epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Хрыстова нявеста

О, як мяне стаміла ты, каханне!

 

Дантэ

Яна даўно, даўно Хрысту

Сябе захоўвае старанна...

Каб на яе ніхто не глянуў —

Мужчын абходзіць за вярсту.

 

Сівенькая

ў сівых мурах,

Ад жаніха чакае вестак —

Хрыстова тупае нявеста

Па пустаце манастыра.

 

Не бачаць вочы.

Кій прыціх

У пальцах скручаных.

Штовечар

Хрыста чакае ўсё старэча...

дзе ты, прывідны жаніх?

 

Цябе ж усё яшчэ няма.

І ведае:

ужо не будзе...

Таму і нудзіцца па людзях

Яе халодная зіма.