epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Хітрая восень

Невясёлае птаства гамоніць наўкола,

Абмяркоўвае выраю сумныя планы:

Час, напэўна, ляцець — лапкі ржэўем скалолі,

Па лістах ды па пнях дождж бубніць несціхана.

 

Толькі хітрая восень не хоча застацца

У палях апусцелых без шчэбету птушак.

І яна для падману бярэцца за працу —

Лісце з дрэў абтрасае і полымя тушыць.

 

Павуцінай іржэўнік замотвае колкі,

І слатою мякчыць пачынае дарогу,—

Можа, птушкі пабудуць з ёю хоць колькі,

Можа, ёй заручыцца з дажджом дапамогуць.

 

Пачакаць ці ляцець? Каб рашыць гэту справу,

Заспрачаліся птушкі на ўзлётным парозе.

Птушкі, любыя! Тут пасварыцеся нават,

Толькі дружна жывіце ў далёкай дарозе.