epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"А спачатку..."

А спачатку

Бомбы

Дзецям здаюцца зусім не страшнымі.

Яны нагадваюць ім

Сімпатычныя, даверлівыя

Мордачкі дэльфінаў,

З якімі так і хочацца,

Агалосіўшы ўсё навокал

Сваім радасным смехам,

Пазабаўляцца,

Падурэць.

 

Няўжо гэтаксама

Думаюць і дарослыя,

Калі пачварную атамную бомбу,

Нібы немаўлятка,

Называюць так ласкава:

«Малыш»?

 

Дык чаму ж тады яны,

Скінуўшы яе на дзіцячыя галовы,

Вар’яцеюць самі?!