epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Ачаг сямейны — звыклы тэлевізар..."

Ачаг сямейны — звыклы тэлевізар —

Ледзь тлее, і вуркоча па-кацінаму,

І нешта шэпча млява-шапялява,

А за акном — дажджы, дажджы, дажджы.

 

Шыпіць ачаг, нібы сырыя дровы,

Патрэсквае часамі, як вугалле,

А на экране — ўздыбленае мора

І ў ім змагаецца са штормам карабель.

 

Гляджу і слухаю. Міжволі ўспамінаю:

Сямейная утульнасць — гэта гавань,

Ціхая, спакойная, куды заўсёды

Спісваюць старыя караблі.

 

І думаю, як прымірыць нам, людзям,

Такі вунь шторм, што аж экран ламае,

З утульным, млявым шэптам тэлевізара

Увечары, калі ідуць дажджы?