epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Адчай

Сербская балада. XIII стагоддзе

 

Уцякайце ж вы, нашы дзетачкі,

А куды ўцякаць — мы не ведаем,

Ратавацца як — не навучым вас:

Жываглот ідзе страшна-жудасны,

Вурдалак ліхі, ненажэрны цмок,

Той, хто ўлёт ляціць, хоць і сам без крыл,

Хто і без кап’я працінае ўсіх,

Без мяча сячэ — не стамляецца

І без паліцы забівае ўсіх,

Хоць зусім без ног, а ўслед гоніцца,

Хоць не мае рук, а хапае ўсіх,

Есць спрытна людзей без спатолення,

Ні старых-малых не шкадуючы,

І пасля яго — вёскі мёртвыя...

Уцякайце ж вы, малалетачкі,

Хоць мы ведаем — не ўцячэце вы:

Ён дагоніць вас, кожан-кожнага,

Знойдзе ўсюды сам, пахаваных вас,

Забярэ з сабой, кволых, сцішаных,

Бо страшыдла той — голад, дзетачкі...