epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Адзінец

Калі ў зубровым статку

яго мудрасці стане цесна,

Калі яму надакучыць

непатрэбная мітусня,

Ён ідзе ў лістападны шоргат —

у сваю пажоўклую песню,

Дзе дрэвы, нібы стагоддзі,

над кожнай казюркай звіняць.

Ён пакідае дзялянкі,

сагрэтыя матрыярхатам,

І матрыярхатам прапахлых

яшчэ маладых зубранят...

Ён будзе прыходзіць штовосень

сюды, бы ў вясельную хату,

Каб прагна кахаць і лашчыць

слухмяны матрыярхат.

Цяпер ён застацца хоча

толькі сам-насам з сабою,

Каб аднаму пераслухаць

невыразны ўспамінаў хор.

Можа, прымроіцца мамант,

з якім ледніковай парою

Побач яны выдзіралі

абледзянелы корм.

Ідзе ў свае ён стагоддзі,

дзе дрэвы, як вёрстаў цені,

Вядуць яго далей і далей —

у самы ціхі гушчар.

І яму саступаюць дарогу,

бы слугі, дзікі і алені.

Бачаць: ідзе, як філосаф,

іх непадробны цар.