epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Бабуля

Ой, загасцявалася надзіва

Я ў тваім у горадзе, сынок.

Мне ўжо сніцца поначы сумліва

На маёй на хатачцы замок.

 

Гэтак жа даўно я не карміла

Трэскамі у печачцы агонь,

Доўжанька з дзвярмі не гаманіла,

Ганку не садзілася на ўлонь.

 

Печачка галодненькая ў хаце,

Студня ўсё чакае мяне там...

А ў цябе тут цёпленька, бы ў ваце,

І нагам, і сэрцу, і рукам...

 

Там жа маёй хатачцы не спіцца —

Холадна ў зіме адной дрыжэць.

І няма каму, каб заступіцца,

І няма каму яе сагрэць.

 

Разам жа мы ўсе зможам дакукі —

Што нам вецер, што нам той узвей!

Ведаеш, мы возьмемся за рукі

І удзвюх нам зробіцца цяплей.

 

Да шчакі прытулімся шчакою,

Разам будзем жытку ўспамінаць.

Толькі там, набыўшыся спакою,

Як пасля жніва, змагу я спаць.

 

Ты сабе, раднулечка, як хочаш,

Я ж сабе — таксама, як хачу.

Дзякуй твайму доміку, сыночак,

Я ў сваю хацінку палячу.