epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"А сатана — людзей і Бога вораг..."

А сатана — людзей і Бога вораг —

Бывае, шэпча ціхенька на вуха:

«Паслухай,— шэпча ўнікліва,— паслухай,

Што табе разумныя гавораць.

 

Паслухай — і хадзем са мною смела».

Куды хадзем? Галоўнае — навошта?

«Якая розніца — ратуй спачатку цела,

Усё даруецца — якой крывёй і коштам!»

 

Чакай, а як душа? Яна ж святая!

Смяецца ў самы твар тады нягоднік:

«Душа? Ты што — у воблаках лятаеш?

Няма душы! Не да яе сягоння!»

 

Дык, значыць, без душы аром і сеем?

Дык, значыць, без душы дзяцей люляем?

І без душы мы ненавідзім змея,

Які з нейтроннай бомбаю гуляе?

 

Нячысцік, згінь! Душа мая са мною

Заўжды была і будзе — як сумленне.

І яе ні ласкай, ні маною

Не адбярэ ніхто ні на імгненне!