epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Бяскрылыя гусі

І свойскія гусі таксама

Добра ляталі калісьці,

І з ветрам умелі спрачацца,

І крылы аб воблакі чысціць.

 

Цяпер жа яны пасыцелі

І ветразі — белыя крылы —

Што небам, палётамі трызняць,

Да звыклай зямлі апусцілі.

 

З небам знаёмы па лужах —

Куляюцца ў неба праз спіны...

Жанчыны іх кормяць бацвіннем,

Іх б’юць хлабысцінай жанчыны.

 

А ім хоць бы што... Калі нават

Радня іх у вырай спяшае —

Скубуць на дажджы яны траўку

І нават галоў не ўзнімаюць.

 

Навошта ім вырай далёкі —

Дарога ж іх можа скалечыць,

А тут у іх хлеў будзе цёплы

І паранка толькі што з печы.

 

Гагочуць, валлё набіваюць,

Пра неба забыліся, мусіць...

Якія ж вы, ўрэшце, бяскрылыя,

Хаця і крылатыя, гусі...