epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Амаль буколіка

Я зноў, каханая, з табою.

Мы ў красках вязнем лугавых—

Не бачым неба над сабою,

Не чуем пад сабой травы.

 

Турбуе нас адзіны клопат,

Адзіны клопат нас вядзе.

І мы ідзём, прыроды вопыт,

Абняўшыся, як ноч і дзень.

 

Цяпер і мы — сама прырода.

Мы ў гэтым лузе прараслі,

І з нашых рук сасніла згода

Спляценне прагнае галін.

 

І мы — свае у гэтых раннях.

Хай бачаць дрэвы — хай сабе!—

Як я, стрыножаны каханнем,

Кружу слухмяна ля цябе.