epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Адзін аднога крыўдзім порадзь..."

Адзін аднога крыўдзім порадзь,

Пад сэрца самае — змяю...

І ўсе з крыўдзіцелем гавораць

І нават рукі падаюць.

 

А як бы добра — адвярнуцца,

Як продкі, выклясці навек,—

Калі усмеліў замахнуцца

На чалавека чалавек.

 

З пагардай вырачыся здзеку:

Адзін блукай, адзін жыві —

Бо чалавек жа чалавеку

Сваяк найблізкі — па крыві.

 

Ідзі, ідзі... Не хочаш з намі —

Палюй адзін: дазвол дадзім...

І ты — адзін. І побач — мамант

Скубе... Што зробіш з ім адзін?!

 

І ты брыдзеш — цяжкі, як вырак,

І крыўда, нібы мыш, шкрабе...

А родзічы у гурце шчырым

Палююць побач.

Без цябе...