epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Адзін з нас

 

Ён быў якраз з тых, на каго часцей за ўсё звяртаюць увагу багі і каго звычайна не заўважаюць людзі.

Неба — мой бацька, думаў ён. Зямля — мая маці, верыў ён. У мяне няма ні мінулага, ні сённяшняга дня, ні будучыні, засмучаўся ён.

Так думаў і так разважаў, але пра гэта на зямлі ніхто не ведаў, ніхто не здагадваўся.

Ён жыў між людзей і да канца не быў відзён ім.

Ён жыў небам, хоць і хадзіў па зямлі.

Ён працаваў, як усе, пра нешта рупіўся, бегаў, мітусіўся, таўхаўся між іншых, злуючыся, што ў крамах няма чаравікаў ці цыгарэт, радуючыся, што яго пакуль не пасадзілі ў турму ці на кол. Але нешта яму карцела большае, да нечага ён, стомлены якдзённасцю, прыслухоўваўся.

Адчуваў, што ён, звычайны і маленькі, на самай справе намнога большы, каб не сказаць увогуле — зусім вялікі.

Усе ведаюць, што вакол нас — бязмежжа, але ніхто не ведае, што ў нас саміх — яшчэ большае бязмежжа.

Тое, што відаць усім, — кропля, а тое, што павінны былі ўсе бачыць, — нябачна нікому.

На зямлі ён быў чалавекам, хоць ведаў, што ў нейкім іншым вымярэнні стане богам.

І ўсё ж што ён большы за самога сябе, чалавек зразумеў толькі тады, калі памёр.

Калі, сцішаны і бязмоўны, узняўся раптам сам над сабою, вырваўся з сябе і, лёгка ўзляцеўшы пад самую столь, зірнуў адтуль на сваё тленнае цела, распластанае на ложку. Яно было такое мізэрнае, лядашчае, вартае жалю, што памёрлы і сам засмуціўся, убачыўшы цела збоку як старонні чалавек: няўжо ён усё сваё жыццё жыў у ім, няўжо яму, такому вялізнаму і моцнаму, хапала яго, няўжо ён дзень пры дні здавальняўся гэтым?

Стала прыкра і няёмка, што яго, жывога, усе бачылі менавіта такім, у гэткай кволай, немачнай абалонцы, і таму, разлучаны з целам, узрадаваўся, калі раптам, як ветрам, сарвала з-пад столі, і ён імкліва паляцеў кудысьці (акурат так, як і пісалася пра гэта ў газетах) па нейкай цёмнай і, здавалася, зусім бясконцай трубе — усё далей і далей ад усяго таго, што яшчэ нядаўна, яшчэ ўчора, было ім самім, ягоным целам.

Труба здавалася дужа вузкай, але ў ёй было чамусьці прасторна і вельмі ўтульна. Труба была цёмная, аднак гэтая цемрыня не замінала яму бачыць усё, — яна, нібы падсвечаная кімсьці ці чымсьці, праменілася сама па сабе. А наперадзе, як нейкая пупышка святла, як нейкая прыцягальная зорка, зманліва свяцілася, пульсавала, клікала да сябе, і — о дзіва! — туды ў нецярпенні імкнулася ўся яго істота, хочацца сказаць, усё яго цела, але цела зараз не было, яно, распластанае, асталося недзе далёка-далёка на мулкім ложку, і, відаць, таму яму зараз было так лёгка, хораша і нязмушана.

Ляцеў і ўсё спрабаваў разабрацца, што ж гэта за шлях, па якім ён кудысьці нясецца, але імклівасць руху і яркія малюнкі свайго жыцця, што паспешліва ўзнікалі ў свядомасці, хутка гаслі, змяняліся новымі — у іх ён бачыў сябе ў розных узростах: ад дарослага да дзіцяці — не давалі яму магчымасці засяродзіцца і нешта зразумець.

І раптам яскрава ўспомніў, што гэтую дарогу ён ужо ведае, што яна яму не чужая, што ён ужо некалі ляцеў па ёй — толькі ў іншым кірунку. І зразумеў, што шлях гэты — адваротны нараджэнню чалавека і вяртаецца ён па ім да свайго пачатку — нібыта ў матчына лона.

Калі крапка святла зусім наблізілася, калі ўжо нырнуў у яе галавою, а яна, нібы сапраўдная пупышка, лопнула, вывернулася і выкінула яго ў нейкае іншае вымярэнне, ён аж зажмурыўся ад асляпляльнага святла, якое рэзала вочы, і адчуў сябе вельмі спакойна — як дома. Яго быццам бы люляла, гучала нейкая далёкая, ледзь улоўная, але ласкавая-ласкавая музыка. Аднак здзівіла не гэта, а іншае: які ж вялікі і неабдымны стаў ён і які маленькі зрабіўся свет, у якім чалавек толькі што пялёхкаўся, боўтаўся, варушыўся.

Зямля зменшылася зараз для яго да памераў мачыны, але, нягледзячы на такое дзіва, ён вельмі выразна бачыў на гэтай мачыне кожнага чалавека: хто чым займаецца, хто куды ідзе, хто куды едзе.

Спачатку з цікавасцю назіраў за гэтым людскім мурашнікам — калі быў там, унізе, на зямлі, сярод іншых, ніколі не заўважаў, што чалавечы рух такі хаатычны: людзі спяшаюць, стукаюцца адзін у аднаго, разбягаюцца ў розныя бакі — акурат узбуджаныя атамы.

І яшчэ ён зразумеў, што самы асноўны клопат у людзей — баяцца. Яны баяцца ўсяго — баяцца, каб не захварэць, каб не памерці, каб не выгналі з работы, каб не пасадзілі ў турму... Каб, каб, каб...

Баяцца — ці не гэта і ёсць звычайнае чалавечае жыццё?

Калі надакучыла назіраць за ўсім мурашнікам адначасова, пачаў разглядаць паасобных людзей, стараючыся разгадаць іх таямніцы. Захацелася пабываць дома, пабачыць, як плачуць, як гаруюць па ім родныя. І варта было толькі падумаць пра гэта, як перад самымі вачыма з’явілася ягоная кватэра.

Яго цела на ложку ўжо не было — відаць, за гэты час паспелі завезці на могілкі. На балконе ляжалі зваленыя абы-як лаўкі, якія засталіся хутчэй за ўсё пасля памінальнага стала.

Жонка, проставалосая, у хатнім халаціку, сядзела на канапе. Але яна была не адна — побач з ёю сядзеў яго лепшы таварыш, сябра іхняй сям’і. «Нічога няма дзіўнага, прыйшоў суцешыць прыгнечаную горам удаву», — падумаў ён.

Сябра часта наведваўся да іх. Часцей за ўсё пасля працы. Прыйдзеш, а ён ужо сядзіць, з жонкаю размаўляе ў гасцёўні ці на кухні яны каву разам п’юць. І шахматы каля яго ляжаць.

«Згуляем?» — падміргваў яму сябра. «Павячэраю, тады», — звычайна адказваў ён. Яны гулялі ў шахматы вельмі часта, і гэта не выклікала ў яго ніякага падазрэння.

Зараз шахмат не было відаць. Дзівак, а навошта яны без цябе? Каб суцяшаць несуцешную ўдаву? А яна ж у шахматы ніколі не гуляла...

І ўсё ж яго насцярожвала, што сядзяць яны чамусьці вельмі блізка — нага да нагі. І яшчэ болей здзівіла, што з-пад халаціка цікаўна, нават непрыстойна вытыркнуліся яе голыя каленкі, каўнерык на грудзях расшпілены дужа рызыкоўна, а жонка не саромеецца гэтага — хоць і знаёмы, але ж у хаце чужы чалавек! — і не спяшаецца хутчэй захінуцца, прывесці сябе ў парадак.

— А дзе твае шахматы? — усміхнулася яна.

— Выкінуў. За дзесяць гадоў надакучыла прытварацца. Я хачу любіць цябе, не хаваючыся за шахматы.

Звычна абняў, звычна пацалаваў яго жонку — тая шчыра адгукнулася на пацалунак, пачала сама, спяшаючыся, шукаць, лавіць яго вусны. Неўзабаве яны падняліся і, абняўшыся, пайшлі ў іншы пакой.

Ён з абурэннем, грэбліва адпіхнуў ад сябе сваю кватэру, а калі яна змяшалася з усімі іншымі клеткамі мурашніка, застагнаў.

Дзесяць год! Дзесяць год, прыкідваючыся сябрам, нягоднік прыходзіў гуляць з ім у шахматы! І ён не раўнаваў яго да жонкі. Хоць людзі і казалі: «Прыгледзься, чалавеча, ці ўсё добра ў тваёй сям’і».

У злосці, няўцямна слізгануў вачыма па мурашніку, не спыняючыся, не слухаючы, што там гавораць, пераводзіў позірк з адной групы людзей на другую, раздражнёна мітусіўся па ўсёй зямлі, пакуль нарэшце не натыкнуўся на нешта знаёмае: гаварылі пра яго зямную працу.

Наблізіў да сябе гэтую частку мурашніка і ўбачыў, што перад ім — менавіта яго ўстанова, яго аддзел, яго пакой, дзе ён столькі гадоў працаваў разам вунь з тымі людзьмі, — нават яго стол яшчэ вольны, ягонае месца пакуль не занятае: садзіся і закасвай рукавы.

Ну, ну, цікава, пра што ж яны там гавораць?

— Прыкідваўся вялікім спецыялістам: маўляў, я ўсё ведаю і ўмею, а сам жа быў такі шэры, такі звычайны мэнээсік. А думаў пра сябе, як пра...

Міша, няўжо гэта ты? Няўжо ты? Той самы Міша, які заўсёды глядзеў мне ў рот, і варта было толькі сказаць слова, як ты адразу ж прызнаваў яго мудрым і геніяльным, паўтараў дзе трэба і дзе не трэба і ўвесь час маліўся на мяне — вядома, побач са мною і табе было зацішней у гэтым звар’яцелым свеце.

— Ну, як табе не сорамна, — сарамаціў таварыша па працы іншы голас: чакай, чакай, чый гэта? — Увесь час лізаў яму рукі, а цяпер бог ведае што нясеш на чалавека. Ты ж ведаеш, што пра мёртвых гавораць альбо добра, альбо зусім маўчаць. Дык вось, каб ты ведаў — гэта быў выдатны спецыяліст, цудоўны кіраўнік, разумны чалавек.

— А ты ж з ім увесь час спрачаўся, сварыўся...

— Таму і спрачаўся, што ён мудры быў. З ім цікава было спрачацца. З табой жа не паспрачаешся.

Малайчына, Аляксей! А я ўвесь час меў яго за ворага. Не даваў мне ніводнага слова сказаць. Як толькі скажу што, адразу аспрэчвае. І я ўжо хацеў Аляксея за няўжыўчывасць звальняць з працы. А яго, аказваецца, трэба было павышаць...

А дзе ж Агнежка — яшчэ адна ўпартая? Усё спрачалася, усё ёй было не так. Як яна яго ненавідзела! Агнежка, дзе ты?

Убачыў ён дзяўчыну ў адгароджаным шафамі кутку, дзе яны звычайна распраналіся, дзе жанчыны прыхарошваліся, падфарбоўвалі вусны. Яна стаяла, закрыўшы твар рукамі і, здаецца, плакала. На ёй была чорная сукенка, і чорная хуста хавала яе светлыясветлыя валасы. Агнежка сумілася па некім, і да яго не адразу дайшло, што смуткуе яна па ім. А калі дайшло, ён адразу ж загадаў ёй: «Не плач. Ідзі да людзей. Смейся і весяліся разам з імі». І яна паслухалася яго ўнутранага голасу, выцерла насовачкаю вочы і пакорліва пайшла ў кабінет.

Дык вось яно што! Яна не ненавідзела яго, яна яго кахала!

І ён, расчуліўшыся, асцярожна пагладзіў яе па валасах. Дзяўчына страпянулася і з крыкам: «Ён вярнуўся! Ён побач!» — падхапілася з крэсла.

Але на Агнежку ніхто не звярнуў увагі: мужчыны ўсё яшчэ абгаворвалі свайго былога начальніка. Да таго ж да яе дзівацтваў у апошнія гады ўсе, здаецца, прывыклі.

— Экстрасенсам прыкінуўся. Празарліўца з,сябе разыгрываў, — не супакойваўся Міша, былы сябра.

— Дык Сямаш і праўда быў відушчы, — пярэчыў яму Аляксей, былы вораг. — Помніце, у гарах?

Ён і сам памятае той выпадак. Тады яны былі ў адпачынку ў гарах. Усім аддзелам. І выбралі, здавалася, вельмі надзейнае і ўтульнае месца для адпачынку. Але ён рашуча запратэставаў: тут нельга!

І да канца стаяў на сваім. Бо, сам не разумее, як і чаму, выразна бачыў вялізны невідомы камень высока ў гарах, ведаў аднекуль, што той неўзабаве сарвецца і пакоціцца ўніз — адчуваў нават лінію, нібы нехта прачэрчваў яе, па якой ён будзе каціцца, і месца, дзе ўпадзе. Сямаш надзіва яскрава бачыў тое, што адбудзецца пасля, мозг, яго энергія апярэджвала рух каменя, і чалавек настойліва дамагаўся, каб палатку перанеслі ў іншае месца. З яго пасмяяліся тады, але палатку ўсё ж перанеслі. І якое было здзіўленне, калі ўночы ўсе раптам прачнуліся ад страшэннага грукату — камень і праўда ўпаў якраз на тое месца, дзе стаяла спачатку палатка.

— Простая выпадковасць, — пасміхаўся і зараз былы сябра Міша.

Тады не вытрымала Агнежка, падхапілася і закрычала:

— А калі ён Ядзіных дзяцей дапамог знайсці, таксама выпадковасць?

І гэты выпадак Сямаш таксама добра помніў.

Той дзень да яго ў кабінет прыбегла разгубленая, расхваляваная Ядзя і папрасіла адпусціць яе з працы на нейкі час — згубіліся дзеці, двое сутак іх шукаюць і ніяк не могуць знайсці.

Нечакана і для яго самога запрацаваў раптам мозг, нешта нібыта дзынкнула, і ўслед за гэтым яму адкрыліся шырокія краявіды, неабсяжныя далягляды — нібыта знарок нехта паказваў іх.

І тады ён увачавідкі ўбачыў дзяцей, нібыта сам быў там, ішоў поплеч з імі. Палявая дарога. Злева рэчка. Справа лес. Наперадзе драўляны масток. А па дарозе, узяўшыся за рукі, стомлена тэпаюць двое малых — хлопчык і дзяўчынка.

Ён апісаў Ядзі мясцовасць, спытаўся, ці ведае яна нешта падобнае.

— А як жа, — здзівілася жанчына. — Гэта ж дарога да мае маці ў вёску.

Паехала і дагнала дзяцей — яны, аказваецца, самастойна выбраліся да бабулі ў госці.

— Не смяшы, Агнежка, людзей. Хіба ты ўсур’ёз верыш у гэтую лухту?

— Самі вы лухта! — абурылася дзяўчына.

Ён з удзячнасцю зноў пагладзіў яе па валасах, а сам адчуў, як закіпае ў ім нейкая злосць на былога сябра: і праўда, экстрасенс называецца — не мог разгледзець побач з сабою такога нягодніка!

Скіраваў на Мішу свой пільны позірк і ўбачыў, як у таго страсянулася галава. Ён павёў вачыма ў другі бок — і галава тарганулася ў той жа самы кірунак: былы сябра рэагаваў на кожны яго рух, на кожны позірк.

Ён узрадаваўся гэтаму адкрыццю і сказаў сам сабе:

— Ну пачакайце ж! Я з вамі яшчэ разбяруся, нягоднікі! Пачакайце! І да цябе, былы сябра, дабяруся, і да цябе, таварыш з шахматамі...

Здаецца, многія яго знаёмыя і сябры паднялі ўгору галовы — мусіць, пачулі гэты голас, але ніхто не мог зразумець, адкуль ён ідзе.

Ён яшчэ крыху паблажліва паздзекаваўся са свайго былога сябра — той, як марыянетка, выконваў усе яго загады.

— Марыянеткі! — радаваўся ён. — Усе яны, мае ворагі, што засталіся на зямлі, зараз мае марыянеткі.

Але неўзабаве спахмурнеў:

— Што гэта я раблю? Я ж ужо бог, а паводжу сябе, як самы звычайны, прымітыўны чалавек. Шукаю асалоду ў помсце. А я ж павінен мець радасць толькі ад дабраты. Не павінен зважаць на дробязі, бо дробязі для мёртвых ужо не існуюць. Дробязі — гэта кайданы жывых.

Хто яго ведае, чым ён быў на зямлі і чым не быў. Што зрабіў і што абавязаны быў зрабіць.

Ён не павінен замінаць людзям займацца сваімі справамі, не павінен падглядаць, сачыць за імі, бо падглядаць за суродзічамі — цяжкі вырак чалавека.

У багоў іншае жыццё.

У багоў звычайна бываюць большыя і важнейшыя клопаты, чым у звычайных, смертных людзей,— проста жыць...

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 75-80
Крыніца: скан