epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Адкуль я помню гэтакі малюнак?.."

Адкуль я помню гэтакі малюнак?

Раўніны Кеніі бяскраю пад нагамі,

А ўверсе — кроны упляліся ў кроны,

А ўнізе — змрок ад гушчару акацый,

І шлях, стаптаны босымі масайя,

Які вядзе з нікуды ў нікуды.

Нябачныя гіены. Толькі рогат,

Нібыта звар’яцелы іхні рогат

Гучыць уночы жудасна падоўгу

У апраметнай афрыканскай цемрыні...

 

Адкуль я помню гэтакі малюнак?

 

А можа, і не гэты, а вось гэты

Малюнак помню я наўздзіў яскрава:

Шумяць высозныя бразільскія гевеі,

На кожнай з іх — надрэз касы, глыбокі,

Што зроблен вострай дзюбкаю нажа.

А па надрэзах сочыцца сок латэкс —

Кроў дрэва, што каўчукам потым стане,—

І капае, і капае — сцякае

У гліняныя ёмістыя місы,

Падвешаныя да параненых ствалоў.

 

Адкуль і гэты помню я малюнак?

 

Не, пачакай, здаецца, бачу новы

Малюнак я ўжо. Быццам над гаямі

Какосавымі, а таксама

Над водамі рачулак малярыйных,

У Папуа, што Новая Гвінея,

Усходзіць сонца. Па дарогах

Ідуць, нібы на паляванне, папуасы

З праткнутым носам — перыной птушынай,

На галаве — таксама ўборы з пер’я,

З клыкоў кабанніх — важкія каралі,

Набедраныя повязкі з лістоўя...

Хоць чарапы яны і не палююць,

Канібалізм не помняць і старыя,

А ўсё ж і коп’і, ды і лук, і стрэлы

Заўсёды з імі. А вунь, бач, старая,

Усохлая, бязводная бабуля

Сядзіць на гэткай жа старой калодзе

І абірае каукау, а шалупінне

Кідае птушцы дзіўнай — насарогу,

З падрэзаным закрыллем — насарогу,

Каб той не мог ніколі узляцець...

 

Адкуль я помню гэтакі малюнак

Сярод зімы бялюткай беларускай?

Адкуль, навошта і чаму?