epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Блакітная геаграфія

Такія знаёмыя

Чыстыя воблакі —

Дзяцінству майму, маім верасням помнікі.

Дзяцінства...

Старэйшых званкі ў школу клікалі,

А я вывучаў тады кнігу блакітную.

Яблыкі рвеш,

А зірнеш толькі ўгору ты —

Неба ўбачыш кнігай разгорнутай;

Едзеш на конях —

Аблокі гартаюцца.

Чытаеш:

Вунь моры,

Вунь горы ўзнімаюцца...

Дзяцінства...

І зноў я застыў і не дыхаю

Перад вялікай блакітнаю кнігаю.

І сярод дзіўнай такой несусвеціцы,

Між воблак,

Указка географа свеціцца.

Боцікам,

Бачу,

Ніяк не нахваліцца

Модніца свету —

Паўвостраў з Італіяй;

За ёю спяшае

Такая галантная —

Белай ільдзінкай іскрыцца

Грэнландыя;

А вунь ужо іншыя воблакі сцелюцца:

Пяскі узняліся,

Над Афрыкай сеюцца;

Шукаючы берагу,

Коцяцца ціха так

Валы

З акіяна ўтрапёнага —

Ціхага...

Два воблакі — тыя ж паўвостравы шэрыя

Бы іклы, тырчаць з цэлай хмары —

Амерыкі.

А воблакі рояцца,

Воблакі рояцца —

Новыя контуры мрояцца,

Мрояцца...

Раптам зрабілася ўказка пытальнікам.

Географ заблытаўся...

Гэта ж батаніка!

Паказвае грыб мне,

Што ўзняўся над горамі,

Грыб,

Пра які з адчаем гаворым мы...

Уцякайце хутчэй,

Мае мілыя воблакі —

Дзяцінству майму, маёй радасці помнікі!

Гэта ж забойства,—

Крычу вам са страхам я,—

Гэта ж замах на усю геаграфію!

Няўжо можа стацца,

Што будзе сасватана

Смерцю зямля наша з бомбаю атамнай?

Няўжо прарыпіць сваёй воссю надломленай

Глобус Зямля

І спыніцца стомлена,

Быццам гадзіннік,

людзі?

Людзі!

….................................................

Не, такога не будзе!

Не будзе!