epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Было тады..."

Было тады

Сяло Сады.

Цвілі гады,

Нібы сады.

Шумеў наш сад,

Не меўшы звад.

І ў полі спеў

Паволі спеў.

І ты была —

Квяты нясла.

І я ў вясне

Стаяў, бы ў сне:

Спакусны ўзлёт

І вуснаў злёт.

І ціш вачэй

Паміж начэй...

Сяло Сады,

Сяло Сады

Цвіло тады

Там, нібы дым,

Нам маладым...

Сяло, сяло...

Было... было...

Сады, Сады...

Тады... Тады...

 

***

Сумую я па лыжным следзе...

Спакусна лашчыцца лыжня,

А навокал, як вокам згледзець,

Цнатлівы снег і цішыня.

 

Твой ціхі след пазнаю лёгка,

Бо ля яго суседзіць мой.

Да сварак, звад яшчэ далёка—

Адной мы дыхаем зімой.

 

І халадок зімы на вуснах,

Сняжынкі плавіць дабрыня.

І гэтак хораша, спакусна

Твой след, як вецер, даганяць.

 

Ці ведаў я лыжню такую?

Яе, магчыма, й не было...

Па гэтым проста я сумую,

Калі — па сэрца замяло.

 

А дзве лыжні я недзе бачыў,

А мо прыдумаў нават сам,

Як сімвал вернасці юначай

Тваім снягам, тваім лясам.

 

І я хацеў бы, каб заўсёды

Імчалі поруч дзве лыжні,

Абняўшыся, як тыя годы,

Вясёлыя, як тыя дні.

 

І ўспамінаюцца самотна

Зіма і снег — як даўні доўг.

А мы далёка ў незваротным

Ад той лыжні, ад тых слядоў.

 

Як час спяшаецца імкліва—

І толькі ляскаюць гады...

А я вяртаюся, бы ў дзіва,

І бачу тыя зноў сляды...