epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Чаму я ў юнацтве не збіраў дні..."

Чаму я ў юнацтве не збіраў дні,

Калі іх было так многа...

Якая б зараз была ў мяне калекцыя!

Можна было б адкрыць свой музей

Ці, на ўсялякі выпадак, хоць бы выстаўку.

Вось яны, дні —

Задумлівыя і развяселеныя,

Бесклапотныя і заплаканыя...

 

Зараз толькі — асірацелы, без юнацтва —

Зразумеў,

Што тады,

Калі я плакаў —

Трэба было смяяцца,

А калі смяяўся —

Плакаць...