epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Белыя вароны

«Белая варона» — кажуць пра тых, хто «не ўмее жыць».

 

Трывожна ў небе крыляе

Чародка белых варон.

У іх вачыма страляюць,

Рагочуць ім наўздагон.

 

На іх паказваюць пальцам,

Злуюцца нават на іх—

Навошта, маўляў, выдурняцца

І родзічаў ганьбіць сваіх?

 

Былі б, як усе вароны—

Чорныя, як нуда.

А белыя — незаконна,

Белыя — нешта не так...

 

Да чорных мы ўсе прывыклі—

Ад дабра ж не шукаюць дабра —

Нашто белізна іх — як выклік,

Ну, што яны ўсё мудраць?!

 

«А можа, да сонца ляталі—

Ад промняў злінялі там?»

«Ну, што вы — таксама сказалі!

Якое тут сонца вам!»

 

Вось бачыце, як нялёгка

Белай варонаю жыць,

Вось так у аблоках высока

Над звыклым гуртам кружыць...

 

І ўсё ж сёй-той спачуваў ім —

Як чародцы гэтай сваяк...

Такі ж дзівак нечуваны,

Гэткі ж чуллівы, як я...