epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Чаго дамогся — не цікава..."

Чаго дамогся — не цікава,

Што збылося — драбната.

І слава, што была ласкавай,

Нібыта лашчыцца не так.

 

А мы праз славу, ды праз тую,

Зноў прагнем нейкіх новых дзіў —

Незадаволена прастуем

Шукаць, дзе шчасце нерастуе,

Дзе лёс нам радасць нарадзіў.

 

Бо нас хвалюе толькі тое,

Што недасяжнае якраз

І што, як промень, залатое,

На небасхіле дражніць нас.

 

А дасягнеш — і ўсё збудзённіць:

Бы попел сеў на вугалёк.

Паблякне ўсё, што яшчэ сёння

Святочна вабіла здалёк.

 

А мы ўсё роўна прагнем свята —

Аж да апошняе мяжы.

І дамагаемся упарта,

Бо дамагацца — значыць жыць!