epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Будоўля

Беларуская балада. XVII стагоддзе

 

Што ж, цесляры, невясёлыя —

Сякера аж падае з рук?

Што апусцілі вы голавы,

Сумна глядзіце на зруб?

 

Бёрны усцягвайце новыя

І заразайце вуглы...

Хораша пахне будоваю,

Стружкамі ў кроплях смалы!

 

Дзе ж ваша радасць з уцехаю?

Вунь як святлее вакол!

Над магілёўскімі стрэхамі

Ў неба ірвецца касцёл.

 

Сцены вышэюць касцёльныя,

Кладзецца вянец на вянец

Бёрнамі жоўтымі смольнымі

З вашых жа хат і з сянец.

 

Касцёл узнімаецца нанава —

Хаты ніжэй і ніжэй:

Кузьмова, Пятрова, Раманава

Раскрыты да самых дзвярэй.

 

Бёрны, што млелі пад кроквамі,—

Аж у падмурак ляглі,

А што рыпелі пад крокамі —

На завянчэнне пайшлі.

 

Што ж, цесляры, невясёлыя?

Паўстання не здзейсніўся план...

Што апусцілі вы голавы,

Пётра, Кузьма і Раман?

 

Кроквы вяжыце і лаціны,

Ладзьце вянок пад страхой.

Ды спаласніце улазіны

Конаўкай брагі якой...

 

Нельга. За кожнай саломінай

Сочыць ахоўнікаў шмат:

Рубяць паўстанцы хароміну

З родных разбураных хат.

 

І ўсё ж, напачатку нясмела так,

Ціхенька — Божа баронь! —

У стружках, як мятлушка белая,

Закапашыўся агонь.

 

Вось яна, радасць з уцехаю,—

Гляньце, як светла вакол:

Над магілёўскімі стрэхамі

Ў неба шугае касцёл,

Новы палае касцёл...