epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Хоць продкі здаўна мае хрышчоныя..."

Хоць продкі здаўна мае хрышчоныя,

Ва мне язычнік не памірае,

Калі ўсе графікі я ламаю

І цягніком ці нават трамваем

Спяшаю ў храмы свае зялёныя.

 

Там станаўлюся я мнагабожцам —

Мне трэба многа чаму пакланіцца:

Лясной крыніцы —

з яе напіцца,

Лісту, суніцы,

грыбку, травінцы

І сонцу.

 

Як продак, я спавядаюся дрэвам,

Прашу ў сонца я ўраджаю,

Хоць сам не сею і не збіраю,

Апроч лірычнай,

нідзе не маю

Дзялянкі выкарчаванай пасеву.

 

Стаю, укленчаны.

Чую, мамант,

Той, што ў паганскае яшчэ ранне

На продка рынуў, скубе старанна

Траву.

Я чую яго дыханне —

Аж вецер ходзіць між валасамі...