epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Асенняе раўнадзенства

Стаю між дрэў, узняўшы галаву,

І цішыня нябёс на мокры твар спадае,

З лістамі жоўтымі планіруе ў траву,

А ў цішы той — нібы журба якая.

 

Мне шкода дрэў, што вецер абтрасе,

Застудзіць голле, кроны паскудлача...

Расінкі на лістах, травінкі — у расе,

І мне здаецца: ўсё па леце светла плача.

 

Наперадзе і холад, і імжа.

Як без лісця ўсяму жывому грэцца?!

Там востры, быццам бы лязо нажа,

Як рану, раскрывае сэрца вецер.

 

А дрэвы весяляцца ў ласцы дзён,

Нібыта восень — не для іх пагроза.

Яснее ясень, залаціцца клён,

І песціцца ў прызімніку бяроза.

 

Стаю між дрэў. І ўсведамляю я

Сярод асенне-сонечнай залевы:

У дрэў няма журбы. Журба гэта — мая.

А я хачу ўзваліць яе на дрэвы.