epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Нёманскі

Зварот

І
ІІ
ІІІ


І

 

Яшчэ гадзіннік за сцяною ў сумежным пакоі не паспеў стукнуць два разы, адбіваючы чацвёртую гадзіну, як Максім Гукоўскі, ужо даўно схаваўшы паперы ў крывую, на трох ножках, шафу, падышоў да дзвярэй і прылажыўся да іх вухам. Але, мусіць, такі спосаб дзейнасці яго не здаволіў, бо ён з вялікаю асцярогаю націснуў наском бота ў дзверы і зрабіў маленькую шчылінку між іх палавінкамі. Нейкую хвіліну ён углядаўся адным вокам у шчыліну, а потым рашуча расчыніў дзверы, страціўшы ўсю таемнасць і асцярогу: у сумежным пакоі нікога не было. Як найхутчэй сабраў ён са стала свае клункі — шмат іх было — і з паспехам пакінуў будынак Саўнархоза.

Максім Гукоўскі ніколі не меў дрэннае звычкі сядзець на службе пасля чацвёртае гадзіны, але сягоння яму ніяк не трывалася дацягнуць, пакуль гадзіннік прастукае чатыры разы. Нават як выйшаў ён на вуліцу, нешта дрочыла ў нагах, на сэрцы была надзвычайная казлытка. Сонца сакавіка, каплі з дахаў, вераб’інае цвырканне і на загародах і на дрэўках-прысадах, бляск вады ў равочках каля тратуараў — усё бадзёрыла. Але не гэта давала настрой Гукоўскаму. Яго вочы раз-пораз апускаліся да долу і з невыразным каханнем утупляліся ў клункі. Нягледзячы на тое, што тонкія вяровачкі ўразаліся ў пальцы, ён ні крыхі не зварочваў на гэта ўвагі. На мосце праз Дзвіну, дзе снег ужо растаў, Гукоўскага абдало цэлым цэбрам брыды з-пад кол аўтамабіля, але і гэта не сапсавала яго настрою. Толькі ў канцы моста яго раптам кальнула ў сэрца: хтось зачапіў бокам яго клункі. Але трывога была кароткаю, бо ўсё засталося цэлым.

Мінуўшы найбольш людныя вуліцы Віцебска, па дарозе ў Маркаўшчыну, Гукоўскі цалкам аддаўся сваім думкам, настрою. Жыццё не здавалася яму ўжо такім нудным, як некалькі часу таму назад, як учора, як нават сёння раніцою.

Вось ён дастаў пасведчанне аб тым, што ў яго кватэру нельга нікога ўсяліць, атрымаў пенсію, але самае важнае — гэта селядцы, цукар, мука, крупы, алей і іншае, што яму далі за паўмесяца адразу, ды яшчэ па вайсковаму пайку (а можа, і без меркі). Цяпер ужо доўгі час не прыйдзецца саромецца Ядзі, адчуваць такую залежнасць ад яе бацькоў, якія калі-нікалі прывозілі з вёскі ім хлеба, сала і іншых спажыўных рэчаў. Кожны раз гэты стары Сеўба, як толькі перадаваў дачцэ падарункі, кідаў такі нядобры позірк на зяця, што апошняму некуды было вачэй дзяваць. «Ну, вось няхай цяпер спрабуе глуміцца нада мною,— думаў Гукоўскі,— дык я дам яму адказ». Хоць стары Сеўба і падабаўся Гукоўскаму сваёю адчыненаю непрыязню да бальшавікоў, але на гэты раз Гукоўскі мімавольна адчуваў, што з бальшавікамі можна жыць і збіць гонар цесцю, які так часта ў самых простых патрэбах чалавека знаходзіў сродкі здзеку. З ім, з Гукоўскім, лічацца, як са спецам, даюць добрую пенсію, кватэру яго аберагаюць, даюць яму паёк без вагі і меры, а тут нейкі Сеўба, хоць і цесць, глуміцца над ім за баханку хлеба! «Я ўсё ж на дзяржаўнай службе, а ён — проста мужык»,— думаў Гукоўскі. Але як толькі яму прыйшло ў голаў слова «мужык», то перад ім адразу стала Ядзя, і ён спыніўся ў сваіх думках на гэтую тэму.

«Не, усё ж такі і пры бальшавіках можна жыць»,— скончыў свае саймаванні з сабою Гукоўскі. Ён ужо праходзіў міма Маркаўшчынскага манастыра. Боязна азірнуўся вакол — і хутка, з тараплівасцю перажагнаўся. На нейкі момант у сэрцы заскраблі кошкі, зноў стала нудна, але выпаўшы клунак з селядцамі звярнуў яго ў звычайную каляіну бадзёрага настрою гэтага дня. Ён падняў клунак, размеркаваў усе астатнія і шпаркім крокам пайшоў у свой завулак.

У Маркаўшчыне Гукоўскі асеў ужо даўно, з пачатку рэвалюцыі. Як толькі ў Віцебску злажыўся рэўком і пакінула існаваць казённая палата, Гукоўскі, які быў чыноўнікам апошняе, так перапалохаўся, што гэты спалох не прайшоў да гэтых часоў. Яшчэ і цяпер, ці ідзе ён вуліцаю, ці сядзіць за сталом у Саўнаргасе альбо дома — яму ўсё здаецца, што хтось таемна сочыць за ім. З першых жа дзён рэвалюцыі, пакуль ён «сабатажыў», яму боязна было нават выйсці на рынак купіць табакі. Чаго ён баяўся — ніколі не мог даць сабе адказу. Самы горад, вуліцы з дамамі, дзе з’явіліся незвычайныя надпісы незвычайных устаноў, зрабіліся яму такімі жудасна-варожымі, што ён па цэлых тыднях круціў сабе голаў над тым, куды дзецца. Выпадкова яму параілі невялічкі дамок у Маркаўшчыне. Гукоўскі выбраў адну раніцу, калі ішоў моцны дождж, і пераехаў у Маркаўшчыну: усё ж такі не самы горад. Тут ён і застаўся жыць з жонкаю, чакаючы лепшых часоў. Але гэтых лепшых часоў, як маляваў сабе іх Гукоўскі, не прыходзіла, і ён пачаў шукаць сабе працы. Саўнаргас прытуліў яго...

Гукоўскі падышоў да дзвярэй свайго дома і пастукаў. Доўга прыйшлося чакаць яму знадворку: перш у акне хістанулася фіранка, мігнуў і схаваўся жаночы твар, потым пачуўся тупат к дзвярам, а далей — бразгат крукоў і ляскат замкоў, усё роўна як астрог адчыняўся.

— Ты ўжо, Ядзечка, і зачыні, бо ў мяне рукі заняты,— папрасіў Гукоўскі, уваходзячы ў дзверы.

Зноў той самы бразгат крукоў, накладаных на прабоі...

Гукоўскі, яшчэ не распрануўшыся, з захапленнем пачаў пералічваць Ядзі ўсё, што было ў клунках.

— Ах, як жа тут шмат селядцоў, а колькі цукру! — разгортваючы паперу клункаў, захаплялася Ядзя.— Дзе ж гэта ты дастаў усё гэта?

— Як дзе? На службе! — здаволена адказаў муж.

— На службе? І ўсё гэта даюць бальшавікі? Ты хлусіш!

— Хлушу! Дзе ж мне яшчэ ўзяць? Я заўсёды буду мець цяпер добры паёк, бо бальшавікі схамянуліся, што без старых чыноўнікаў ім не абысціся — вось і задобрываюць. Ну, няхай сабе яны думаюць, што я лепшым стану, буду прыемным да іх. Няхай сабе думаюць — нам жа лепей.

Ядзя спынілася развязваць кулькі і задумалася.

— Ты што прыпынілася?

— Не брала б я нічога ад іх! — жорстка праказала яна.— Але ўсё гэта ты: на службу пайшоў, перад нейкім камісарам там трусішся, абрадваўся селядцу!

Яна адвярнулася ўбок і пачала кусаць губы. Гукоўскі зразу страціў усю сваю бадзёрасць і не ведаў, што рабіць: так і стаяў у гразкім шынялі.

— А ведаеш, мне далі яшчэ пасведчанне на валоданне кватэраю,— хапянуўся ён задобрыць жонку.— Цяпер ужо няма чаго баяцца, што к нам каго-небудзь яшчэ паселяць.

Гукоўскі пад'ехаў да жонкі добра. Самым балючым яе месцам была кватэра. Яна ўвесь час з гадлівасцю думала аб тым, як яна будзе жыць, калі к ёй прышле гэты — як яго? — Камгас якога-небудзь чырвонаармейца альбо качагара з «Дзвіны». Ад аднае гэтае мажлівасці Ядзя гатова была зжыць са свету ўсіх бальшавікоў, бо ніхто іншы, як яны, робіць усё на злосць, наадварот.

— Праўду ты кажаш? — ажывіўшыся, запыталася яна ў мужа.

Замест адказу, Гукоўскі працягнуў ёй невялічкі кавалачак жыдкае паперы, дзе была вылажана забарона сяліць каго б там ні было ў кватэру «спецыяліста па браварах» Гукоўскага.

Твар Ядзі прасвятлеў, і яна зноў накінулася на клункі. Асабліва спадабаўся ёй цукар: яна і перасыпала, і разглядала яго на свет, і брала на язык, быццам хацела дасканала даведацца, ці няма тут якога-небудзь ашуканства. Потым, разабраўшы ўсё прынесенае багацце, яна пачала размяркоўваць, куды злажыць яго.

Гукоўскі, задаволены тым, што дагадзіў жонцы, прайшоў у свой «габінэт». Праз некалькі хвілін ён меў зусім не такі выгляд, як уперад. Замест звычайнага «фрэнча» невядомага колеру на ім ужо была форменная жакетка з блішчастымі гузікамі і з кантамі казённае палаты, чорныя нагавіцы навыпуск і блішчастыя гамашы. Над носам, хто ведае адкуль, з’явіліся дымчатыя ачкі, якія звычайна носяць не для карысці, а для фасону. Таксама няведама адкуль пачуўся пах ні то таннага адэкалону, ні то фіксатуару... Словам, ніхто б не пазнаў у гэтым далікатным чыноўніку таго шэрага чалавека, што валок у Маркаўшчыну ў клунках селядцы з мылам, крупы з двума фунтамі газы. Гэта ўжо быў перад вамі настаяшчы джэнтльмен у гузіках.

Скончыўшы прыбірацца, Гукоўскі з важнаю мінаю прысеў на канапу і здавольна разглядаў у люстэрку насупраць гузікі і пятлічкі свае жакеткі. Ах, гэтая жакетка! Ён думаў аб ёй так часта, седзячы за саўнаргасаўскім сталом, так непакоіўся, каб жонка выпадкова не прамяняла яе на буханку хлеба ў галодныя дні! Кожнае свята, як не трэба ісці на гэтую абрыдлую службу альбо ў асаблівых выпадках, як сёння, Гукоўскі выцягваў яе са дна куфэрка, з вялікім стараннем абіраў з яе пушынкі і з нейкаю ўрачыстасцю апранаў на сябе. Гэтая жакетка, здавалася яму, рабіла з яго не звычайнага чалавека, якіх тысячы, мільёны, а выдзяляла яго, уздымала ўверх над шэрай людской масай. Многа значыць форменная жакетка з блішчастымі гузікамі: бывала, нават ноччу, розная гэтая шантрапа давала дарогу, як ішоў ён, Гукоўскі, па вуліцы. Нават яго жонка Ядзя, можа, і не была б яго жонкаю, каб не гэтыя гузікі. Ці ж яна не магла выйсці замуж за якога-небудзь Чашніцкага шляхцюка? Але гузікі, дымчатыя ачкі парашылі яе выбар.

Акінуўшы сябе яшчэ разы два-тры ў люстэрку, Гукоўскі рашыў заняцца справаю, якая стасуе такому культурнаму чалавеку. Падышоўшы да шафы на покуці, ён доўга разглядаў, на якой кніжцы яму запыніцца. Тут была і «Родина» за некалькі год, і «Живописное обозрение», і Майн-Рыд, і Жуль Верн, Лажэчнікаў і Данілеўскі, граф Саліас і Загоскін і шмат чаго іншага. Ён выбраў з самае верхняе палічкі «Русский Инвалид», які чытаў ужо немаведама колькі разоў, але здаволіцца ім не мог. Асабліва падабалася яму тая частка, дзе апавяшчаліся ўзнагароды. Ніколі ён не ведаў ні капітана Смарчкова, ні палкоўніка Сініцына, можа, ужо даўно ні таго, ні іншага не было ў жывых, але яму дастаўляла незвычайную здаволенасць чытаць аб тым, што капітан Смарчкоў атрымаў «Анну з мячамі», а палкоўнік Сініцын — «Владимира с бантом».

Захапіўшыся чытаннем, Гукоўскі нават не прыкмеціў, як жонка пачала збіраць на стол палуднаваць. У гэты дзень палуднік быў незвычайна шчодры: хлеба колькі хочаш, крупнік тлусты і густы. Нягледзячы на ўсю сваю хванабэрыю «пад пана», Гукоўскі не мог устрымацца, каб не забіваць паўнюсенькі рот чэрствым чорным хлебам. Таксама і Ядзя, хоць некалькі часу таму назад гатова была адцурацца ад «бальшавіцкіх падарункаў», моўчкі ва весь рот сёрбала крупнік, чырвоны ад іржавага селядца. За некалькі хвілін палуднік быў скончаны. Здавольства жыццём яшчэ ўласней захапіла Гукоўскага. Ён скруціў добрую цыгарку з махоркі і, выпускаючы хвалі жоўта-белага дыму, пачаў думаць аб тым, як добра было б заняць яшчэ большую пасаду, скажам, загадчыка аддзела. Вось тады ўжо стары Сеўба мог бы і не паказвацца ў ягоным доме.

— Ядзечка, нікога не было ў цябе сёння з Чашнікаў? — запытаўся ён у жонкі.

— Не, нікога,— адказала Ядзя, канчаючы збіраць са стала.— А чаму гэта цябе цікавіць?

— Ды так... Я, ведаеш, хацеў бы наказаць твайму бацьку, каб ён больш не клапаціўся прывозіць розныя там падарункі.

— Вось як! Ці ж ты спадзяешся, што мы пражывём на твой гэты паёк? Кінь ты плявузгаць!

— Ды ўзапраўды ж абыдземся самі без дапамогі. Ты бачыш, як шмат я сёння прывалок усяго — хопіць на два тыдні, а там зноў дадуць. Я такі патрэбны чалавек у Саўнаргасе, што мне дадуць не толькі тое, што ўсім, але нават і шмат болей.

— Ты ўжо занадта спадзяваешся, ды я ніяк не зразумею, якая патрэба ў кантролі па браварнай справе, калі ўсе бравары стаяць.

— Стаяць, стаяць... а мне што за бяда — няхай сабе стаяць, была б толькі пасада: яна ж ёсць, я яе займаю. А там і вышэй пайду, бо людзі цяпер, як у круцёлцы — сёння тут, заўтра на другой пасадзе. Вось і мой начальнік куды-небудзь будзе пасунуты ў другое месца, а я застануся сам начальнікам.

Гукоўскі зірнуў на свае гузікі і ўздыхнуў, нібы яму было шкода, што яго форменная жакетка аздабляе яго толькі дома. Ён паправіў акуляры, падкруціў вусікі і падышоў да люстэрка. Толькі цяпер прыкмеціла Ядзя жакетку на мужу — за палуднікам ёй было не да таго.

— Ах! Ты сёння панам! Што ж гэта за прычына, для каго ты так прыбраўся? — зачырванеўшыся ад натхнення, запыталася Ядзя.

— Калі нельга людзям паказацца ў статэчным выглядзе — то хоць дома трэба пабыць чалавекам. Ці ж ты нездавольна будзеш, калі я табе скажу, што хачу табе даставіць прыемнае?

— Ой, Максімка, ты такі прыгожы ў гэтым убранні, такі пекны, што я хацела б век цябе такім бачыць. Ці ж то жыццё цяпер, што нават адзецца як следуе няможна? Усё гэтае салдацкае шэрае сукно, гамашы з абмоткамі — і больш нічога. Нават хто мае старое далікатнае адзенне, дык хавае яго, саромеецца апрануць. Не, нельга так жыць!

Ядзя зразу насупілася, і яе думкі пайшлі па звычайным напрамку.

— Усё гэта бальшавікі нарабілі,— праказала яна, скончваючы сваю думку.

— Ну, кінь ты ўжо аб гэтым,— ліслівым голасам папрасіў Гукоўскі жонку, шкадуючы сапсаваць той настрой, які сёння панаваў у яго ўвесь дзень.— Давай лепей піць гарбату з цукрам.

Пачынаўся вечар. Падаў змрок. Гукоўскі, накінуўшы шынель, каб не было відаць гузікаў, выйшаў на двор і шчыльна зачыніў стаўні на вокнах. Маленькі курпаценькі домік на краі касагора зрабіўся пахожым на ракавіну смаўжа, які поўз уверх ды так і запыніўся на дарозе, спалохаўшыся бляску зары, засляпіўшай яго падслепаватыя вочы.

Гукоўскі вярнуўся ў дом, залажыўшы дзверы на ўсе крукі і зашчапкі. Пакуль Ядзя гатавала гарбату з ліпавага цвету і яблыневага ліста, ён зноў чытаў «Русский Инвалид» за 1905 год. Потым доўга пілі гарбату, цешачыся да прыкрасці цукрам. Праўда, ад цукру пахла мылам, але гэта была невялікая ганьба — толькі б было соладка. Ядзя была так здавольна, што нават пачала напяваць нейкі вясёлы матыў без слоў, чаго ўжо даўно не было чуваць ад яе. Гэта яшчэ больш узняло настрой Гукоўскага, і ён, не доўга чакаючы, вынес з спальні гітару, усю пакрытую павуцінаю і пылам, але яшчэ з цэлымі струнамі. Некалькі хвілін, і затрэнькаў кракавяк, які так падабаўся калісьці Ядзі і за якім Гукоўскі прызнаваўся ёй у сваім каханні. Ядзя сперш ківала ў такт галавою, паварухвала плячмі, а потым не вытрымала і пусцілася скакаць. Муж крыху быў нездавольны гэтым, бо баяўся, каб не чутно было тупату знадворку, але Ядзя была так захоплена скокам, што яму самому стала завідна, што нельга скакаць.

— Ведаеш што, зайграй мне мазурку Вяняўскага,— прапанавала, прыпыніўшыся, Ядзя.

Гукоўскі сперш спрабаваў паціху, успамінаючы матыў, а потым зайграў як следуе, сам захапіўшыся гучнымі акордамі. Ядзя з зачырванелым тварам, лёгкая, як семнаццацігадовая дзяўчына, насілася па пакоі, зграбна спраўляючыся з перашкодамі цеснаты яго.

— Бразь!..

Ні Гукоўскі, ні жонка не прыпыніліся. Апошняя з усё ўзрастаючым пэнтам аддавалася захапляючым гукам музыкі і задорна-вясёлым скокам.

— Тук, тук, тук...

Мазурка абарвалася.

Ядзя, раптам спыніўшыся, стаяла пасярод пакоя і недаўменна пазірала на мужа. Гукоўскі ціха на насках, быццам баючыся каго пабудзіць, панёс у спальню гітару, але па дарозе моцна стукнуў нагою, зачапіўшыся аб шафу. Гэты стукат вывеў з стаўбняку Ядзю.

— Вось і даскакалася,— прамовіла яна, ледзьве пераводзячы дух ад напружанасці прыслухацца к таму, што рабілася знадворку.

— Нам трэба маўчаць і не адклікацца,— параіў Гукоўскі, выходзячы з спальні.— Пастукаюць, пастукаюць ды пойдуць, падумаўшы, што нікога ў доме няма.

Але і сам Гукоўскі, мусіць, сказаў гэта, не ўзважыўшы сваіх слоў. Ён стаяў каля выходных дзвярэй і напружана прыслухоўваўся. Праз нейкі момант стукат у дзверы зноў раздаўся, і для іх ён здаваўся незвычайна моцным. І Гукоўскаму, і яго жонцы здалося, што ломяць дзверы.

— Што ж рабіць, Максім?

— А ці ж я ведаю? — на запытанне адказаў запытаннем Гукоўскі.

— Ты ніколі нічога не ведаеш, а яшчэ мужчына! — з жорсткасцю праказала Ядзя.

Гукоўскі нічога не адказаў і пачаў нервова хадзіць па пакойчыку. Малюнкі самыя непрыемныя адзін за другім праляталі ў яго галаве. То яму здавалася, што вось праз хвіліну разломяць дзверы і заб’юць і яго і Ядзю; то перад ім усплывала магчымасць якога-небудзь неладу альбо хібы па службе, а разам з гэтым і арышт; альбо, можа, быў які-небудзь падлог з гэтым засведчаннем на кватэру і цяпер да яго накіравалі каго...

Стукат, ужо ў акно, раздаўся яшчэ мацней. Гукоўскі ўвесь затросся ад страху і прыпыніўся на месцы. Здавалася, яшчэ раз няхай бразне за акном — і Гукоўскі не вытрымае, страх яго задушыць.

— Ядзя, а Ядзя! Ідзі запытайся, што ім трэба,— не сваім голасам папрасіў ён жонку.

Ядзя сперш хацела накінуцца на мужа, але бачачы ягоны твар і ўсю постаць, яна махнула рукою і з выглядам ахвяры пайшла ў сенцы.

— Хто там?

— Чырвонаармейцы! Пусціце пераначаваць.

Ядзя з пабляднеўшым ад злосці тварам уляцела ў пакой.

— Ніколі я не пушчу іх, не! Гэтае парцянае войска, ведаю я яго! Не, не пушчу! — крычала яна, ужо ніколькі не сутрымліваючыся.

Гукоўскі, спалохаўшыся, што выкрыкі жонкі чутны знадворку, пачаў прасіць яе супакоіцца і гаварыць цішэй. Але Ядзя была не з тых, хто даваўся лёгка на ўгаворы. Яна гнеўна насілася па пакойчыку і не магла без злосці зірнуць на Гукоўскага.

— Ну, супакойся ж, Ядзя,— прасіў муж.— Трэба пусціць чырвонаармейцаў, бо можаш іначай толькі больш бяды набрацца.

— Пусціць, пусціць! — перадражніла яна.— Я — шляхцянка, мая маці шляхцянка, і бацька шляхціц! Я маю свой гонар — не хачу жыць разам з нейкімі абарванцамі.

— Ціха, ціха! Жыць жа яны не будуць у нас, а толькі пераначуюць. Пусцім.

— Нізавошта!

— Адчыніце вы ці не? — раздаўся пад акном голас.

Гукоўскі ўздрыгнуў, нібы яго хто ткнуў шылам у бок. Ён ужо не мог сутрымацца і рашуча пайшоў у сенцы. Ядзя крыкнула яму ўздагонку, каб ён адмовіўся пускаць, паказаў сваё засведчанне з Камгаса, але праз хвіліну ў калідорчыку ўжо стаялі два чырвонаармейцы.

— Добры вечар... таварышы. Сядайце пакуль што, да кіньце свае торбачкі — нябось вы змарыліся. У нас тут не ўсё было ў парадку, каб прыняць чужых людзей,— шпарка і прыветна сустрэла Ядзя гасцей.

— Дзякуй, гаспадыня,— адказаў адзін з чырвонаармейцаў.

— Мы, ведаеце, маем засведчанне ад Камгаса, што ніхто не мае права ўсяляцца да нас, але чырвонаармеец — гэта іншая справа: ён столькі пакутуе, што трэба заўсёды дапамагчы яму. Адна толькі бяда, што недзе ў нас вам прытуліцца — надта ўжо малы наш дамок.

— Э, ноч як-небудзь пераначуем, абы не на дварэ,— згодліва адказаў адзін з увайшоўшых.

— Ну, а калі так, то я вам пакажу, дзе вам можна супачыць.

Ядзя рупліва ўзяла лямпу і правяла чырвонаармейцаў у маленькую баковачку каля кухні, дзе складалася ўсякая рухлядзь і куды, апроч мышэй, ніхто ніколі не заглядаў. Чырвонаармейцы, змораныя, азябшыя, былі здавольны і гэтым і шчыра дзякавалі ласкавую гаспадыню. У Ядзі нават была думка падаць ім гарбаты, але, раздумаўшыся, яна парашыла, што няма чаго паказваць свой дастатак, калі яны такія абходныя і зусім не палохаючыя людзі.

Гукоўскі быў надта здавольны тым, што так добра ўладзілася справа. Яшчэ больш ён быў рад таму, што сам выйшаў адчыняць дзверы і ў змроку не відаць было гузікаў і кантаў яго форменнае жакеткі, якую ён скінуў тут жа ў сенцах, як толькі прапусціў чырвонаармейцаў. Як толькі апошнія зачыніліся ў бакоўцы, Гукоўскі, як кошка, кінуўся за сваёю жакеткаю і хутка схаваў яе ў куфэрак. Усё ўладзілася, і ў яго пачаўся зварот звычайнага настрою. У Ядзі ж яшчэ доўга былі расшыраны ноздры і падымалася то адна, то другая брыва. На мужа яна не магла зірнуць спакойна і чуць зноў не ўсчаўплася, пабачыўшы яго ў адной сарочцы, без жакеткі. Але ён так палахліва паглядзеў, што Ядзя не пасмела падымаць сварку.

У гэтую ноч ні Гукоўскі, ні яго жонка не звялі і вокам. Абаім здавалася, што варта ім заснуць, як гэтыя чырвонаармейцы заб’юць, абрабуюць альбо спаляць дом і іх разам з ім. Ядзя з балючаю галавою ад бяссоння цэлую ноч упікала мужа за тое, што ён, спалохаўшыся, пабаяўся не пусціць у дом гэтых непрыемных людзей; што ён нічога не варты, як мужчына, што ўся яго служба — дрэнь, дрэнь таксама ўсялякія засведчанні. Чым далей, тым болей — і пад раніцу Ядзя апавясціла, што яна паедзе да сваіх бацькоў, што не хоча жыць далей з такім мужам. Гукоўскі адчуваў сябе нібы пабіты сабака: ці ж не з лепшымі намерамі ён усё робіць, ці ж не імкнецца ўсё абсталяваць ціха, каб абмінуць якое-колечы напасці ў гэтыя смутныя часы. А тут — на табе. Жонка за гэта пагражае яму расстаннем! Ён ляжаў і ні словам не адказваў жонцы, баючыся яшчэ больш падліць масла ў агонь...

У бакоўцы ўсё было ціха. Чырвонаармейцы спалі, не чулі, як мышы спацыравалі ў іх па плячах, не ведалі, што там, у спальні, з-за іх развінаецца драма.

Пачынала світаць. Мышы пахаваліся ў свае куткі, у маленечкае аконца бакоўкі заглянуў першы прамень сонца. Адзін з чырвонаармейцаў пацягнуўся і зачапіў нагою за нейкую дошку ў кутку бакоўкі. Дошка павалілася, нарабіўшы стукату на ўвесь дом. Чырвонаармейцы ачнуліся і пачалі збірацца ў дарогу, а Гукоўскія замерлі ад страху. Ачухаўшыся, яны таксама пачалі ўставаць.

— Ну, дзякуй вам за начлег,— сказаў чырвонаармеец, ужо зусім апрануты.— А вось гэта вы закіньце куды-небудзь падалей, а то яшчэ бяда якая будзе.

Чырвонаармеец падаў Гукоўскаму два ствалы ад паляўнічага ружжа, якія стаялі ў кутку бакоўкі за дошкаю, што сваім стукатам так напалохала гаспадароў.

— Бывайце здаровы, яшчэ раз дзякуй,— сказалі чырвонаармейцы, выходзячы за дзверы.

 

ІІ

Каб у хаце разарвалася бомба, яна б, мусіць, зрабіла не большы спалох, як гэтыя ржавыя, нікому не патрэбныя і ніколькі нястрашныя ствалы. Гукоўскі стаяў над брудным жалезам, пазіраў на яго, як на нешта ўсцішнае. Ядзя нават не варухнулася пайсці зачыніць дзверы за выйшаўшымі чырвонаармейцамі. Чырванаватыя ствалы, здавалася, гіпнатызавалі іх абодвух.

— Адкуль яны ўзяліся, Ядзя? — ледзьве пераводзячы дух запытаўся Гукоўскі.

— Я ў цябе запыталася б аб тым.

Справа такім чынам не зрабілася больш лёгкаю ад гэтых сустрэчных запытанняў. Ствалы ляжалі на падлозе пасярод пакоя, і трэба было што-небудзь зрабіць з імі. Гукоўскі ламаў сабе голаў над гэтым, але ніяк не мог запыніцца над канчатковым планам. Можна было закапаць гэтае страшнае аружжа, можна схаваць у комін ці пад падлогу, можна проста выкінуць на двор за дрывотню: калі хто знойдзе, дык няхай сабе робіць што хоча з такою знаходкаю.

Але ж на чым запыніцца?

— Што нам рабіць, Ядзя, з гэтаю брыдою? Вось не было клопату на голаў!

— Ты іх прывалок, ты і думай, што рабіць,— адказала Ядзя.

— Ды адкуль я іх прывалок? Яны тут, можа, ліха ведае з якога часу валяюцца, ды чые яны, таксама не даведаешся. Але ж так ці іначай, а трэба збыць іх з галавы, каб ніхто не ведаў.

Гукоўскі пачаў збірацца на службу, жонка гатавала сняданне, але думкі іх круціліся над адным пытаннем, як ім звольніцца ад гэтага аружжа. Селі снедаць, а Гукоўскаму і лыжка ў рот не лезе. Яму ўжо здавалася, што чырвонаармейцы проста ад яго дому пайшлі да каменданта і зрабілі заяву, што ў грамадзяніна Гукоўскага, у Маркаўшчыне, маецца аружжа. Яго, Гукоўскага, арыштоўваюць і садзяць у астрог. Ён з нянавісцю паглядзеў на ствалы і хацеў бы, каб яны рассыпаліся ў пясок ад аднаго погляду. Але яны ляжалі цэлымі і нібы ўсміхаліся шырокім ротам — шчылінаю ад затвору. Гукоўскі адвёў вочы ўбок і з яшчэ большаю напружнасцю пачаў думаць над тым, куды дзець ствалы.

— Вось што, Ядзя! — радасна сказаў ён, знайшоўшы выхад.— Я цяпер пайду на службу, ты ж зачынішся наглуха ў хаце і да вечара зрабі доўгі вузкі мяшок, у які мы паложым гэтае паскудства, дасыплем пяском, зашыем — і сёння ноччу кінем у Дзвіну.

Ядзя не супярэчыла. Гукоўскі выйшаў з дому засмучаным, на ганку паглядзеў ва ўсе бакі і наказаў жонцы, каб яна нікога не пускала ў дом, аж пакуль ён сам не звернецца.

Гукоўскі цэлы дзень не мог валодаць сваімі думкамі. Ён па некалькі разоў чытаў адну і тую паперу, але ніяк не спраўляўся з яе сэнсам. У галаве яго ўсё стаяла гэтае паганае ружжо. Часам яму здавалася, што ў доме там робяць вобыск, што Ядзю ўжо заарыштавалі, што яму няма чаго варочацца дадому. Нават позіркі сваіх сяброў, што прыходзілі да яго па той ці іншай справе, здаваліся яму варожымі: кожны з іх нібы хацеў сказаць, што ведае аб аружжы, але пакуль што маўчыць. «Ім нічога не значыць,— думаў Гукоўскі,— пайсці і сказаць, што ў мяне маецца такая забароненая рэч, як аружжа — і тады... тады я прапаў». Пад уплывам гэтых думак Гукоўскі адварочваў твар у акно, як толькі хто падыходзіў да яго. Бліжэйшыя яго таварышы прыкмецілі гэтую незвычайнасць і пачалі пытацца ў яго, што з ім зрабілася.

— Нічога, зубы, на іх ліха, баляць — аж слёзы на вочы выганяюць,— адказаў ён на такія запытанні.

У гэты дзень Гукоўскі першы раз не спяшаўся пакінуць Саўнаргас. Ён нават быў надта нездаволены, як гадзіннік прастукаў чатыры разы. Доўга збіраў ён свае паперы, некалькі разоў без патрэбы адмыкаў і замыкаў шафу, адшпільваў і зашпільваў партфель, быццам забыўся ўсё палажыць у ім. Але ж як-ніяк трэба было ісці дадому. Дарога туды доўгая, але Гукоўскаму хацелася б лепей ісці да Астроўцы, чымся ў Маркаўшчыну...

Але дома нічога не страслося, як чакаў Гукоўскі. Ядзя спакойна займалася звычайнымі хатнімі справамі, і толькі трэск жарствы пад нагамі ў сенцах мог напомніць аб ранішнім.

— Ну, як ты там зрабіла?

Не адказваючы, Ядзя пайшла ў спальню і выцягнула з-пад ложка вузкі, як каўбаса, парцяны мяшок, спрытна зацурованы з абодвух канцоў.

— Я толькі не разумею, на ліха гэты мяшок і пясок: можна і так кінуць у раку, усё роўна жалеза патоне,— сказала Ядзя.

— А як жа ты панясеш? Усякі, хто выпадкам сустрэнецца, можа затрымаць, а так, як мы зрабілі, трудна будзе каму здагадацца, у чым справа: мала што там у мяшку.

Ядзя згадзілася з такім тлумачэннем і больш не пыталася аб справе, датычнай аружжа.

Як быццам умовіўшыся, яны абое не заводзілі гутаркі на гэтым пытанні. Гукоўскі не палуднаваў. Ён лічыў хвіліны, якія цягнуліся так доўга, як гадзіны. Чакаць жа трэба было доўга, бо ў мэту яго не ўваходзіла сустрэць каго ці на вуліцы, ці на беразе. Чым пазней ён панясе мяшок, тым больш надзеі на таемнасць справы.

Сцямнела. Гукоўскі не раз выходзіў на ганак і прыслухоўваўся, ці ходзіць хто па вуліцах. Але ніякага руху там не было, толькі дзе-нідзе забрэша сабака. Гукоўскі быў рад, што яго план блізкі да выканання і што няма ніякіх перашкод.

Прайшла восьмая, дзевятая гадзіна. Трэба было б яшчэ трохі пачакаць, бо час быў не надта позні. Але Гукоўскаму ніяк не трывалася. Ён ужо даўно апрануўся і паставіў у куток каля дзвярэй сакраментальны мяшок. Толькі Ядзя прыпыняла яго, лічачы, што лепш яшчэ пачакаць хоць з гадзіну.

— Ядзечка, ты выбачай мяне, што я ў цябе папрашу: ці не пайшла б і ты са мною? — асцярожна запытаўся Тунеўскі ў жонкі.

— Каб і я пайшла?.. Ну, добра, калі табе трэба,— разуважна адказала Ядзя.

— Не, не! Я ўжо адзін спраўлюся,— вінавата сказаў муж, бачачы, што пакрыўдзіў жонку сваёю просьбаю.— Не, ты заставайся дома, гатуй вячэру: я вярнуся, і мы спакойна і весела, як учора, правядзём астатні час вечара.

Гукоўскі ўзяў мяшок, які праз сваю даўжыню быў надта няздатным для нясення. Дзверы за Гукоўскім зачыніліся на ўсе крукі і ланцужкі. Азіраючыся, як шкадлівая жывёла, ва ўсе бакі, ён ціха пайшоў па вуліцы. Замерзшыя з вечарам калюжынкі на кожным кроку палохалі яго звонам паламанага нагою лёду. Гукоўскаму пры кожным трэску апошняга здавалася, што хтосьці ідзе за ім па пятах. Ён боязна азіраўся, але там нікога не было, а можа, ішоўшы хаваўся каля плота. Так з безупынным страхам і асцярогаю ён пасоўваўся ўсё бліжэй да берага Дзвіны. Яшчэ заставалася прайсці толькі адзін заселены квартал, і там ужо можна было лічыць сябе забяспечаным ад усякага дрэннага здарэння. Але раптам дзесьці бразнулі вароты і па дашчаным тратуары застукалі чыесьці крокі, якія ўсё былі бліжэй ды бліжэй. Гукоўскі не ведаў, што яму рабіць: уцякаць — можна падумаць, што ён злодзей, і тады за ім пусцяцца ўздагонку; застацца на месцы — таксама боязна. Але ў бядзе прыходзіць рашучасць: Гукоўскі перакінуў цераз плот свой мяшок, а потым і сам пераскочыў за ім і прытуліўся каля слупа. Крокі прахожага ўжо параўняліся з прытулкам Гукоўскага. Апошні затаіў дух, але тут — трэсь лёд. Гукоўскі задрыжаў з галавы да пят, абамлеў. Прахожы на хвілінку прыпыніўся, а потым пайшоў далей.

Гукоўскі доўга чакаў, пакуль не сціхла ўсё, потым хутка пералез на вуліцу і шпарка пусціўся па касагоры ўніз да ракі. Вось і яна, усяго якіх-небудзь дваццаць-трыццаць крокаў. Гукоўскі прыпыніўся і перавёў дух. Вада невялічкімі хвалькамі наскоквала на бераг, чуць-чуць плёскаючы ў жарстве і каменьчыках.

Унізе, пад стромым берагам не відаць было ні Маркаўшчыны, ні наогул чалавечага жылля. Перад Гукоўскім была шырокая стужка вады, якая ўбірала ў сябе водблескі зорак і нібы дрыжала ад страху страціць іх. З другога боку ракі нёсся ціхі крокат качак, якія, мусіць, нядаўна прыляцелі з далёкіх краёў і яшчэ не паспелі разысціся з свае грамады. Калі-нікалі праплываў адзінокі кавалак лёду, які пляміў цёмна-сіняе люстэрка вады. Зоркі хаваліся за ім, а потым трапечуча-вясёлыя зноў блішчалі з бяздоннай глыбі. Край неба на ўсходзе з цёмна-сіняга зрабіўся малочна-блакітным — і аднекуль з-пад зямлі выкаціўся месяц, кінуўшы блішчасты слуп цераз усю шыр магутнай ракі.

На Гукоўскага сышоў спакой, такі шырокі, як рэчка вясною. Перад тым малюнкам велічнасці, які быў перад яго вачамі, яго сённяшні неспакой, пужлівасць паказаліся яму досыць мізэрнымі і смешнымі. Чаго яму клапаціцца так аб нейкім брудным кавалку жалеза? Кінуць яго дзе папала — ды і ўся тут справа. Кінуць? Ага, яму трэба ўсё гэта кінуць у ваду. Ну, дык добра, ён жа за гэтым і прыйшоў сюды.

Ён ужо падышоў да самага берага так, што вада была цалі дзве-тры ад яго бота. Узяўшы аберуч мяшок за канец, ён ужо хацеў размахнуцца і падалей ад берага кінуць яго. Але тут думка, якая ўперад не прыходзіла яму ў голаў, затрымала яго рукі.

— Можа, ужо чырвонаармейцы заявілі, што ў мяне ёсць аружжа. Як жа я адкажу, калі б прыйшлі ка мне яго шукаць: ніхто ж не паверыць, што я кінуў яго ў ваду, а падумаюць, што схаваў, як патрэбнае.

Пры гэтай думцы зноў усё пераблыталася ў галаве Гукоўскага. Куды яму дзець гэты злыдны агрызак стрэльбы?

Кінуць яго дзе папала альбо схаваць ніяк нельга: пачнецца следства, допыты, а там выкручвайся. Адзіны спосаб — гэта проста панясці да каменданта і здаць яму. Але слова камендант, якога ён ніколі не бачыў, так спалохала яго, што яму стала аж нядобра ў нагах. Камендант маляваўся яму нейкім звышчалавекам, караючым усе праступкі, усё ведаючым, не маючым чалавечае жаласці. Пайсці на вочы да гэтага чалавека Гукоўскі не адчуваў сябе моцным.

Доўга стаяў ён каля вады, думаў, бадзёрыў сябе, але не мог сказаць, што заўтра ён будзе ў магчымасці развязацца з гэтаю нечаканаю бядою, якая павінна быць скончана самым простым і адзіна магчымым спосабам — праз здачу ружжа ў камендатуру. Зрабіўшы вывад аб апошнім, Гукоўскі павярнуўся ад рэчкі і пачаў узлазіць наверх. Ішоў ён дадому ўжо без усякае асцярожнасці, і на гэты раз ні жывое душы не трапілася яму насустрач.

Ядзя не паверыла сваім вачам, угледзеўшы каля дзвярэй мужа з мяшком. Яна турзанула яго за рукаў, каб хутчэй уваходзіў у дом.

— Што з табою страслося, што ты так доўга прабыў там і не кінуў гэтае брыды? Навошта ты прывалок яго сюды?

Гукоўскі нічога не адказаў жонцы і прайшоў у «габінэт». Ядзя, не столькі сярдзітая ад няўдачы мужа, колькі яго маўклівасцю, разышлася як мае быць. Яна называла яго зайцам, авечкаю і ўсякімі іншымі непрыемнымі словамі. Гукоўскі маўчаў, адчуваючы праўду ў жончыных упіканнях. Але ж ён не вытрымаў.

— Ты вось усё лаешся, а нават і не падумаеш, чаму я не развязаўся з гэтаю бядою. Я цябе ж пашкадаваў. Ты ведаеш, што магло б быць, калі б я кінуў у ваду мяшок: прыйшлі б заўтра альбо паслязаўтра шукаць аружжа; яго няма — а дзе яно? Нічога не скажаш, значыць, схаваў.— Ну, дык развязвайся тады як хочаш. Я... я ж цябе шкадую, кахаю, дык ці ж пакіну я цябе праз гэтую няшчасную выпадковасць?

— Ну, а як жа ты думаеш развязацца ўсё ж такі?

— Вось што трэба зрабіць. Быў загад здаць усё аружжа каменданту, мы і здамо яго як следуе. Тады, па крайняй меры, ніякай падазронасці не будзе на нас ляжаць.

— Каменданту? А хто ж туды пойдзе?

— Я так думаю, што табе лепш пайсці. Ты, кабета, гаспадыня — знайшла там заваляшчую стрэльбу, дык вось і прынесла: вазьміце, калі ласка. Возьмуць у цябе, ніякае ўвагі не звернуць як на кабету. Я ж савецкі служачы, былы чыноўнік, дык падумаюць, што я немаведама з якою мэтаю трымаў аружжа.

Ядзя прыкусіла губы. Ёй надта не спадабалася прапазіцыя мужа: чаму гэта ёй, шляхцянцы, прыходзіцца ісці да нейкіх там камендантаў з мужыкоў; чаму гэта сам муж не хоча зрабіць гэтага. Ён, мусіць, шкадуе сапсаваць свой гонар, дык у яе ён таксама ёсць. Каб яшчэ з чым іншым пайсці, а то цягніся ліха ведае куды з гэтымі нязграбнымі жалезінамі. Потым Ядзю асвятліла думка, што муж проста палохаецца сам несці. Каб ён быў смялейшы, дык ён вось цяпер не прынёс бы мяшок дадому: кінуў бы ў ваду, а там было б відаць, што зрабілася б далей. Гэтая думка настроіла Ядзю зусім варожа да Гукоўскага. Яна доўга думала, а потым прамовіла:

— Не пайду я да каменданта! Калі табе трэба, дык можаш сам несці стрэльбы.

На другога чалавека такая жаночая заява магла б зрабіць два ўплывы: ён ці стаў бы яшчэ больш упарта дамагацца свае мэты ў першым напрамку, альбо гэткая заява была б тою пугаю, якая падагнала б яго самога. Але Гукоўскаму ні тое, ні іншае не ляжала ў яго натуры. Ён проста лішні раз спалохаўся ў сваім жыцці: раней ён палохаўся думкі пайсці да каменданта, а цяпер ён баяўся, што жонка будзе злосная. Дзеля гэтага яму не было чаго больш казаць Ядзі, і ён, як аплёваны, паплёўся ў каморку-спальную. Лёгшы не распрануўшыся, ён першы раз пачуў сябе зусім адным на свеце. Нават у той час, як ён сабатажыў, не было так дрэнна на сэрцы, як сёння; тады хоць жонка заўсёды была на яго баку. Цяпер жа, відаць, яму аднаму прыйдзецца вытрымаць гэтую перадрагу. Супраць Ядзі нічога варожага ў яго не было, але не хацелася больш гаварыць з ёю.

Ядзя доўга ўбіралася па гаспадарцы, нібы знарок не жадала падысці да мужа. Злосць яе ўжо адышла, але тое, што яна сказала, наставіла нейкі рубеж між мужам і ёю. Яна чула, што перайсці цераз гэтую мяжу будзе трудна альбо і зусім немагчыма. Шкадаваць ці не аб гэтым — яна не ведала, бо не магла даць сабе адказу на тое, што за чалавек яе муж. Да апошніх часоў яна ведала яго як чыноўніка, які спадабаўся ёй сваёю далікатнасцю ў параўнанні з засцянковымі шляхцюкамі. Яго ж палахлівасць, боязнасць усяго, што стаяла вышэй альбо што пагражала яму, стала ёй паказвацца толькі ў апошнія часы і асабліва яскрава абрысавалася сёння. Ядзя мімавольна паставіла пытанне: што варт яе муж? Гэтае пытанне ўжо нарыхтоўвае крок чалавека ў той ці іншы бок, але ніколі не пакідае яго на тым самым месцы. Ядзя не дала сабе адказу ў гэты вечар, але пытанне стаяла перад ёю і не выходзіла з яе галавы.

Ноч праходзіла не ў лепшым настроі, як і папярэдняя. Гукоўскаму ўсё здавалася аблава, вобыск і іншыя непрыемныя здарэнні. Да жонкі ён не звярнуўся ні адным словам, баючыся яшчэ больш раззлаваць яе. Ядзя зусім забылася аб стрэльбах і ўсё ламала голаў над засеўшым там пытаннем аб вартасці чалавека, які ляжаў так блізка ад яе... Ну, але ўсяму бывае канец: скончылася і ноч.

Раніцаю ўсё пайшло звычайна. Звычайна Гукоўскі пайшоў на службу, нібы забыўшыся аб тым, што клапаціла яго ўчарашні дзень і ноч. Толькі выйшаўшы на вуліцу, ён пільна прыглядзеўся ў абодва канцы і потым хуткім крокам пайшоў па сваёй дарозе.

Ядзя з злоснаю насмешкаю паглядзела ўслед мужу і праказала самой сабе:

— Знарок прыкінуўся спакойным, хутчэй пайшоў на службу, абы яшчэ хоць на дзень-два адцягнуць патрэбу ісці, куды сам выдумаў. Ну, добра, пачакай.

Яна пачала апранацца, а потым распарола мяшок і высыпала адтуль жарству.

Выйшаўшы на вуліцу з абматанымі зрэбнінаю стваламі, Ядзя некалькі разоў павінна была прыпыняцца, каб даць тлумачэнне цікаўным суседкам, якія, пабачыўшы незвычайнае формы звязак, дапытваліся, што гэта такое. Адна нават запыталася, пачом яна плаціла і дзе дастала цяляціну, думаючы, што Ядзя нясе цялячую нагу. Яна нават стала раіць Ядзі, дзе лепш прадаць, калі яна нясе мяса ў горад. Ядзя была надта збянтэжана ўсімі гэтымі запытаннямі, бо не ведала, што адказваць. Адным яна казала, што нясе на продаж маладыя прысады, якія пакінуў ёй бацька, другім — што нясе ў горад правіць рознае гаспадарчае начынне. Але ніхто ёй не верыў, і таму Ядзя ўвесь час ішла, як з чымсьці крадзеным.

Каля моста цераз Дзвіну яе запынілі два чырвонаармейцы, якія запыталіся, што яна нясе. Ядзя ўся пачырванела ад недаўменнасці, што адказаць. Сказаць праўду ёй шкодзіў нейкі страх, які ўжо быў пасеяны ўчора; адказаць жа так, як яна адказвала маркаўшчынскім суседкам, не дазваляў сэнс. Так яна стаяла каля моста, апусціўшы вочы, і трымала пад пахаю сваю таемную маёмасць. Гэтая незвычайнасць зацікавіла вартаўнікоў-чырвонаармейцаў.

— Дык што ж вы нясеце, грамадзянка? — запытаўся яшчэ раз адзін.

— Ружжо! — выпаліла раптам Ядзя.

— Ружжо?! Куды ж вы яго нясеце?

Увесь спалох сышоў з Ядзі. Яна пусцілася падрабязна паведамляць сваім шпаркім языком усе абставіны знаходкі гэтае страшнае рэчы. Каля чырвонаармейцаў і Ядзі сабралася ўжо шмат прахожых, зацікаўленых тым, які выпадак можа здарыцца з чалавекам. Гандляркі з кошыкамі, мужчыны з партфелямі — усе прыпыняліся і хацелі даведацца, у чым тут справа.

— Пакажыце ваша аружжа,— сказаў чырвонаармеец, якому ўжо абрыдала слухаць доўгую рэч Ядзі.

Ядзя пачала разгортваць канец абмоткі. Бабы, што стаялі вакол, боязна адступіліся назад на некалькі крокаў, не спускаючы вачэй са страшнага звёртку. Чырвонаармеец глянуў на канец ствала, які ўжо быў відаць з абмоткі, усміхнуўся і сказаў:

— Ідзіце! Можаце схаваць сваё аружжа.

— Я нясу здаваць яго каменданту.

— Як сабе хочаце, гэта ваша справа.

Ядзя так і не зразумела, як ёй трэба рабіць. Чырвонаармеец адышоў ад яе і пачаў хадзіць перад мостам, наглядаючы за парадкам. Ядзя абвінула зноў сваю ношу і пайшла ў горад да каменданцкае ўправы.

Падыходзячы да дому, дзе змяшчалася ўправа каменданта горада, Ядзя так і не ведала, ці ёй трэба ісці, ці не. Яшчэ да моста ўсё было ясна, а там гэты недарэчны чырвонаармеец збіў з панталыку. «Як сабе хочаце»,— добра сказаць: можа, і не трэба несці гэтыя абломкі, а можа, калі не здасі, дык бяды набярэшся. Ліха яго ведае!

Але ўсё ж яна ўвайшла ў шкляныя дзверы, не паспеўшы даць сабе той ці іншы адказ. У першым пакоі, дзе апынулася Ядзя, стаяла некалькі ўслончыкаў паўз сцены, у кутку былі нейкія невядомыя драбінкі, у якія натыканы былі вінтоўкі са штыкамі. Чалавек пяць-шэсць чырвонаармейцаў сядзелі то там то сям каля запэцканых чарнілам столікаў і нешта пісалі. Ядзя крыху атарапела ад казарменнага выгляду памяшкання і не ведала, што ёй рабіць.

— Выбачайце,— ціха і ні да каго не зварочваючыся, сказала Ядзя,— хто будзе камендант.

— А нашто вам патрэбен камендант? — запытаўся адзін чырвонаармеец, над якім на сцяне было напісана «дежурный».

— Мне... мне трэба здаць яму аружжа,— адказала Ядзя і аж уся пачырванела.

— Ну, дзеля гэтага не трэба турбаваць таварыша каменданта. Вось вам паперка, на якой вы напішаце адказы на ўсе запытанні, а потым аддасце сваё аружжа.

Ядзя ўзяла лісток у чвэртку аркуша, прачытала, што гэты лісток завецца анкета. Потым ужо пайшлі ўсякія падрабязныя запытанні: як імя і прозвішча, калі ды дзе нарадзілася, чым займаецца, як і з кім жыве, адрас, ды гэтак далей — запытанняў каля трыццаці альбо і больш. Ядзя дзівілася, дзеля чаго гэта пытацца аб такіх нецікавых рэчах. Але, мусіць, усё гэта трэба, закон такі. Яна прысела за адзін з столікаў і таўсцеразным пяром, якім ужо, можа, пісалі з год, пачала старанна выводзіць усе весткі, якія трэба было ўлажыць у гэтую маленькую паперачку. Траплялася, што ёй не хапала вольнага месца ў радку, і яна доўга ламала сабе голаў, як ёй лепш напісаць, каб было зразумела, што яна займае і чародны радок адказам на папярэдняе запытанне. Пісаць яна дамагалася як найлепш — вядома, афіцыяльная папера, а ёй толькі раз на яе жыцці прыходзілася пісаць важны ліст: гэта як яна скончвала Докшыцкую школу.

Напаследак уся анкета запоўнена; яна зрабілася нават залішне поўнаю, бо з кожнага боку было падвойнае пісьмо. Ядзя, здаволеная тым, што сама справілася з «казённаю» папераю, падала яе дзяжурнаму.

— Слухайце, што ж гэта вы тут напісалі? — запытаўся той.— Тут ніколі не разбярэш, бо што напісана на ніжняй старонцы, перайшло на верхнюю — і наадварот.

Як на грэх, у гэтую хвіліну ўвайшлі ў памяшканне іншыя людзі, між якімі была і адна знаёмая Ядзі, якая часта хвалілася тым, што вучылася ў Віленскім жаночым вучылішчы. Пачуўшы такую ганьбу ад нейкага чырвонаармейца ды яшчэ пры людзях, а найгорш усяго — пры пані Дарашкеўчысе, Ядзя не магла ўтрымацца.

— Як — што я напісала? Калі вы непісьменны чалавек, дык няма чаго займацца такімі справамі, якіх вы не разумееце,— адрэзала яна чырвонаармейцу.— Вось,— звярнулася яна да свае знаёмае,— насадзілі тут гэтых невучоных мужыкоў ды кпяць над паважнымі людзьмі.

— Грамадзянка, няма чаго дарэмна разыходзіцца. Што вы тут напісалі, як-небудзь разбяром. Давайце ваша аружжа! — прапанаваў дзяжурны чырвонаармеец.

Ядзя падняла ўверх свой звязак і разгарнула зрэбніну, якою былі абвінуты ствалы стрэльбы. Усе з зацікаўленнем глядзелі, што гэта будзе за аружжа.

— Карабін! — шэптам гаварылі адзін другому прысутныя.

— Французская мітральеза,— насмешна сказаў чырвонаармеец, угледзеўшы ржавыя ствалы паляўнічае дубальтоўкі.

— Ну, вось! — Ядзя зусім зняла палатно, і перад усімі быў абломак стрэльбы.— Цяпер пусціце мяне да самога каменданта : няхай прыме аружжа і выдасць уласную распіску.

— Да каменданта? З гэтым смяццём? — пакаціўся са смеху вясёлы хлопец за сярэднім сталом.— Камендант падумае, што яму цётка трохцалёвую пушку прывалакла! Во быў бы падарунак!

Ядзя трымала брудную жалезіну ў працягнутай руцэ і вачэй не падымала на смех, які стаяў вакол яе.

— Што ж мне рабіць з ім? — напаследак запыталася яна.

— Давайце сюды!

Чырвонаармеец прыняў у Ядзі яе смертаносную начыніну і кінуў у куток за печ, дзе стаялі бярозавыя венікі і куды падмецена была куча смецця.

— А распіску вы мне дасцё?

— Добра!

Ядзя атрымала на вузенькай палосцы паперы распіску і хутчэй выйшла на вуліцу, нават не развітаўшыся з паняю Дарашкеўчыхаю. На сэрцы ў яе было надта нядобра. Уся гэтая гісторыя са стрэльбаю цяпер і самой ёй здавалася смешнаю, але кепска было адчуваць, што яна сама зрабілася разам пасмешышчам для людзей. Толькі апынуўшыся на вуліцы, Ядзя зразумела, як нікуды нягодныя абломкі зрабіліся ў вачах яе і мужа такім страшным аружжам. Гэта ніхто іншы, як яе Максім, з яго палахліваю душою, перарабіў спарахнелы кавалак жалеза ў такую рэч, якая валодала ўсімі іх думкамі на працягу двух дзён. Які ж ён пасля гэтага чалавек? Што ён за мужчына, калі сваёю недарэчнасцю прымусіў жонку ісці немаведама куды, слухаць кпінкі над ёю гэтых недалікатных чырвонаармейцаў?

Ядзя чым бліжэй падыходзіла да свайго дому, тым больш абуралася супраць мужа. Прыйшоўшы дадому, яна не зачыняла, як заўсёды, на ўсе застаўкі дзвярэй, не наводзіла парадку, а то сядзела, то стаяла нерухома і ўсё думала аб сваім мужу. Першы раз у яе зарадзілася думка, што яна зрабіла абмылку, звязаўшы свае жыццё з Гукоўскім. Але якіх-небудзь выразных вынікаў з гэтае думкі яна зрабіць не магла.

У звычайны час з’явіўся дадому і Гукоўскі. Як заўсёды, ён перш пастукаў і стаў чакаць, пакуль Ядзя адчыніць дзверы. Потым ён яшчэ раз пастукаў, але ніхто не ішоў насустрач. Гукоўскі быў надта здзіўлены гэтым, але ўжо зусім атарапеў, як дзверы самі адчыніліся, калі ён пастукаў мацней трэці раз. Ён нават адышоў ад ганка, думаючы, што ў дом залезлі чужыя людзі. Доўга ён не мог асмеліцца ўвайсці ў дом, малюючы сабе розныя жудасці. Але, напаследак, здагадаўшыся, што разбойнікі ўжо даўно наляцелі б на яго, калі б яны былі ў доме, ён, ціха крадучыся, пачаў пасоўвацца на ганак, а потым і ў самы дом.

Ядзя сядзела каля акна на вуліцу і нават не паварушылася, калі Гукоўскі апынуўся каля яе.

— Што, Ядзя, з вобыскам былі, знайшлі стрэльбу? — першаю здагадкаю яго было на ўсе тыя незвычайныя абставіны, якія ён знайшоў сёння дома.

— Не, нікога не было. Я стрэльбу здала каменданту,— працадзіла скрозь зубы Ядзя.

— Няўжо? І ты туды хадзіла, сама? — з нястрыманаю радасцю запытаўся муж.

— Сама! Хто ж пойдзе? У мяне муж...— яна не дагаварыла і адвярнулася зноў да акна.

Нягледзячы, аднак, на кепскі настрой жонкі, Гукоўскі стаў незвычайна жвавым і вясёлым. Ён сам пачаў гатаваць полудзень, жартаваў, пытаўся ў жонкі, як гэта яна так расхрабрылася пайсці ў такое страшнае месца. Ядзя перш маўчала, а потым крыху разышлася і апавясціла ўсё аб тым, як яна здала стрэльбу, і перш за ўсё — аб анкеце.

— Як, як ты кажаш? Там ты сваё прозвішча і адрас запісала? — перабіў Гукоўскі жонку, як яна паведамляла аб тым, што пісала ў лістку.

— Ну але, запісала! Там так трэба было — па парадку,— адказала яна і пачала гаварыць далей.

Але Гукоўскі яе больш не слухаў, ды і слухаць не мог. У яго з рук вылецеў нож і хлеб, які ён рэзаў; твар змяніўся і пазелянеў, рот перасох, і горла не прапускала ніводнага слова.

— А-га-га...— прагакаў ён і затросся, а потым, як мяшок, шуснуў на крэсла.

Ядзя не зразу зразумела, што сталася з яе мужам. Але гэта было толькі хвіліну. Яна ўспомніла смех над стрэльбаю ў каменданцкай управе, смех над сабою, і цяпер сама расхахаталася, як вар’ятка.

— Ох, спалохаўся! — скрозь смех гаварыла яна.— Зрабіў пугала з кавалка ржавага жалеза! На Дзвіну хадзіў тапіць! Раніцою цішком на службу ўцёк, спадзяваючыся, што Ядзечка справадзіць страшнае аружжа! Ну, што ж? Я справадзіла. Будзь рад... Ха-ха-ха!..

Але Гукоўскаму было не да смеху. Ён яшчэ не прыходзіў у сябе, твар быў скрыўлены, як быццам сківіцы саскочылі з месца. Праз некалькі хвілін ён сказаў:

— Выбачай, Ядзя, я пайду лягу — есці не хачу.

Ядзя правяла вечар адна, але ёй ужо не было маркотна без мужа.

 

 

ІІІ

 

Справа з Гукоўскім пачалася зусім выпадкова, не мела ніякае значнасці, але потым яна зрабіла вялікі зварот у іх жыцці.

Пасля таго дня, як Ядзя пабыла ў каменданцкай управе, між ёю і мужам пачаліся іншыя адносіны. Тое пытанне, што запала ёй у голаў аб вартасці Максіма, як чалавека, усё часцей ды часцей надыходзіла цяпер на яе. Для Ядзі муж ужо зрабіўся нейкім чужым чалавекам, якога яна разглядала з вядомае далечыні. Яна прыпамінала ўсе з’явішчы іх супольнага жыцця, усе дробныя непаразуменні, якім раней не давала ніякае ўвагі, і перад ёю станавіўся нямоцны, нібы забіты зроду страхам чалавек. Апошні выпадак падмацоўваў вельмі яскрава гэты абрыс мужа. Чым болей Ядзя разглядала душу свайго мужа, тым больш яе захапляў сполах перад будучыняю.

Гукоўскі, нібы пабіты альбо спаганены кім, адчуваў сябе пры жонцы ўвесь час нядобра. Прыходзячы дамоў, ён стараўся міжвольна як найхутчэй зачыніцца ў сваім «габінэце». Уся яго быўшая экспрэсія кудысьці загінула. Раніцою ён таксама пачаў спяшацца на службу і выходзіў з дому гадзіны каля сёмай, не чакаючы нават снядання. Некалькі разоў у яго было жаданне загаварыць ад сэрца з жонкаю, але яе задумлёны выгляд, сурова сціснутыя губы і халодны погляд вачэй адымаў у яго мову. Так дзень за днём між імі ўзвышалася сцяна, якою яны аддзяляліся як у дробных жыццёвых інтарэсах, так і маральна.

На службе Гукоўскаму таксама не было спакою. Тое, што дзесьці вядома аб тым, што ў яго, Гукоўскага, знойдзена была стрэльба, заўсёды стаяла перад ім. Яму здавалася, што ўсе ў Саўнаргасе ведаюць аб гэтым, ды не толькі ў Саўнаргасе — увесь Віцебск гэта ведае. Дзеля гэтага, гаворачы са сваімі сябрамі па службе, Гукоўскі хаваў свой позірк, нервова прыслухоўваўся да інтанацыі голасу таго, з кім гаварыў.

Аднаго дня загадчык канцылярыі падышоў да Гукоўскага і запытаўся, ці ёсць у яго аружжа. Гукоўскі ад неспадзеўкі так спалохаўся, што не мог доўгі час прамовіць слова. Загадчык здзіўлена глядзеў на яго і, мусіць, не мог іначай зразумець гэтага перапалоху, як тым, што Гукоўскі абвешаны аружжам з галавы да пят.

— Калі ласка, зарэгіструйце яго, загад такі ёсць,— сказаў ён Гукоўскаму, не дачакаўшыся адказу на сваё першае запытанне, і выйшаў з пакоя, дзе сядзеў Гукоўскі.

Гукоўскі доўга нічога не бачыў перад сабою. Калі ж ён крыху адышоў, то загадчыка ўжо не было перад ім. «Зноў гэтае аружжа, ну, ды цяпер ужо не будзе спакою... І навошта яна фамілію запісала?» — праносілася ў галаве Гукоўскага. Думкі паплылі па гэтым напрамку, наскоквалі адна на другую, засланялі сабою ўсё іншае. Ён спрабаваў чытаць ляжаўшыя перад ім паперы, але з гэтага нічога не выйшла: ён ні слова не разумеў з таго, што было напісана ў штампаваных адносінах, спраўках, загадах.

На другі дзень Гукоўскі на службу не пайшоў. Яму здавалася, што ўсе злыдні ўсяго свету нарыхтаваны супраць яго: досыць яму выйсці на вуліцу, як яго могуць запытацца, куды ён схаваў гармату альбо кулямёт.

Ядзя, так ужо прывыкшы праводзіць дзень адна, была здзіўлена тым, што муж застаўся дома.

— Куды ж я пайду,— адказаў ён на яе запытанне.— Усім здаецца, што я сапраўдны контррэвалюцыянер, што мяне трэба засадзіць у астрог.

— Ах! Каб ты быў ці рэвалюцыянер, ці хоць контррэвалюцыянер, а то ты...

— Што я?

— Нічога!

Гукоўскі не ўцяміў, як зразумець апошняе слова жонкі. Ён падумаў, што яна не хоча выказваць свае думкі, якую не скончыла на словах.

— Яны зноў дапытваюцца ў мяне аружжа! — жаласліва сказаў ён, нібы шукаючы падтрымання ў Ядзі.

— Аружжа?! — і па хаце панёсся звонкі, сухі, жорсткі смех.

Гэты смех нібы бізуном хляснуў Гукоўскага, быццам нажом разануў яго грудзі і асвятліў яго мазгі: жонка не з ім, ён застаецца адзін супраць тых хваляў, якія шточасіну могуць ахапіць яго, скрышыць і знішчыць.

Гукоўскі больш не мог ужо ўвесь дзень нічога сказаць жонцы. Пад вечар з ім стала кепска: ён злёг, але не знаходзіў сабе месца на ложку. Раз-пораз ён ускокваў на ногі, круціў з газетнай паперы тоўстую цыгарку з махоркі, раптам выкурваў яе, аж да млявасці ва ўсім целе, але не знаходзіў сабе забыцця...

Гукоўскі ўжо некалькі дзён не быў на службе. Там уперад хапіліся, што яго няма, а потым і забыліся: справы, якія ён вёў, нікога не цікавілі і нікому не былі патрэбны.

Тым часам падыходзіў вялікдзень. У Гукоўскіх ужо падыходзіў да канца паёк. Гарбату пілі без цукру, хлеба выдзялялі к палудніку па самым невялічкім кавалачку, на вячэру гатавалі некалькі бульбін. Ні Максім, ні яго жонка не наказвалі старому Сеўбе прывезці чаго-кольвечы. Уставала пытанне, што прыйдзецца рабіць праз два-тры дні. Але Гукоўскі над гэтым мала непакоіўся. Увесь тыдзень перад вялікаднем ён цішком хадзіў па царквах, не кажучы жонцы, дзе ён бывае: Ядзя была каталічкаю — і ўперад надта багамольнаю. Але цяпер яна не зварочвала ўвагі на тое, куды ідзе муж. Яна заставалася дома і ні аднаго разу не паказалася нават у касцёле.

У пятніцу перад вялікаднем раніцаю Гукоўскі, толькі ўстаўшы, быў ашаломлены: Ядзя сядзела ўжо зусім апрануўшыся і снедала, ды так паспешна, быццам вось-вось ёй трэба выйсці з хаты, і надоўга.

— Што гэта з табою, Ядзя? Ці ж можна сёння есці? — першым чынам запытаўся ён.

— Чаму ж не можна, калі ёсць што,— адказала яна.

— Ды сёння ж вялікая пятніца!

— Гэта німа ніц!

Гукоўскі нічога не разумеў. Ён паглядаў на Ядзю, нібы перад ім быў чалавек з другога свету. Як жа гэта, Ядзя, яго жонка, не паважае вялікі святы закон? Што з ёю зрабілася? Яму здавалася, што вось зараз пярун разаб’е, спаліць гэты грэшны дом і іх разам. Але ўсё заставалася спакойна і на месцы. Ядзя скончыла снеданне і ўстала, завязваючы на галаве шаліноўку.

— Куды ж ты пойдзеш?

— Трэба ісці куды-небудзь, чаго ж тут дасядзішся з табою,— адказала роўным голасам Ядзя.

— Ядзечка, надыходзіць жа свята! Ты б зрабіла што-кольвечы, а то як жа мы будзем праводзіць яго? Помніш, як у мінулыя гады гэтыя дні былі вясёлымі, здольнымі: не было ні смутку, ні задуменнасці, ні злосці. Цяпер усё сапсавалася, стала нудным і буднім. Няўжо ж і ты пойдзеш па гэтай дарозе?

— Рабі сабе што хочаш, а мне трэба ісці хлеб зарабляць, а не цацкамі займацца!

Зноў загадка. Ядзя ідзе хлеб зарабляць? Як, дзе, што яна можа дастаць? Гукоўскі не мог даць сабе ніякага разумнага тлумачэння, не мог даведацца больш дасканальна і ад жонкі, бо яна ўжо прамільгнула перад акном на вуліцы. Доўга ён стаяў пасярод хаты, азіраючыся вакол сябе: яму пачало здавацца, што ён не дома, што нейкі іншы, новы свет перад ім, незразумелы, адарваны ад яго ўласнага складу. Ядзя ні разу не была ў касцёле ў апошнія дні, пайшла шукаць хлеба! Як гэта магло зрабіцца? Бляды, як у манаха, твар Гукоўскага паварочваўся ва ўсе бакі, погляд запыняўся на кожнай хатняй рэчы, але яны маўчалі, не разумеючы таксама, як і іх гаспадар.

Цэлы дзень Максім Гукоўскі не ведаў, куды дзець сябе. Спачатку ў яго была думка пайсці на службу і пачаць зноў тое жыццё, якое некалькі часу таму назад пачало ўцягваць яго ў свой кругабег, нават захопліваць яго, будзячы нейкія спрыяючыя надзеі. Але гэта было толькі на хвіліну — такое жаданне. Перад Максімам, як чорныя дэманы, захадзілі сумненні, полахі, падазронасць да ўсяго на свеце. «Не хадзі — згінеш» —нашэптвалі яны яму: «Увесь свет супраць цябе, нават родная жонка не хоча больш знацца з табою». Гэтыя дэманы кружыліся, узводзілі вялізарныя сталяванні, будавалі між ім і ўсім астатнім тоўстыя, шэрыя, хмурыя, як ноч лістапада, муры, праз якія ніякая сіла не мела моцы прасягнуць. Чым больш хадзіў па хаце Гукоўскі, тым болей муры гэтыя збліжаліся, і ўжо здавалася, што вось-вось яны сыдуцца і расціснуць яго ў прах... Ён хадзіў усё па хаце, дамагаўся чым-кольвечы разагнаць той змрок, які запаў на сэрцы, але нічога не дапамагала — нават «Русский Инвалид» з яго капітанамі, палкоўнікамі ды генераламі.

Невядома да чаго дахадзіўся б Гукоўскі, калі б не звон у манастыры. Ён звярнуў яго думкі крыху ў другі бок. Здаволены, што можна пакінуць на нейкі час сваю хату, ён заспяшаўся апратвацца — і праз некалькі хвілін, сагнуўшыся, нібы пастарэўшы на дваццаць год, дробным, нясмелым крокам нарыхтаваўся да плашчаніцы...

Вярнуўшыся з царквы, Гукоўскі застаў Ядзю ўжо дома. Яна, здавольная, але яшчэ больш чужая да яго, чымся ва ўсе апошнія часы, займалася хатняю работаю. Як толькі ён увайшоў, яна зірнула на яго, быццам на якую нежывую рэч і нават ні словам не запыталася аб чым-небудзь. Гукоўскім яшчэ раз заўладаў інстынкт жывога, злосць апанавала яго раптам.

— Здаецца, я муж табе, і нельга так воўкам пазіраць на мяне, Ядзя! — гнеўна сказаў ён.

З боку Ядзі моўчкі.

— Слухай, Ядзя! Кінь здзек нада мною, не то — кепска будзе! — ужо закрычаў ён.

— Ты, здаецца, быў у царкве, няўжо там казалі табе лаяцца? — насмешліва праказала Ядзя.

Гукоўскі так раптам сціх, як і ўскіпеў. Ён нясмела зірнуў на Ядзю і вінавата апусціў уніз вочы. Ядзя кінула на яго косы позірк, чуць усміхнулася і зноў занялася сваімі справамі.

Гукоўскі браўся за кніжкі, курыў, хадзіў узад і ўперад па хаце — і нішто не магло заняць яго. У галаве ўвесь час дрочыла цяпер ужо адна асноўная думка: што робіць у горадзе жонка і як далей складуцца іх адносіны. Такое становішча, вядома, доўга цягнуцца не можа. Але які выхад з яго — Гукоўскі не мог даць сабе адказу. Фарба сораму залівала яго твар, як ён даходзіў да думкі аб тым, што жонка будзе карміць яго сваім заработкам. Якім заработкам?

— Ядзечка, давай пагаворым трохі,— нясмела прапанаваў ён.

— Аб чым жа ты хочаш гаварыць?

— Ці ж у нас ужо няма аб чым гаварыць? Ядзя! Ужо колькі дзён, як ты маўчыш, зрабілася нібы чужою мне. Завошта гэта?

— Не ўпікай мяне, Максім! Калі ласка, не прымушай мяне казаць аб усім тым, што за гэтыя дні накіпела ў мяне на сэрцы. У мяне ўсё зараз перагарыць, і я тады табе скажу.

— Чаму ж цяпер? Ты кажаш — перагарыць... А чаму там гарэць? Здаецца, я нічым цябе не пакрыўдзіў.

— Не, не, ты не пакрыўдзіў! Ты... толькі ашукаў мяне.

— Ашукаў? У чым?

— Так, ашукаў, і ўжо я не маю сілы верыць ні табе, ні таму, чаму ты верыш.

Ядзя змоўкла, і суровая маршчына прайшла на яе чале. Гукоўскі сполахна глядзеў на строгі твар жонкі і нічога не мог зразумець з яе апошніх слоў. Міма розуму ён адчуў, што калі ў гэты момант яму не ўдасца зламаць сцяну між ім і Ядзяю, то зробіцца нешта незваротна-цяжкае.

— Ядзя, любая! Я ж кахаю цябе, жахаюся ад думкі зрабіць табе прыкрасць, прынесці хоць маленькае гора. Я ашукаў цябе... У чым жа, у чым — скажы! Ты ведаеш, што дагэтуль у мяне не было ніводнае думкі, ніводнага намеру альбо якое дзейнасці, каб ты яе не ведала. Я ўсё казаў табе — і толькі праўду. У чым жа ты мяне вінаваціш?

— Ні ў чым я цябе не вінавачу. Можа, я не так сказала: не ты мяне ашукаў, а я ашукалася ў табе. Вінавата я сама.

Гутарка зноў прыпынілася. Ядзя так і не выказала свае думкі, не сказала аб той прычыне, праз якую зрабілася такая перамена ў яе адносінах да мужа. Яна нічога не сказала аб тым, што яна перадумала за апошнія дні.

— Ці кахаеш ты мяне? — пасля доўгае паўзы запытаўся Гукоўскі і сам спалохаўся свайго запытання, пастаўленага рубам.

Ядзя падняла голаў, доўга ўглядалася ў твар мужа: здавалася, яна шукала ў ім хоць аднае рыскі, якая б магла прымусіць яе даць жаданы яму адказ.

— Не... не ведаю,— з цяжкім напружаннем сказала яна.

Сказала, і зрабілася шмат лягчэй.

Іншы на месцы Гукоўскага пасля гэтага адказу зразу здагадаўся б, як яму быць, што азначае гэты адказ. Але такі ўжо склад быў у Гукоўскага: такі невыразны па форме адказ здаволіў яго — яму стасавала па душы сумленнасць, няяснасць, невыразнасць. Ён з палёгкаю ўздыхнуў, нібы атрымаў надта добры адказ. Каб не турбаваць больш жонкі, ён пакінуў яе адну, лічачы, што ёй трэба супакоіцца пасля гэтае вострае гутаркі.

«Ну вось, усё добра будзе: пазлуе крыху, ды пройдзе ўсё»,— думаў ён.

Гэтая думка быццам скінула з яго сэрца вялікі камень, які ляжаў там ужо некалькі дзён, з тых часоў, як счаўплася гэтая трасца са стрэльбаю. Седзячы на канапе ў «габінэце», Гукоўскі пачаў маляваць сабе зноў добрыя дні. Ён пасля свята пойдзе на службу, скажа, што ён быў хворым усе гэтыя дні. Зноў у яго будзе добры паёк, і Ядзі не трэба будзе хадзіць на нейкую там работу... Але што ў яе за работа? Чаму яна хоць абмылкам не скажа аб ёй? Ну, але нічога! Усё пройдзе. Трэба толькі больш рашучасці... «Ядзя мяне кахае, яна толькі пасаромелася пасля гэтых дзён адчужанасці сказаць гэта»,— рашыў ён у сваіх думках. Вядома, кабета! А можа, яна проста не хацела заводзіць аб гэтым гутаркі ў такі дзень — вялікая ж пятніца. «Яна мяне кахае, гэта так!» — сцешыў ён сябе канчаткова.

Ядзя цэлы вечар длубалася з рознаю дробнаю работаю. Яна падчас і так сядзела, задумаўшыся над чымсьці далёкім. Але як толькі раздаваліся крокі мужа ў сумежным пакойчыку, яна зноў з тараплівасцю бралася за шытво альбо за што другое, быццам баялася застацца адна зноў з мужам. Ёй здавалася, што невялічкі кавалачак порту з’яўляецца трэцім жывым стварэннем, якое становіцца між ёю і Максімам і пасабляе ёй адхіліць гутарку з апошнім. І ўзапраўды, Гукоўскі, застаючы жонку за работаю, ціха варочаўся ў свой кабінет. Так прайшоў першы раз у жыцці Ядзі вечар у вялікую пятніцу, і ніякага жалю ў яе не было.

На другі дзень Ядзя таксама зранку выйшла з дому, не сказаўшы ні слова, куды яна ідзе.

Гукоўскі, застаўшыся адзін, не быў у такім прыгнечаным становішчы, як учора. Наадварот, на яго напала вялікая ахвота дзейнасці. Заўтра ж вялікдзень, а яны як быццам забыліся аб гэтым з-за сваіх перараканняў. Ды і гэтая Ядзя, чаго яна варта, калі зусім не дбае аб такім вялікім дні. Гэта ж яе справа паклапаціцца аб тым, каб было чым сустрэць свята. Ну, і гаспадыня зрабілася ў Гукоўскага!

Ён зусім занепакоіўся аб тым, што ж будзе са святам, хто прыбярэ? Ядзі не было. Трэба што-кольвечы рабіць. Перш за ўсё належыць дастаць паложаныя па звычаю рэчы, як пірог, яйкі і гэтак далей. Але тут зразу перашкода: няма грошай. Гукоўскаму кальнула ў сэрца: гэта ён сам вінаваты, што давёў да такога становішча гасподу... Ядзя пайшла хлеб зарабляць... Як гэта цяжка і прыкра! Ну, хоць трэба зрабіць ёй прыемнае — дастаць на свята больш далікатнейшае яды, а таксама выканаць рэлігійныя запатрабаванні.

Нядоўга думаючы, Гукоўскі адчыніў куфэрак, дзе хаваліся яго заветныя ўборы, і пачаў выцягваць адно за другім: нагавіцы, камізэльку, форменную жакетку, гамашы і іншае. Над кожнаю рэччу ён меркаваў і аб патрэбнасці пакінуць для сябе і аб тым, колькі і чаго можна дастаць за яе ў гандляроў. Як ён ні вырахоўваў, як ні шкада было жакеткі, але толькі за яе можна было разлічваць атрымаць столькі, што хапіла б на скупы святочны стол. З вялікім жалем зрэзаў ён блішчастыя гузікі і пятлічкі з гвяздамі, захаваў іх у куфэрак на самае дно, а потым закруціў жакетку ў газету.

— Не будзе чаго і святам адзець па-людску,— сказаў ён сабе.— Ну, але ж не век быць і жакетцы, ліха яе бяры.

З жакеткаю пад пазухаю Гукоўскі пайшоў у горад да знаёмых гандляроў, якія патаемна гандлявалі ўсім, нягледзячы ні на якія забароны. З імі ён быў знаёмы яшчэ з часоў свайго сабатавання. Дзеля гэтага яму і цяпер не было ніякае перашкоды збыць ім жакетку і дастаць цераз іх розных, патрэбных па яго погляду, спажыўных рэчаў. Гадзіны праз тры-чатыры ён ужо ішоў назад па Маркаўшчыне, несучы такі клунак па велічыні, як і быўшы скрутак яго тужуркі.

Разлажыўшы ўсё абмененае на стале, Гукоўскі з нецярплівасцю пачаў чакаць Ядзю, каб ёй пахваліцца сваёю спрытнасцю.

Але ўжо зусім вечарэла, а яе ўсё не было чуваць. Гукоўскі пачаў непакоіцца, хоць і збіраўся памалу сам к святу.

Ядзя звярнулася дамоў ужо на самым цямненні. Гукоўскі, паголены, з памаладзеўшым выглядам і апрануты ва ўсе астаткі свае бывалае шляхетнасці, сустрэў яе з радасцю і з невыразнаю ўрачыстасцю. Перад абразамі ў кутку цьмяна мільгалі рознакаляровыя агеньчыкі ў сініх, ружовых, чырвоных лампадках, побач якіх гарэлі дзве даволі вялікія свечкі. Па ўсім пакойчыку стаяў пах алею і фіксатуару. Стол пасярэдзіне быў пакрыты чыста-белым абрусам, і на ім стаялі нейкія дробныя рэчы, якіх зразу нельга было разгледзець.

— Дзе ж ты так доўга затрымалася, Ядзечка? Я цябе чакаў-чакаў... Заўтра ж вялікдзень, а ты нават і ўвагі не звярнула на гэта.

— Вялікдзень? Ну, дык што ж, такі самы дзень, як учора альбо сёння,— адказала Ядзя, скідаючы адзежу.

— Што ты гэта гаворыш? І адкуль у цябе такія кепскія, нават шкодныя думкі?

— Нічога ў гэтым кепскага няма.

— Вось, глядзі! Я сам прыгатаваў усё да свята.

Гукоўскі паказаў на стол. Ядзя зірнула туды.

На стале ў талерцы стаяў, але не! лепш — ляжаў маленькі кружочак, таўшчынёю з добрую аладку, «куліча». Ён так нізка выглядаў з талеркі, нібы яму было сорамна за свой малы рост і ён знарок хаваўся на дно. Але затое верх яго аздабляла такая пышная з чырвонае паперы кветка, што здавалася абмылковым уражанне аб малой велічыні гэтага героя заўтрашняга дня. Уваткнутая на тоненькім дроціку, гэтая кветка лёгка хісталася ў бакі, нібы віншуючы гасцей. Побач з «кулічом», на той самай талерцы ляжалі два фарбаваных яйкі, задраўшы насы ўверх. Здавалася, што яны ганарацца сваёю чэсцю і хараством перад шэрымі, нязграбнымі бульбінамі, якія ляжалі нясмела на другой чысцёханькай талерцы, на якой былі нарысованы голыя амурчыкі сярод ружовых кустоў.

— Ну як табе спадабаецца, Ядзечка?

Ядзечка акінула вокам стол, куток з абразамі і прылізанага мужа. Лёгкая, чуць прыкметная рыска адваротнасці злажылася на яе твары, уваччу прамільгнуў праменьчык смеху, але яна стрымалася і праз момант стала непрасягна-спакойнаю.

— Добра,— адказала яна на запытанне мужа.

У Гукоўскага заласкатала ў сэрцы ад здаволенасці.

— Праўда, будзе чым разгавецца! — лісліва гаварыў ён Ядзі.— Але ж гэты Моўша, на яго ліха, садраў з мяне,— ах, як садраў! Ведаеш, гэта ж усё за маю святочную жакетку. Як гэта я пайду заўтра ў госці да гэтых Шэлегаў? Яны такія ганаровыя людзі, а пайсці трэба.

Імпэт крыху спаў з Гукоўскага пры гэтых думках. Яму раптам стала надта шкода яго жакеткі, якая пайшла цяпер гуляць па людзях. Уныла зірнуў ён у бок вуглавога століка, дзе ляжалі стаўшыя непатрэбнымі гузікі і пятлічкі. Гэтыя рэліквіі нібы сведчылі аб тым, што ён толькі быў чалавекам. Паваляюцца гузікі дзе-небудзь у шуфлядцы, і выкінуць іх, як непатрэбныя, у смяццё. А з чалавекам не тое самае бывае альбо можа быць? Моmento morі яшчэ раней, чымся сапраўдная смерць прыйдзе.

Ядзя прыкмеціла змену ў настроі мужа. Яна і без запытання ведала, якія думкі валодаюць ім, і ёй стала смешна ад тае барацьбы, якая ішла ў мужа.

— Табе, здаецца, шкода свае жакеткі? Дак ты пайдзі размяняйся з Моўшаю, пакуль не зусім позна,— з ледзьве стрыманым смехам сказала яна.

— Вярнуць куліч, яйкі! Э, не-не! Што ж мы панясём свянціць? Ад людзей брыдка будзе, дый грэх.

— Ну, гэта твая справа — як хочаш.

Гукоўскаму зрабілася яшчэ горш ад гэтае халоднае незацікаўленасці жонкі. Ён бачыў, што ўсё яго старанне за гэты дзень гібне дарэмна: Ядзя ўвачавідкі робіць сябе непрыхільнаю ні да свята, ні да збораў.

— Ядзечка, чаму ж ты не прыбіраешся? Трэба ж будзе нам у цэркаў ісці, панясём свянціць паску.

— Мне няма калі ісці ў тваю цэркаў, ідзі сабе адзін, калі хочаш, а мне трэба на сабранне.

— ?!

Ружовая кветка на «кулічы» заківала спачуваючы. Шэрыя картопліны паглядалі то агідна на сваіх маляваных суседзяў, то насмешліва — на гаспадара. Гузікі з пятлічкамі зашушукалі і ўздыхнулі цяжка аб сваім месцы на жакетцы. Куліч зусім засаромеўся і яшчэ больш уціснуўся ў дно талеркі. Толькі махровая кветка яго не магла схавацца і ўсё ківала ды ківала сваёю папяроваю галоўкаю...

 

1925 г.

 

 


1925?

Тэкст падаецца паводле выдання: Нёманскі Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 598 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан