epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Бяда чалавека гнала..."

Бяда чалавека гнала —

Па смерць чалавека гнала.

У лес чалавека загнала.

І раптам...

Нідзе яго раптам не стала,

Дзе б ні шукала бяда яго,

Дзе б ні шукала...

 

А ён у траву паваліўся,

У зялёных хвалях стаіўся.

Сышліся над ім тыя хвалі,

І вершаліны, як хвалі,

Над гэтым месцам сышліся —

Чалавека схавалі.

 

Суцішылі гоман краскі —

Пра бяду чалавечую слухаюць,

Суцішылі шчэбет птушкі —

Чалавечае сэрца слухаюць.

А дрэвы, усё разумеючы,

Над палянай ківаюць галовамі,

Сівымі галовамі.

 

Расказаўшы пра ўсё паляне,

Чалавек на бяду забыўся

І выскачыў смела са схованкі,

Ды прама бядзе у рукі.

 

Бяда паглядзела:

радасны!

Э, гэта ж не той чалавек,

Не яе чалавек...

 

І цяпер яшчэ ў лесе шукае

Таго чалавека, дурніца!