epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Чаму мяне ў снах..."

Чаму мяне ў снах

Апошнім часам так даймаюць цягнікі?

Усе яны,

Не пазнаючы мяне, самотнага,

Імклівяць паўз вочы, не спыняючыся.

А калі і спыніцца каторы —

Дык усё роўна

Усе дзверы ў ім наглуха пазачыняныя,

Усе вокны шчыльна пазавешаны —

Паспрабуй сядзь!

І я зноў

Астаюся адзінокі на якімсьці незнаёмым і чужым

Паўстанку...

І гэта якраз тады,

Калі мне абавязкова трэба

Некуды ехаць,

Альбо — і таксама абавязкова!—

З далёкай далячыні

Вяртацца дадому...