epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Асвечвае спакусна змрок начэй..."

Асвечвае спакусна змрок начэй

Надзея незнаёмая, як згадка,

Ёй летуценяць, сцяўшыся, дзяўчаткі

І хлапчукі — не зводзячы вачэй.

 

А колькі неспазнанага яшчэ

У летуценні гэтым напачатку,

Калі усё здаецца дзіўным святам,

Хаця трывога ўжо як боль пячэ.

 

І чыстыя, пяшчотныя памкненні

Заўжды ў такія светлыя імгненні

Праростаюць нязвычнаю журбой.

 

І ўжо дрыжаць на пудкіх вуснах словы,

І ўжо яны іх выдыхнуць гатовы,

Як мы, калісьці стрэўшыся, з табой.