ім усё стаяла пытанне, чаму старшыня не адчуў праўды, чаму не пасобіў яму. Дзед Сымон добры для начальства, сказаў старшыня, з начальствам добра жыве. Ну, а калі так, то ніколі нельга будзе звольніцца ад яго, ён заўсёды будзе змывацца над імі, над мацераю і Тодарам, заўсёды будзе нажывацца чужою працаю.

Куды ісці? Дадому, наведацца мацеры? Да школы? Маці плача, мусіць, і нічым ёй там не пасобіш, а ў школе цяпер ужо нікога няма — усе дзеці разышліся на лета, гэта не горад. А ці няможна ж яшчэ дамагчыся свайго, ці не паставіць на сваім? Мала што гэты старшыня, рык гэты, не захацеў разабраць справы. Можа, ён і сам нічога не ведае: гэта ж не дзіва — ён ледзьве выгаварыў слова «піянер», ды і так сказаў шыварат-навыварат. І сапраўды, няма чаго ўжо задумляцца. Трэба пайсці ў горад; там ёсць вышэйшы камітэт, ён разбярэ ўсё як належыць — і нездабраваць тады дзеду Сымону.

Быццам новыя сілы нахлынулі на Тодара. Ён шпаркім крокам пусціўся па дарозе, але, прайшоўшы з паўвярсты, успомніў, што не ведае, у які бок ісці. Ён прыпыніўся і пачаў выбіраць напрамак па сонцы. Горад павінен быць на ўсходзе, але дарогі туды няма, дарога якраз на поўдзень і поўнач. Добра, што на дарозе не ў доўгім часе паказалася фурманка.

— Дзядзька, як трэба ісці ў горад? — запытаўся Тодар у пад’ехаўшага фурманшчыка.

— У горад? Ох, далёка адгэтуль у горад,— адказаў той.

— Дарма што далёка, вы скажыце толькі, як туды ісці.

— Да ты што, сам туды ідзеш?

— Вядома.

— Жабруеш ты, бацькоў у цябе няма?

— Не, я не жабрую, я іду ў горад па справах.

— А што табе там трэба?

— Зямельнае пытанне ў мяне.

Фурманшчык прыпыніў каня, злез з воза, узяўся ў бакі, доўга глядзеў, як на нейкае цуда, на гэтага хлопчыка, а потым закаціўся ад смеху:

— Да ці цябе сапраўды бусел на хвасце прынёс? Такога спрытнага матка не магла радзіць. У яго зямельныя справы! Ха-ха-ха!

Тодар адышоў ад фурманшчыка на некалькі крокаў.

— Я ў вас прасіў паказаць дарогу, а не рагатаць, як каня,— сказаў ён з насупленымі брыўмі.

— О, да ты, хлапец, хоць куды! Ну, добра: вось пройдзеш да гэтае вёскі, а там будзе шлях; ён ідзе да самага горада.

— Дзякуй.

Тодар чуць не трухам пусціўся ў бок паказанае яму вёскі. Фурманшчык стаяў пасярод дарогі і доўга пазіраў услед гэтага маленькага падарожнага, торбачка якога ўжо далёка мільгацела белай плямай на шэрай сарочцы. Сонца было ўжо зусім нізка і золатам афарбоўвала пыл над дарогаю, які лёгкаю пялёнкаю пакрысе засцілаў швідкага малога чалавечка.

Тодар ішоў цэлую ноч не прыпынаючыся. Там, хоць яшчэ і далёка, горад, дзе ён знойдзе адказ на ўсе свае запытанні, дзе ён знойдзе праўду, без якое далей немагчыма жыць...

Агата ўжо другі тыдзень, як была хвораю. Якая з ёю была хвароба, ніхто не ведаў: болі ніякае не было, але раптам на яе надыходзіла нейкае засляпенне, яна траціла ўсе сілы, пачынала дрыжаць, як асінавы ліст ад ветру, потым калаціцца аб што папала.

Пачалася гэтая хвароба вось як.

У лазню, дзе ўжо колькі часу жыла Агата са сваёю дзяўчынкаю, адзін раз увечары неспадзявана ўвайшоў стары Сымон. Дзяўчынка прыкмеціла яго першаю і так перапалохалася яго твару, што палезла пад палок. Агата таксама была сама не свая, бо кожны раз, як Карнач заходзіў да яе ў госці, канчалася звычайна кепска.

— Гм-гум! Вось дык род паганы: і дачка твая ў цябе — хаваецца ад людзей, як звер. Чаго ты туды забілася! — крыкнуў Сымон ва ўсё горла на дзяўчынку.

Малая не толькі не вылезла з-пад пола, але, наадварот, яшчэ далей зашылася і пачала ціхенька плакаць.

— Ну, ліха цябе бяры, сядзі сабе там... Агата, дзе твой байструк?

— Гэта вы аб Тодарку пытаеце?

— Аб Тодарку... Тодарку, а то ж аб кім яшчэ.

— Дык я ж не ведаю: ён як уцёк тады, дык я яго і не бачыла. Татачка, можа, вы чулі што аб ім, дзе ён?

— Голаў бы ён зламаў, шалуцька!

— Татачка, родны, скажыце, завошта вы яго так лаеце, чаму вы яго так ненавідзіце — ён жа яшчэ блазан, розуму ў яго няма. Дык калі ён і супярэчыць, то толькі ад дзіцячага глупства... Падаруйце яму, скажыце, дзе ён, і дазвольце яму жыць дома, калі ён жывы.

— Халера яго не ўзяла, але каб узяла — лепш было б.

— Што вы кажаце, татка. Пабойцеся вы бога!

— Вось дзе мне гэтае паскудства стаіць, але дарма: няхай я яго толькі злаўлю цяпер, ужо не выйдзе ён з маіх рук.

Агата жахнулася і мімавольна адхілілася ўбок. Сымон стаяў, вялізарны, як стоўп, падпіраючы нізкую столь лазні, і барматаў сабе нешта пад нос.

— Зжальцеся нада мною, татка! Я ж не бачыла ў вас ні часіны радасці, спакою за ўсё сваё жыццё, а цяпер вы пагражаецеся на не вінаватае ні ў чым дзіця. Яшчэ ж дзіця Тодарка. Пашкадуйце мяне і яго хоць раз, татка,— маліла Агата з надзеяю, што размякне ж сэрца гэтага чалавека.

— Дзіця — твой байструк, кажаш. Дзіця! А хадзіць скардзіцца на мяне ў Выканком ужо ведае дарогу, разносіць усякую брыду ўжо навучыўся — дзіця!

— Пра што вы кажаце?

— А ты і не ведаеш? Сама, нябось, нашаптала яму, навучыла, як пайсці сказаць. У-у!..

Сымон сціснуў зубы аж да скрыпу і злымі вачамі абвёў усю шчуплую постаць Агаты. Апошняя нічога не разумела.

— Да што ж было такое, татка? Я ж нізвання нічога не ведаю.

— Не ведаеш ты! Туляешся па кутках, як гадзіна, ды ўкусіць з-за вугла хочаш, блага што сілы няма.

— Што гэта такое, што гэта такое...— скрозь туман непаразумення пыталася ўжо ў сябе Агата.— Што за напасць яшчэ? Татка, я ж увесь час, як жыву ў вашым доме, словам вам не перакорыла, а цяпер, што вы на мяне ўзводзіце!

— Я не лгун, праўду кажу! Твой Тодарка, тваё «дзіця» ўжо нешта надта разумнае стала, надта зарана разумнае. Гэта ж ён, а не хто іншы хадзіў у Смолкі прасіць, каб у мяне зямлю адабралі, ды яшчэ там розныя плёткі чоўп на мяне. Але скула вам ліхая, яму і табе! Былі вы жабракамі звеку, імі і застанецеся, а Сымон Карнач, якім быў, так такім і застанецца. Не вам ужо шкодзіць мне: хоць бы людзі вы, а то брыда. Са мною ўсе, разумееш ты?

— А дзе ж цяпер Тодар?

— Гэта ўсё роўна дзе,— калі няма, то і лепш.

Агата ўпілася вачамі ў старога. Страшэнная думка заскочыла ёй у голаў і ўсё перавярнула там уверх дном.

— Вы загубілі яго! — не сваім, звярыным голасам крыкнула яна, і нібы што адарвалася ў яе грудзях. Яна, як тыгрыца, кінулася на Сымона.

Той адступіўся крок назад, схапіў яе аберуч і бразнуў аб палок галавою, адкідаючы ад сябе.

Дзяўчынка нема зараўла ў сваім прытулку. Сымон апомніўся, падняў Агату, пасінеўшую, як смерць. Раны ніякае не відаць было, але яна не мела выгляду жывое. Сымон узяў вядро з вадою і пачаў паліваць яе. Праз некалькі хвілін Агата прыйшла ў сябе, але была такою нямоцнаю, што ногі яе не трымалі. Пазнаўшы Сымона, яна зноў закацілася.

— Пакінь... пакінь ты мяне адну,— ледзьве чутным голасам папрасіла яна.

З гэтага часу Агата і зрабілася хвораю незразумелаю хваробаю. Яе з лазні ўсялілі зноў у старую хату. Свякроў, якая зрабілася зразу пасля гэтага надта ўважліваю да Агаты і не адыходзіла ад яе, як на яе надыходзіў прыпадак, нават пробавала яе ўвясці на чыстую палавіну, але Агата так заспрачалася, што зрабіць гэта не ўдалося. Старая Карначыха збірала па знаёмых розныя травы, нейкія таемныя лякарствы ў сатлеўшых капшучках, саймавалася з рознымі старымі бабамі цэлымі вечарамі, рабіла з Агатаю розныя штукі, прыклікала нейкую кабету, якая ведала заклёны, але ўсё гэта заставалася дарэмным: Агата праз нейкі час стаўбянела альбо на яе нападала трасца. Кожны раз пры гэтых здарэннях, яна памногу гаварыла сама з сабою, клікала Тодарку, ахвяроўвала купіць яму кніжку, падгаворвала яго ўцячы ад дзеда Сымона.

Такія прыпадкі з Агатаю рабілі нечаканы ўплыў на старога Карнача, калі толькі яму траплялася іх бачыць. Ён як мага хутчэй прогся сысці з вачэй Агаты, быццам яны калолі яго, і быць дзе-небудзь падалей ад дому, хоць яму зусім і не патрэбна было ісці. Да Агацінае дзяўчынкі ён зрабіўся зусім інакшым: ён не толькі не крычаў на яе, але нават пачаў выказваць ёй асаблівую ўвагу і ласку. Толькі дзяўчынка сама абыходзіла яго і старалася залезці куды ў куток, толькі б не спаткацца з дзедам.

— Чаго ты хаваешся ад мяне? — пытаўся ён.

— Я цябе баюся,— адказвала яна, уцякаючы як мага.

Абодва старыя змяніліся зусім да Агаты. Толькі як даводзілася Сымону чуць імя Тодара, то ён насупліваўся, маўчаў. Некалькі разоў ён пробаваў утлумачыць Агаце, што яна дарэмна непакоіцца,— Тодар жывы і хутка вернецца дадому. Але Агата ніякім чынам не верыла гэтаму — так моцна завалодала ёю думка аб яго згубе і так мяшаўся ў яе розум, як толькі аб гэтым заходзіла гутарка.

Аб тым, што Агата стала памешанаю, пайшлі хадзіць чуткі і па акружных вёсках. Што ў Сымона Карнача можна было страціць розум, не было нічога незвычайнага. Аб гэтым толькі пачалі гаварыць, як аб навіне, шкадавалі Агату, дзівіліся, што няма ніякае ўправы на гэтага Карнача.

— Ліха ведае што робіцца ў хаце,— падступілася адзін раз да старога малодшая нявестка.— Навошта гэта трымаць дома сумашэдшую? Яшчэ, чаго добрага, скажуць, што мы вінаваты ў яе хворасці. Трэба, не адкладаючы надоўга, завезці яе ў горад і здаць там у дом, які для такіх людзей знарок зроблены.

Стары Сымон спачатку наадрэз адмовіўся ад гэтага. Але, як аб справе гэтай ужо надта шмат і часта пачалі гаварыць, бачачы штодня Агату, то ён пачаў схіляцца ўбок неабходнасці звольніцца ад яе. Але ж гэтая справа хітрая — нельга было зрабіць яе абы-як. Ну а Карнач недарэмна лічыўся за разумнага чалавека: быў прывезены аднекуль доктар, панятыя, якіх паклікаў сам Сымон, напісаны быў акт, у якім адмячалася, што Агата заўсёды была нямоцнага розуму, а потым яшчэ больш прыдурнела, не ведаючы, куды дзеўся яе хлапец.

Праз некалькі дзён, раніцаю, на двары Карнача стаялі запрэжаныя кары ў пару коней. Сын Карнача ўжо два-тры разы папраўляў то хамут, то набедрыкі на конях, хоць гэта і было лішнім — яму проста наскучыла чакаць бацьку з Агатаю, якія немаведама чаму затрымаліся ў хаце. Ён яшчэ раз утаптаў салому на карах, потым прайшоўся па двары: коні таксама пачалі траціць цярплівасць.

Раптам з хаты пачуўся крык, дзверы адчыніліся, і крык раздаўся знадворку.

— Нікуда я не хачу! — крычала Агата.

— Ну, слухай, Агата, мы з’ездзімо ў горад, купім табе хустку, спадніцу ды прыедзем назад. Чаго ж спрачаешся?

— Не хачу я ў горад, пусці мяне!

— Не хочаш у горад — да мястэчка з’ездзім.

— Ты мяне ашукваеш, ты заўсёды ашукваў, не паеду я.

Сымон з Агатаю стаялі на ганку: ён — трымаючы яе за плечы, а яна, прагнучыся вырвацца ад яго. З хаты выбегла дзяўчынка і з крыкам кінулася да мацеры і ахапіла яе аберуч. Сымон не чакаў такой упартасці ад Агаты, якую ён прывык бачыць заўсёды ціхаю ды паслухмянаю.

— Кінь ты, Агата, спрачацца! Давай садзіцца на воз.

— Садзіся і едзь куды хочаш, а я застануся дома.

— Ды што гэта ты яе ўгаворваеш? Вось яшчэ наўда якая! Вазьміце вось ручнік, звяжыце ёй рукі, і кончана. Найшоў яшчэ патрэбу ўпрошваць дурную,— выскачыўшы з хаты, параіла малодшая нявестка.

Карнач з сынам кінуліся на Агату, скруцілі ёй рукі тоўстым рушніком і павалаклі да воза.

— Што вы са мною робіце? Настулька, ратуй мяне, мая дочанька!

Дзяўчынка, галосячы, учапілася за дзеда, але зараз жа, як сноп, адскочыла ад яго. Палажыўшы Агату на воз, мужчыны звязалі ёй і ногі, каб яна не магла саскочыць. Як бервяно, ляжала яна цяпер і магла толькі крычаць.

— Няхай, няхай пакрычыць! Зможацца, дык у дарозе будзе маўчаць,— парахаваў сын і пайшоў адчыняць вароты, надта здаволены тым, што ўся гэтая справа хутка скончыцца.

Стары Карнач падперазаў світку, узяў у рукі лейцы і крануў імі коней. Але раптам пачуўся званок, які ўсё звінеў бліжэй ды бліжэй, а праз міг перад варотамі, пад самым носам у Сымонавае пары, запынілася каламажка. Яшчэ міг — і з яе адзін за другім саскочылі тры чалавекі, а потым аднекуль са дна вытыркнулася галава хлопчыка.

— Вы Сымон Карнач? — запытаўся адзін з гасцей у вайсковым шынялі.

Сымон стаяў атарапелы і не мог адразу адказаць.

— Гэта, гэта мой дзед,— і два вугольчыкі апалілі твар Сымона.

— Тодар, Тодар, Тодарка!

Тодар скочыў к карам — і прыпыніўся ад неспадзеўкі.

— Тодарка, барані мяне.

— Вось дык належнае спатканне, якраз што трэба,— праказаў адзін з прыехаўшых.

Агату хутка знялі з воза, раскруцілі ручнікі. Яна кінулася к хлопцу, пачала мацаць яго рукамі, нібы дамагаючыся заверыцца, што перад ёю жывы чалавек, а не дух. Сымон так і стаяў каля варот з пугаю ў руках і атарапеласцю на твары, якая, здавалася, закамянела на ім.

Агата пачала плакаць наўзрыд, абдымаючы Тодара.

— Мама, цяпер плакаць ужо не трэба. Праўда на нашым баку, сціхні... Дзед, а дзед,— звярнуўся Тодар у бок варот,— чаму ж ты не клічаш гасцей у хату? Гэтыя дзядзькі здалёку прыехалі і праўду з сабою прывезлі.

Сымон Карнач як быў з пугаю, так і пайшоў з ёю ў хату.

 

1925 г.

 

 

 

 


1925?

Тэкст падаецца паводле выдання: Нёманскі Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 598 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан