epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Хуткія ногі

Гэтая гісторыя, пра якую мне хочацца расказаць, адбылася вельмі і вельмі даўно, яшчэ падчас муравінскага міжледавікоўя. Хаця не, адбылася яна крыху пазней, ужо тады, калі здарылася міжледавіковае пацяпленне пасля самага халоднага паазерскага абледзянення, - адбылася ля самага краю ледавіка.

Талая вада, што выцякала з-пад ільду і снегу, яшчэ шукала свае рэчышчы, на лугах, дзе пасвіліся маманты, бучная трава цешыла вока яркаю зелянінаю, а на высокіх выспах стаялі буданы з костак, камення, галінак і шкур. Там жылі першалюдзі.

Не ведаю чаму, аднак усё гэта, пра што раскажу, я чамусьці так добра помню, быццам бы тое, што адбывалася тады, бачыў на ўласныя вочы.

Быццам бы і мой будан стаяў там, на выспе, недзе паміж сённяшнімі Дняпром і Друццю - памятаеце, першы справа ў стойбішчы, калі падымацца на выспу ад вялікай вады? Звычайны такі буданок, складзены з буйных костак маманта, накрыты шкурамі, а перад уваходам з двух бакоў - два вялікія, закручаныя ўсярэдзіну, павернутыя адзін да аднаго біўні, што тырчаць з мамантавых чарапоў...

Я памятаю, добра памятаю і тыя ловы, быццам бы і сам браў у іх удзел...

 

Ён зразумеў, што хоць і хутка бегае, але ўцячы ад гары не зможа, не паспее - мамант ужо разварочваецца да яго і, канечне ж, стопча, а калі не стопча, то праколе біўнем ці падчэпіць за шкуру, за адзенне, падыме над сабою і, як ужо здаралася неаднойчы, будзе трэсці над галавою, пакуль не звалішся яму пад ногі. У паляўнічага не было часу на роздум, таму ён, на хаду размотваючы моцную, хоць і не вельмі тоўстую вяроўку з валокнаў крапівы, прадбачліва зробленую яшчэ перад паляваннем, - вопыт! - імгненна кінуўся да задняй нагі маманта, хуценька прыхіліўся да яе, як прыліп усё роўна, - яна была намнога таўсцей за яго самога, - і, прапусціўшы вяроўку ў сябе за спінаю, пачаў паспешліва прывязвацца да нагі.

Мамант спачатку не зразумеў, дзе падзеўся чалавек, але адчуўшы, што нешта паўзе па ягонай назе ўгору, чапляючыся за поўсць, падымаецца вышэй і вышэй, зразумеў, што гэта і ёсць крыўдзіцель, пачаў хвалявацца, трэсці нагою, але гэта не было перашкодаю для паляўнічага - хіба можа такая тоўстая і непаваротлівая дыля скінуць з сябе спрытнага чалавека?

Поўсць гары была доўгая і брудная, ад яе брыдка пахла, але Хуткія Ногі, не зважаючы на гэта, памагаючы сабе нават падбародкам, а то і зубамі - поўсць задзіралася ўгору і замінала лезці, - усё ж падымаўся і падымаўся да жывата жывёліны.

Калі галава ўперлася ў чэрава маманта, лавец, не здымаючы з шыі крамянёвы нож на доўгай почапцы, зручна ўзяў яго ў рукі і з усяе сілы, наколькі можна было размахнуцца, ударыў у мамантаў лантух.

Але нож - вельмі востры і ёмкі - адскочыў ад жывата, не пакінуўшы ніякага следу. Паляўнічы ведаў, што скура ў мамантаў вельмі грубая і тоўстая, аднак ад свайго не адступаўся: адчуваў сваю сілу і верыў у яе. Ён адною рукою падцягнуўся яшчэ вышэй, а другою, увесь напружыўшыся, усю сваю моц аддаўшы нажу, стараўся прабіць ім, пракалоць жывот гары.

А мамант, востра адчуўшы небяспеку, захваляваўся яшчэ болей. Ён круціў галавою, стараўся біўнямі дастаць свайго крыўдзіцеля, але яны, вельмі загнутыя, натыкаліся толькі на бакі, а да чалавека не даходзілі.

Мамант вадзіў сюды-туды сваім рабрыстым ротам, хобатам, носам-рукою, спрабуючы дацягнуцца да Хуткіх Ног, аднак і гэтая рука была далекавата ад чалавека і нічым яму не пагражала. А паляўнічы ведаў, якую небяспеку хавае ў сабе гэты хобат - вунь у мінулую траву мамант падняў з зямлі, здавалася б, і не вельмі вялікі каменьчык, ды, выдыхнуўшы з хобата паветра, запусціў яго ў лаўца з такою сілаю, што той тут жа паваліўся і памёр на месцы - каменьчык трапіў якраз у цемя. Але гэтага маманта Хуткія Ногі не баяўся - у яго быў паранены, адрэзаны пятлёю хобат і да зямлі ён не даставаў, а таму падняць каменьчык не мог.

Паляўнічы адхінуўся крыху ад нагі, налёг спінаю на вяроўку, адпусціў поўсць маманта, за якую трымаўся, і, сабраўшы ўсе сілы, абедзвюма рукамі націснуў на нож. І тады, узрадаваны, пачуў, як скура гары трэснула і востры крэмень хоць і з цяжкасцю, але ж уваходзіць у вантробы.

Ён павярнуў, пакруціў там, у ране, нож, падоўжыў разрэз і яшчэ мацней налёг на крэмень, каб глыбей разрэзаць жывёліне жывот, але ў гэты час штосьці трэснула зноў. Паляўнічы падумаў, што трашчыць скура маманта, аднак калі сам пачаў падаць уніз, зразумеў, што парвалася вяроўка, якою ён быў прывязаны да мамантавай нагі. Лавец, страціўшы ўсялякую апору, ледзь паспеў учапіцца абедзвюма рукамі за касмылі жывёліны, выпусціўшы з рук нож, які застаўся ў ране.

Зараз ён вісеў, трымаючыся толькі за поўсць гары, дрыгаючы нагамі, стараючыся не сарвацца, а на яго цякла сукравіца і выпадалі вантробы.

Мамант аж вар'яцеў ад болю, яго вялізнае цела хісталася з боку на бок, а разам з ім матляўся, як кавалак лёгкай шкуркі, і сам паляўнічы. Адкуль у гэтага грузнага велікана ўзяўся такі спрыт - ён вельмі высока пачаў падкідваць свой азадак: відаць, смяротная небяспека зрабіла яго такім рухавым. Лавец, як ні трымаўся, усё ж, выскубшы жменю валасоў, сарваўся і ўпаў пад самыя ногі маманту. Зверху на яго, балюча ўдарыўшы па галаве, упаў нож, які выцягнула з раны вяроўка.

Убачыўшы, што нага маманта падымаецца і вось-вось апусціцца на яго і растопча, чалавек, памагаючы сабе локцямі і каленямі, папоўз, не, не папоўз, а кінуўся, юркнуў, як яшчарка, з-пад гары ў крушню камянёў, якую ўгледзеў у тую ж хвіліну непадалёку, і ўплішчыўся, нібы ўрос, паміж імі, спадзеючыся застацца жывым...

 

На гэтае паляванне стойбішча мела вялікую надзею.

Апошнім часам усё цяжэй і цяжэй даставалася ежа. Вялікія жывёлы, якім не падабалася суседства з надакучлівымі людзьмі, кінулі свае старадаўнія пашы і вадапоі і некуды сышлі, а меншыя зрабіліся хітрэйшымі, больш асцярожнымі, пачалі абыходзіць тыя месцы, дзе загадзя былі выкапаны лоўчыя ямы, закіданыя галінкамі, пастаўлены сілы, петлі, пасткі альбо раскіданы самаловы, якія путаюць ногі і валяць нават самых лоўкіх і моцных жывёл. Усё меней і меней здабычы прыносілі мужчыны з ловаў, а то здаралася, што вярталіся яны з пустымі рукамі. Усё племя - і старыя, і малыя - ела ўжо толькі траву, карэнні, жалуды ды яшчэ, можа, мышэй.

У стойбішчы пачалі занепакоена пагаворваць пра голад, і таму племя адважылася на гэтае вельмі цяжкое, вельмі далёкае, але такое важнае паляванне - паляванне на маманта: упалююць яны гэтага велікана - усяму стойбішчу надоўга хопіць ежы. Гэта ж у іх будзе цэлая гара мяса!

Да ловаў усё стойбішча рыхтавалася дужа заклапочана і старанна. Адны пераглядалі свае дзіды, другія, у каго не было зручнай зброі, рабілі з крэмневых адшчэпаў вострыя нажы-пласціны, трэція шылі са шкур валакушы, зручныя плечакі, каб было як і ў чым, калі паляванне ўдасца, данесці і дацягнуць да стойбішча ўсяго маманта.

Ад гэтага паходу залежала вельмі шмат: вярнуўшыся, яны будуць вырашаць, што рабіць далей - ці то заставацца тут, у звыклых мясцінах, ля гэтай роднай, але чамусьці не рыбнай ракі, што ўнізе, ці то пакідаць свае буданы і родавыя агнішчы на такім зручным кургане і шукаць сабе новыя мясціны, дзе ніхто яшчэ не палохаў звяроў, каб пабудаваць там сваё новае жытло.

Таму перад самым выхадам са стойбішча ўсе сабраліся на абрадак, які зычыў паляўнічым удачлівага палявання, - і дзеці гэтак жа шчыра, як і дарослыя, бралі ўдзел у гэтым абрадку, угаворвалі Кагосьці, каб заступіўся за звераловаў, каб гэты Хтосьці дапамог усім лаўцам вярнуцца назад, і не з пустымі рукамі, а ў жывёл, якіх яны яшчэ ўпалююць, ужо зараз прасілі прабачэння.

Усюды было шмат чырвонага колеру - колеру агню і крыві, - на які таксама спадзяваліся паляўнічыя: яны абсыпалі вохраю сваю зброю, мазалі твары і трусілі яе на сцежку, якая была ледзь пазначана ў траве і па якой на досвітку яны выйдуць са стойбішча.

Куды ісці паляўнічым, падказаў Тым. Перад гэтым яго нейкі час не было відаць на Кургане, а калі з'явіўся ў селішчы, усе заўважылі, што ён хоць і вельмі стомлены, але задаволены: Тым сказаў, што ў тым баку, дзе хаваецца і знікае сонца, бачыў шмат жывёл. Далёка, але ўсё ж...

Хуткія Ногі запярэчыў, што, можа, варта пашукаць дзе-небудзь бліжэй, аднак Тыма нечакана падтрымала Войха.

- Навошта шукаць тое, што ўжо знойдзена? - спытала яна. - Ён быў і бачыў, а ты і не быў і не бачыў.

Хуткім Нагам гэта не спадабалася. Ён прамаўчаў, хоць і адчуў, як аднекуль знізу, ад самага жывата, падымаецца да галавы незадавальненне і быццам бы рэўнасць.

Войха заўсёды вылучала яго з усіх мужчын стойбішча: спрытны, моцны, смелы, кемлівы, хуткі... А якія рукі мае - яны ўсё ўмеюць! У яго самая лепшая зброя. Ніводзін мужчына на Кургане не ведае, як можна выпраміць сагнуты бівень маманта. А ён выпраміў - вунь якая ёмкая дзіда атрымалася! А колькі ў яго розных забавак, зробленых з костак, з якіх ён дабывае губамі дзіўныя гукі. Войха любіць слухаць яго, калі ён выклікае са сваіх свісцёлак нейкую пранізлівую тугу, падобную ці то на шум дрэў, ці то на шум ветру. Хаця якая розніца, гэта ж адно і тое ж - дрэвы шумяць толькі тады, калі ёсць вецер...

Калі Хуткія Ногі грае, Войха сядзіць ля яго і сама не ведае, чаму трымціць як ад холаду, а з яе вачэй чамусьці самі сабою коцяцца слёзы. Ёй падабаецца тады дакранацца пальцамі да яго рубцоў, шрамаў, рассечын - да ран, атрыманых на паляваннях. Столькі ран, як у яго, пэўна, ні ў кога ў стойбішчы няма: і біўнямі, і рагамі, і зубамі розныя звяры пакінулі на яго целе свае адмеціны.

Шкада, што якраз тую сваю забаўку, слухаючы якую, плакала Войха, ён згубіў на адным з паляванняў - узяў з сабою і не збярог. І сам ужо не ведае, дзе згубіў. Хутчэй за ўсё там, дзе валасаты насарог ледзь не ўздзеў яго на абодва свае рогі адразу.

Войха слухала, як спяваюць забаўкі, зробленыя ім, лашчыла ягоныя раны - і свежыя яшчэ, і тыя, што ўжо зажылі, - а Тым злаваўся: ён таксама быў лоўкі і смелы, і ў яго была добрая зброя і не меней ран, а таму і ён спадзяваўся на ўвагу і ласку Войхі. Але Войха яго не заўважала - быццам Тыма і не было. Гэта яго злавала, даводзіла да шаленства, ён ненавідзеў Хуткія Ногі, аднак не паказваў гэта нікому, таіўся, прыкідваўся сябрам, а часам, калі ў Хуткіх Ног з'яўлялася нейкая вялікая праца, якую не зробіш адзін, сам прыходзіў памагчы.

Так было, калі Хуткія Ногі будаваў сабе жытло. Тым тады цэлымі днямі цягаў разам з ім ад ракі на Курган косткі маманта - лапаткі, тазавыя косці, а таксама сківіцы - і яны разам, выбудоўваючы сцены, складалі косткі адна да адной.

А вялізныя чарапы, з якіх тырчаць біўні, Хуткія Ногі захацеў паставіць на ўваход у свой будан, звязаўшы іх сухажыллем, але ўдвух яны не змаглі зацягнуць усё гэта на выспу, а таму давялося прасіць на дапамогу ўсіх мужчын селішча. Гэтак жа ўдвух не далі рады і шкуры маманцяняці, якую хацелі зверху ўсцягнуць на будан, і зноў жа прасілі дапамогі.

Тым адгаворваў: «Навошта, ні ў кога ж у стойбішчы такога няма», але Хуткія Ногі не паслухаўся - усцягнулі ўсё ж усім гамузам на ягоны будан тую шкуру, хоць гэта і было дужа цяжка. Спачатку думалася, што Тым не хоча цягнуць шкуру, бо лянуецца, а потым ён зразумеў, што суперніку не падабаецца, што не ў яго, а ў некага іншага будан - адзіны ў селішчы - будзе накрыты мамантаваю шкураю.

Тым і сам марыў накрыць свой будан гэтак жа, як і Хуткія Ногі, але зрабіць гэта яму ніяк не ўдавалася: маманцяня ўпаляваць вельмі цяжка, бо маманты пільна ахоўваюць сваіх дзяцей, а шкуру дарослага велікана на жытло не ўсцягнеш.

Вось і стаіць такі будан Хуткіх Ног - адзіны на ўсё стойбішча, на ўвесь Курган.

Дык хіба ж можна было Тыму не зайздросціць шчасліўцу?! Тым болей што сам, сваімі рукамі дапамагаў яму будаваць тое, чаму потым усе будуць зайздросціць. І заваёўваць увагу Войхі, чаму будзе ўжо зайздросціць ён адзін.

А цяпер Войха глядзіць толькі на Тыма. Яна, здаецца, толькі яму аддае пад прыгляд усё гэтае паляванне. Быццам ён і лаўчэй, і мудрэй за Хуткія Ногі...

З такімі невясёлымі думкамі і выходзіў ён разам з усімі мужчынамі са стойбішча.

І вось іх ужо вядзе Тым - па дарозе, якой няма, але якую ведае і памятае толькі ён адзін.

Яны, узяўшы з сабою ўсё, што трэба для палявання, неслі нават свой агонь - ісці трэба доўга. Два разы з'яўлялася і знікала сонца, а яны яшчэ не бачылі жывых буйных жывёл: во як моцна, заганяючы сваім крыкам у абрывы і лоўчыя ямы, спудзілі іх людзі. Дробныя, праўда, трапляліся, яны на іх палявалі, аднак толькі дзеля таго, каб пад'есці, каб назапасіць сілы перад сапраўдным паляваннем.

Хуткім Нагам ужо здавалася, што ніякіх мамантаў Тым не бачыў, а ўсё гэта ён выдумаў толькі дзеля таго, каб звярнуць на сябе ўвагу Войхі і раззлаваць яго. Тым болей ён прыкмеціў, што гэтаю пуцявінаю яны хадзілі ўжо раней - вунь ля той гары валуноў, якая вельмі ж нагадвае статак мамантаў, яны тады ўпалявалі зубра.

Яшчэ раз з'явілася сонца. Яшчэ раз яны паснедалі - з'елі некалькі зайцоў, якіх засмажылі ў гліне. Тым, праўда, еў сваіх мышэй, мяса якіх ён вельмі любіў. І толькі тады нечакана ўбачылі мамантаў. Правільней, заўважылі спачатку маманцянятка, якое адно спакойна пасвілася на лужку, а пасля ўжо і саміх веліканаў.

Людзі, каб не спудзіць жывёл, кінуліся да крушні камянёў і, пахаваўшыся за валунамі, ужо трымцелі ад нецярплівасці, каб не ўпусціць зручнага выпадку, які Нехта падараваў ім.

Аднак статак іх пачуў. Маманты паднялі галовы, насцярожыліся: іх хобаты падняліся ўгору, яны вадзілі імі, нібы нюхаючы паветра, ловячы кожны подых ветру.

Пасля, мусіць, убачыўшы ўсё ж людзей, жывёлы апусцілі хобаты і, пагрозліва ўскінуўшы ўгору біўні, з пранізлівым, хрыпла-вісклівым крыкам кінуліся на валуны. Але дабеглі толькі да маманцяняткі і, абкружыўшы яго з усіх бакоў - разумелі, што небяспека пагражае найперш яму, - папіхаючы яго хобатамі, павялі як надалей і ад гэтага камення, і ад гэтых людзей, якія пахаваліся за ім.

Назад яны ішлі спакойна, не спяшаючыся, - як усё роўна ведалі, што цяпер ужо людзі даганяць іх не будуць. Ды і паляўнічыя разумелі, што даганяць статак марна, бо і маманцянятка ад іх не адаб'еш, і саміх мамантаў не напалохаеш, не распудзіш, колькі б ты за імі ні ішоў.

Але ўсё ж наперадзе іх чакала ўдача. Калі ўжо зноў збіралася схавацца сонца, калі з правага боку ў іх з'явілася шырокая, вельмі паўнаводная рака, паляўнічыя ўбачылі тое, што ім якраз і трэба было: пасярод шырокага лугу, стоячы на каленях, пасвіўся адзінокі мамант. І яго не трэба было ні ад кога адбіваць - статак хадзіў асобна, далекавата адсюль, а гэты быў зусім адзінокі: ці то яго адрынуў гурт, ці то ён сам меў такі няўжыўчывы характар, што лічыў за лепшае пасвіцца асобна.

Паляўнічым спадабалася і тое, што ён скубе траву на каленях: значыць, ведалі яны, мамант - даўняя ахвяра людзей: яго хобат некалі трапіў у сіло, якое ўкараціла яго так, што велікан ужо не можа дастаць да травы, стоячы на нагах.

Першы яго заўважыў Хуткія Ногі, але не паспеў сказаць пра гэта іншым. Яго апярэдзіў Тым і гартанна выкрыкнуў:

- Гара! - І паказаў пальцам на маманта.

Хавацца было позна. Мамант, пачуўшы Тымаў крык і ўбачыўшы людзей, пачаў падымацца. Таму ўсе ў той жа час кінуліся да яго, спадзеючыся яшчэ да таго, як ён устане з каленяў, смяротна параніць жывёліну, бо самае галоўнае ў паляванні на маманта - паваліць гэтую гару. А паваліўшы, людзі ўжо ведалі, што рабіць далей, як дабіваць велікана.

Усе беглі і бакавым зрокам назіралі за астатнім статкам, баючыся, што маманты кінуцца выручаць суродзіча. Аднак статак спакойна пасвіўся ля лесу і зусім не зважаў на людзей.

Хуткія Ногі дабег да маманта першы - той, устаўшы на пярэднія ногі, яшчэ не паспеў падняць свой азадак. Разгарачаны няпростым пачаткам ловаў, ён востраю дзідаю з выпрастанага біўня прапароў тоўстую шкуру маманта, стараючыся ўвагнаць, уціснуць яе як мага глыбей. Але мамант падняўся і на заднія ногі, а з ім, вырваўшыся з рук, вагаючыся і спружынячы, паднялася і дзіда Хуткіх Ног.

Паранены мамант, якога злавала, раздражняла і непакоіла гэтая рана, вельмі жвава, што нязвыкла для такой гары, павярнуўся да Хуткіх Ног...

І вось тады лавец выразна зразумеў, што не паспее ўцячы.

І тады ён маланкава кінуўся да мамантавай нагі і вяроўкаю з крапіўных валокнаў прывязаўся да яе.

І тады крамянёвым нажом распароў яму жывот.

І тады, калі вяроўка парвалася, спінаю ўпаў велікану пад ногі.

І тады, убачыўшы, што нага гары вось-вось раздушыць, расплюшчыць яго, шмыгануў у валуны і ўплішчыўся між іх, прыціснуўшыся да зямлі. Спяшаючыся, ён неяк не зразумеў ці то не заўважыў, што ногі яго засталіся па-за камянямі...

Болю, здаецца, лавец не адчуў. Толькі вельмі выразна, нават грамчэй, чым гэта было на самай справе, пачуў, як трашчаць, ламаючыся, косці. І тут жа страціў прытомнасць.

Апрытомнеўшы, адкрыўшы вочы, убачыў, што каля яго ўжо нікога няма. Паспрабаваў паварушыць сваімі нагамі і тут жа ад болю зноў страціў прытомнасць.

Калі да яго вярнулася памяць, ён згледзеў, што маманта блізка ўжо не было: яны - і супляменнікі, і мамант - адышліся адсюль, з пераменным поспехам нападаючы адно на аднаго. Людзі стойбішча, нібы танцуючы, кружыліся вакол параненага гіганта, а іхні танец быў страшны і небяспечны - крывавы танец смерці.

Хуткія Ногі цяпер ужо назіраў за гэтым збоку, аднак усё роўна трымцеў барацьбой, перажываў за ўсё, быццам ён і зараз быў там, ля маманта. Калі гара пачала завальвацца на той бок, у якім яшчэ тырчала дзіда, што ўсадзіў ён сам, з ягоных грудзей, як і з грудзей іншых супляменнікаў, вырваўся гартанны пераможны крык. І гледзячы, як павольна падае, праколваючыся, пратыкаючыся ягонай дзідай, мамант, як пад цяжарам самой жывёліны дзіда ўваходзіць усё глыбей і глыбей у тушу, ён таксама так узрадаваўся, што, забыўшыся на патрушчаныя ногі, аж падхапіўся, каб устаць з зямлі, але тут жа, нема крыкнуўшы ад болю, зноў паваліўся між валунамі.

На гэты раз прытомнасць да яго не вярталася доўга.

А калі вярнулася, першае, што ён убачыў, было неба. Блакітнае і бяздоннае, яно калола вочы. Там, высока-высока, кружыла шмат птушак, якія, здавалася, неяк бязладна махалі крыллем.

І яшчэ што яго здзівіла - гэта ціша. Хуткія Ногі падумаў, што супляменнікі, падзяліўшы і ўпакаваўшы здабычу, пайшлі ўжо ў селішча. Ён захацеў паглядзець, дзе яны, аднак, навучаны горкім вопытам, не падхапіўся з месца, а толькі крышку павярнуў галаву. І тады ўбачыў, што паляўнічыя яшчэ тут, а цішыня стаіць таму, што ўсе засяроджана працуюць - разбіраюць гару: мужчыны, абступіўшы маманта з усіх бакоў, рэжуць яго на кавалкі і складаюць іх у заплечныя торбы - плечакі, у скураныя мяшкі, грузяць на валакушы.

Ад маманта ўжо амаль нічога не засталося - толькі бялеюць, гэтак жа, як і біўні, косці, на якіх няма мяса. Ужо не верыцца, што зусім нядаўна гэта быў мамант - на зямлі цяпер ляжыць адно гара касцей.

Разбіранне маманта, ён разумее, ужо заканчваецца. Кіруе ўсім, канечне ж, Тым - адны да яго падыходзяць, каб нешта спытаць, ён сам знаходзіць іншых, каб нешта загадаць ім.

Словам, яны разбіраюць маманта без Хуткіх Ног! Тым, Тым, - а не ён! - герой гэтага палявання! Зірні, як ганарыста глядзіць той на ўсіх - нібыта любуецца самім сабою. А ён нічога не можа зрабіць - не можа ні паспрачацца з ім, ні хоць бы запярэчыць. Ляжыць вось тут, між валуноў, баіцца нават паварушыцца, каб не самлець. А на яго ўсе забыліся, махнулі рукою - ніхто і не падышоў. А гэта ж ён, ён, ён - Хуткія Ногі! - уваткнуў першую дзіду ў бок гіганта, ён, толькі ён разрэзаў яму жывот, ды і падаючы, мамант праткнуўся ягонай жа дзідай. А ўся ўвага і павага Тыму. Быццам усё гэта яго работа. Быццам гэта ён паваліў гару.

Як горка і балюча ляжаць вось тут аднаму, забытаму, без ног!

Тым як усё роўна пачуў гэта. Ён падазваў да сябе некалькіх мужчын, паказаў ім рукою ў ягоны бок, нешта сказаў. Мужчыны пайшлі да сваіх плечакоў і валакуш, а ён, узяўшы ў рукі ягоную дзіду, якая ўсё яшчэ стаяла між мамантавых касцей, накіраваўся да яго. Хуткія Ногі не разумеў, чаго Тым ідзе сюды, але нейкае невядомае чуццё падказвала, што нічога добрага чакаць яму не даводзіцца.

- Я сказаў ім, што ты памёр, - падышоўшы, буркнуў Тым.

Хуткія Ногі нічога яму не адказаў. Ён моўчкі, не хаваючы сваёй непрыязні, глядзеў у Тымавы вочы і думаў: колькі ж у іх злосці і нянавісці!

- Хочаш, я памагу табе памерці? - нібы павесялелы ад гэтай думкі, прапанаваў Тым.

- Маёю дзідаю?

- А яна ўжо мая! - усміхнуўся ён і ў навісе лёгка перахапіў дзіду рукою.

Мамантаў бівень быў увесь у крыві, нібыта яго толькі што выламалі з чэрапа і яшчэ не паспелі абцерці.

- Ну што, Хуткія Ногі, няма ўжо хуткіх ног? - злараднічаў Тым.

Дзіда ўжо завісла над ім - якраз у тым месцы, дзе моцна, устрывожана стукала яго сэрца. Хуткія Ногі разумеў, што Тым не жартуе. Спачатку ён знайшоў і моцна сціснуў даланёю крамянёвы нож, але ў той жа час вызваліў руку - што ён, бязногі, можа зрабіць яму нажом?!

І калі Тым, крыху счакаўшы, нібы молячыся Некаму, напружыўся і, сабраўшы ў адну руку ўсю сілу, моцна ўдарыў яго дзідаю, Хуткія Ногі імгненна адбіў яе рукою, і дзіда глыбока ўторкнулася ў зямлю - побач з ягоным сэрцам, прыбіўшы да дзёрну крысо адзення.

Тым не спяшаўся выцягваць яе з зямлі. Стаяў, маўчаў, думаў, глядзеў туды, куды ўваткнулася дзіда. Пасля падняў вочы, паглядзеў на неба. Потым спакойна сказаў - як нешта даўно вырашанае.

- Усё роўна ты памрэш, - і паказаў на неба. - Яны табе памогуць.

У небе кружылі вораны, груганы. Іх, здаецца, яшчэ пабольшала. Тым памаўчаў, падумаў, пасля азірнуўся на рэшткі маманта і дадаў, працягваючы сваю ранейшую думку:

- Думаеш, ім маманта хопіць? Не! Аб'ядуць яго косці - на цябе ўсе зляцяцца. Усе! А ты ж ад іх і не ўцячэш, і не абаронішся...

Рашуча ўхапіўся абедзвюма рукамі за дзіду, пахітаў яе ва ўсе бакі, выцягнуў з зямлі і, спяшаючыся, пайшоў прэч. Але потым павярнуўся і нямоцна крыкнуў яму:

- А Войсе я скажу, што цябе растаптала гара.

Паляўнічыя ўжо збіраліся ў зваротны шлях. Яны закідвалі за спіну цяжкія, наладаваныя мясам плечакі, спрабавалі, ці зручна будзе цягнуць нагружаныя валакушы. Тыя, што ўжо былі гатовы, выбіралі сабе сцежку і паціху выходзілі ў дарогу. За імі выпраўляліся іншыя.

Тым стаяў і чакаў, пакуль усе лаўцы стануць у гэты доўгі шэраг, які ўжо расцягнуўся на ладную адлегласць, а тады і сам лёгка закінуў цяжкі мяшок за плечы, узяў у руку вяроўкі ад валакушы, паторгаў іх, нібы спрабуючы, ці не парвуцца, і пайшоў за ўсімі.

Хуткія Ногі глядзеў услед Тыму, услед усім супляменнікам, што ішлі ў стойбішча, і нейкае невыразнае пачуццё ўсё больш і больш авалодвала ім, вярэдзіла яго душу і думкі. Яму было і радасна, што пакуль застаўся жывы, але і горка, прыкра і балюча, што свае людзі з Кургана так нядобра абышліся з ім - ніхто не падышоў да яго, ніхто не пакінуў яму хоць які кавалак мяса, не прапанаваў агню, які яны забралі з сабою і панеслі назад у стойбішча.

Яму тужліва было глядзець на гэты цуг знаёмых людзей, які ўсё больш аддаляўся. Але пакуль ён бачыў людзей, было нібыта і спакойна - людзі ж тут, амаль побач, ён іх бачыць, яны недалёка: здавалася, крыкні - прыбягуць, дапамогуць. Аднак пасля таго, як апошні паляўнічы знік, схаваўся за далёкім пералескам, калі ён адчуў усёю сваёю істотаю, што застаўся адзін, яго ахапіў неймаверны жах: цяпер ужо, што б з ім ні сталася, ніхто не прыбяжыць, ніхто яму не паможа, ніхто не абароніць...

Пакуль людзі былі навідавоку, ён нічога не чуў, нічога не бачыў вакол сябе - уся ягоная ўвага была занятая імі, скіравана на іх. І толькі калі яны зніклі з вачэй, заўважыў, што на асвежаванага маманта - на тое, што засталося ад яго, - зляцелася дужа шмат груганоў - у небе, здаецца, амаль не засталося птушак. Яны ў адрозненне ад людзей, якія толькі што працавалі тут ціха, амаль нячутна, шумелі, крычалі, сварыліся між собою, адпіхваючы лапамі і крыллем адзін аднаго ад касцей.

Некаторыя груганы і адтуль, як яму здавалася, вельмі зацікаўлена час ад часу пазіралі ў гэты бок - нібыта пасвілі яго, нібыта сачылі, ці на месцы ён, ці не ўцёк яшчэ. Яны пакідалі яго на запас, і ён ведаў, што Тым казаў праўду: як толькі справяцца з мамантам, адразу ж зляцяцца на яго...

А паміраць Хуткім Нагам яшчэ не хацелася.

Усяго дваццаць снягоў сустракаў ён і дваццаць разоў праводзіў іх вясною, калі гэтыя снягі скідваліся вадою. Але ж многія не дажывалі і да гэтага - паляванне забірала самых смелых мужчын са стойбішча. Лепшыя мужчыны-паляўнічыя - упрыгажэнне племені, але ж яны - і найпершыя ахвяры палявання: адных прапорвалі наскрозь сваімі рагамі насарогі, другім звяры адкусвалі рукі і ногі - і яны паміралі ад ран, трэціх растоптвалі маманты.

Амаль ніхто ў стойбішчы не дажываў да старасці - усе паміралі маладымі: пакідалі патомства і паміралі. Таму ў свае дваццаць снягоў ён лічыў сябе вельмі старым. Але ж паміраць яшчэ не хацеў.

Бачачы, што груганы ўсё яшчэ пазіраюць у яго бок, зразумеў, што трэба як найхутчэй выбірацца адсюль, з гэтай крушні.

Эх, ногі! Дзе ж вы, хуткія ногі?!

Ногі былі на месцы, яны ляжалі на зямлі, але памагчы яму ўжо нічым не маглі. Цяпер уся надзея была толькі на рукі.

Зараз ногі яму толькі заміналі - без іх, такіх вось, нерухомых, было б і прасцей, і зручней. Нічога, ён і цяпер не адмовіцца ад іх - усё роўна павалачэ, патрушчаныя, за сабою!

Аднак паўзці яму трэба якраз туды, дзе ляжаць ногі. Як іх адсунуць, прыбраць з дарогі? Як перавярнуцца самому? Успомніўшы, як траціў прытомнасць, калі рэзка падхопліваўся з месца, Хуткія Ногі зразумеў, што ўсё гэта дасца яму нялёгка.

Куды і як паўзці? Варта б зірнуць, што ў яго наперадзе, але ж для гэтага трэба перавярнуцца са спіны на жывот.

Разумеў, што без болю зрабіць гэта не ўдасца. І таму рашыў перавярнуцца адным махам - хай лепей пабаліць і мацней, але хай боль гэты будзе карацейшы.

І ён рэзка, у міг вока перавярнуўся на жывот.

І ў той жа момант зноў страціў прытомнасць.

Апрытомнеўшы, падняў галаву і ўбачыў, што наперадзе, між валунамі, ёсць вузкая шчыліна, па якой можна выпаўзці з крушні.

І Хуткія Ногі павольна, асцерагаючыся рэзкіх паваротаў, папоўз між камянямі. Паўзці было вельмі нязручна, бо кожны няпэўны рух адгукаўся нясцерпным болем у нагах.

Аднак ён, сціснуўшы зубы, усё ж не спыняўся, а калі і спыняўся, то ненадоўга, і поўз наперад - пакуль што ў адваротны бок, не туды, куды яму трэба. Калі выпаўз з валуноў, паступова - рэзка мяняць накірунак баяўся - пачаў заварочваць туды, куды пайшлі суродзічы.

Сонца неўзабаве знікла, а ён, ужо крыху прывыкшы да болю, усё поўз, поўз і поўз - яшчэ завідна за ім паляцела некалькі груганоў, якія, крыху пакружыўшыся над ім, зноў вярнуліся на мамантавы косці, аднак Хуткія Ногі ўсё роўна спяшаўся як мага далей адпаўзці ад іх.

Не памятае, ці спаў ён гэтую ноч - мусіць, усё ж драмаў, прыпаўшы да зямлі, правальваючыся ў неспакойны сон, але ж к таму часу, калі сонца зноў з'явілася ў тым баку, дзе было стойбішча, Хуткія Ногі дапоўз да пералеску, за якім учора надвечар схаваўся апошні лавец.

Сцяжынку, па якой пайшлі дадому суродзічы, ён знайшоў адразу. Ды яе і шукаць не трэба было - суродзічы праклалі яе: утапталі нагамі зямлю, дзе ўзлахмацілі, а дзе прыгнулі траву валакушаю. Да таго ж паляўнічыя вярталіся ў стойбішча па тых жа самых слядах, якія пакінулі, ідучы сюды, а таму пракладзеная сцяжынка ўжо нагадвала дарогу.

Дабраўшыся да яе, Хуткія Ногі ўзрадаваўся - цяпер яму, ляжачаму, не трэба раз-пораз падымаць галаву і распазнаваць, ці туды паўзе: гэтая сцежка сама прывядзе ў роднае селішча.

Толькі вось цяпер адчуў, што галодны - яму вельмі хацелася есці. Пашукаў вачыма, павадзіў рукамі па траве, выглядаючы і выбіраючы, дзе могуць быць смачнейшыя карані, узяў у руку нож - той, што пабываў у чэраве маманта: ён не сарваўся з почапкі і цяпер поўз разам з чалавекам, - накапаў каранёў, абцёр іх спачатку аб траву, а затым яшчэ пашморгаў па шкурцы на сабе і паснедаў.

І ўжо збіраўся паўзці далей, і ўжо ўпёрся локцямі ў зямлю, як раптам адчуў, што нешта яму замінае, муляе. Ён рукою дастаў з-пад локця нейкую костку, хацеў адкінуць убок, але, міжволі зірнуўшы на яе, знямеў: гэта была тая яго забаўка, якую любіла слухаць Войха і якую ён згубіў калісьці на паляванні. Паляўнічы так узрадаваўся, што адразу ж узяў забаўку ў губы і пачаў дабываць з яе шум дрэў, шум ветру, шум дажджу, што шапаціць па траве. Гукі былі такія тужлівыя, што і ў яго самога, як і ў Войхі, пакаціліся з вачэй слёзы...

Не выпускаючы з рукі свісцёлкі-забаўкі, Хуткія Ногі з яшчэ большай настойлівасцю папоўз па ўтрамбаванай валакушамі сцежцы.

Двойчы ўзыходзіла і заходзіла сонца, і калі б у яго былі здаровыя ногі, ён бы за гэты час паспеў прыйсці ўжо ў сваё стойбішча. А так дацягнуўся толькі да таго месца, дзе яны, яшчэ ідучы на паляванне, налавіўшы ў вялікай рацэ рыбы, сілкаваліся ёю. Цікава, што лаўцы, вяртаючыся назад з набыткам, таксама перакусвалі тут, каля старога вогнішча. Зноў жа налавілі рыбы, зноў жа елі яе сырую і пяклі. Ён думаў, што-небудзь з ежы знойдзе пасля іх, але нічога не адшукаў - тут жа, як яны пайшлі, відаць, балявалі звяры і птушкі...

Падумаўшы так, падняў галаву, паглядзеў у неба. Там, хоць і было іх няшмат, але ўсё ж кружылі крумкачы - ці то прыляцелі ўслед за ім тыя, ад маманта, ці гэта ўжо новыя дзюбатыя шукаюць сабе здабычу. Але яны былі высока, і ён чамусьці іх не баяўся.

Зноў, выбіваючыся з сіл, папоўз наперад, капаючы на перакус карэнне і збіраючы мінулагоднія жалуды, што трапляліся яму на сцежцы.

Аднак цяпер часцей за ўсё на сцежцы трапляліся кветкі, якіх, ідучы на паляванне, ён чамусьці не бачыў - мусіць, таму, што тады ішоў, а не поўз і краскі былі далекавата ад вачэй. Цяпер жа яны самі кідаліся ў вочы. А гэтая, як жывая, тыцнулася яму прама ў губы - яе чамусьці абмінулі, не зачапілі валакушы і ногі лаўцоў.

І ён нават спыніўся - загледзеўся на яе, залюбаваўся ёю.

Яна была прыгожая: ярка-чырвоная, з вялікімі пялёсткамі, якія былі настолькі вытанчаныя, што кветка выглядала вельмі пяшчотнаю.

Якраз вось такую кветку ён убачыў зімою снягі тры таму назад, калі адзін вяртаўся з ловаў. Яна стаяла ў снежнай ямачцы - сама сабе надыхала, - і гэтае яе дыханне застыла зверху празрыстаю льдзінкаю. Кветка неяк дзіўна асвятляла снег.

Ён тады доўга любаваўся ёю сам, а затым збегаў па Войху, і яны ўдваіх доўга і шчыра радаваліся гэтаму цуду ў снезе, і Войха не злавалася на яго за тое, што змусіў яе ісці ў такую далеч з-за нейкай там кветкі.

Гэтая кветка раптам абудзіла ў ім надзею і ў той жа час засмуціла яго, прымусіла зірнуць на сябе збоку.

«Пачакай, пачакай, - разважаў ён зараз, - вось ты паўзеш, спяшаешся ў стойбішча. Але навошта? Хто цябе там чакае? Суродзічы ўжо, пэўна, пахавалі і забыліся пра цябе. Войха? Ды ёй, мусіць, захоплена расказвае Тым, як ён паваліў маманта. Астатнія радуюцца ўдаламу паляванню, запякаюць мяса ў гліне, смажаць на гарачых каменнях, рэжуць яго тонкімі палоскамі і вешаюць вяліцца - каб было што есці потым, калі здарыцца раптам голад. Смяюцца, весяляцца, цешацца... І тут з'явішся ты, нібы нябожчык, нібы той, хто вярнуўся з таго свету...»

Хуткія Ногі раздражнёна змяў даланёю, расцёр у пальцах кветку, быццам у тым, што здарылася з ім, вінавата якраз яна, а потым яшчэ прапоўз па ёй жыватом і заскарадзіў яе нагамі...

- Ты жывы?! - нечакана пачуў ён над сабою. - А Тым казаў, што цябе растаптала гара. І я іду, каб аддаць цябе зямлі. Каб ты застаўся цэлы і пад зямлёю. Каб цябе не з'елі тыя, каго ядзім мы...

Ён падняў галаву - над ім стаяла Войха. Яму нават здалося, што яна ласкава ўсміхаецца яму.

- Ты паўзеш? Не ідзеш, а паўзеш? Пакажы мне свае ногі, - адразу ж папрасіла яна.

Войха вельмі асцярожна пачала іх абмацваць, пагладжваць, злёгку сціскаць. Яму было балюча. Каб не крыкнуць, каб крыху заглушыць боль, ён узяў у губы забаўку - Войха гэта не бачыла - і зайграў. Войшыны пальцы, нібы наткнуўшыся на што, здрыгануліся, замерлі, а тады зноў - толькі ўжо ласкавей і далікатней - пачалі абмацваць ягоныя ногі. І чым тужлівей ён іграў, тым беражлівей рабіліся яе рукі.

- Ага, наша жыццё залежыць перш за ўсё ад нашых ног, - нібы сама сабе, нібы працягваючы нейкую сваю думку, ціха сказала Войха. - Ёсць ногі - мы жывыя, а няма...

Яна не дагаварыла, задумалася: нібы сама ў нечым сумнявалася, на нешта адважвалася.

Ён усё яшчэ іграў - гэта быў шум дажджу, які яшчэ не дайшоў сюды, але які ўжо і чуваць, і відаць. Забаўка шапацела, шумела, лапатала, нібы буйныя кроплі і напраўду скочваліся па лісці дрэў у траву.

Ён не бачыў яе, але адчуваў, што яна адышла да свайго плечака і нечым там шамацела, нешта шукала. Калі яна зноў падышла, ён убачыў, што ў руках Войха трымае кавалак гатаванага мяса.

- Я спякла яго на камянях, - сказала яна. - Табе.

- Дык Тым жа сказаў, што я мёртвы, - Хуткія Ногі дастаў на хвіліну з рота забаўку, а сказаўшы гэта, зноў сунуў яе ў губы.

- А я не паверыла яму...

Войха прысела наўсколенцы перад ім, сваім нажом адкроіла ад мяса кавалак і, дастаўшы з ягоных вуснаў забаўку, пачала карміць.

Яна карміла яго, як дзіця, - з рукі. Ён, абапёршыся на локаць, крыху прыўзняўшыся над зямлёю, еў тое, што яна давала яму, а сам усё глядзеў на яе - любаваўся ёю.

Потым яна, абцёршы сваёю даланёю яму вусны, зноў пайшла да плечака і вярнулася адтуль з валакушаю - і пра яе Войха не забылася. Яна разаслала валакушу на траву, сказала:

- Я зраблю табе ногі, мой мужчына. Я збяру табе іх нанова. І ты будзеш бегаць лепей, чым на тых, што ў цябе былі.

Яна хацела ўсцягнуць яго на валакушу, але ён не даўся і ўспоўз на яе сам.

Войха ўзялася за вяроўкі, паспрабавала, ці зручна будзе цягнуць, сказала:

- А цяпер пайшлі ў стойбішча, Хуткія Ногі.

І пацягнула валакушу ў той бок, адкуль кожны дзень з'яўляецца сонца.

 

У стойбішчы на гэтым Кургане ў Войхі і Хуткіх Ног нарадзілася дзесяцёра дзяцей. І хоць яны рана паміралі, усё ж паспелі даць патомства, нарадзіць сваіх дзяцей. Ад гэтых дзяцей пайшлі Бус і Бераж, Жыва і Светлавока, Гарабой і Мікаш, Краска і Міланега, якія таксама раджалі нашчадкаў, што зноў жа раджалі сваіх нашчадкаў.

Ад гэтых першалюдзей нарадзіліся і язычнікі Лютабор і Дуброўка, Вышата і Купалінка, Дабранег і Людуміла, Позвізд і Галуба, Вышата і Забава, Машэка і Яліна. І яны раджалі і пладзіліся, жылі і весяліліся на той зямлі, якую ж потым самі назавуць Беларуссю. На той зямлі, на якой праз нейкі час з'явіцца Друцкае княства, з'явіцца Ворша, з'явіцца двор Зубрэвічы, дзе будзе князяваць Дзмітрый Зубрэвіцкі.

А тая сцяжынка, якую, цягнучы ў стойбішча мяса маманта, праклалі валакушамі першалюдзі і па якой прапоўз ён, Хуткія Ногі, стане праз стагоддзі ці то насыпным Кацярынінскім шляхам, ці то шашою Менск-Масква.

Тут, між Дняпром і Дзвіною, народзяцца пасля Анціп, Сямён, Хімка, знойдуцца таксама Пракоп і Яўхім'я, Іван і Васюта, якія народзяць Улляну і Данілу - маіх бацькоў.

 

Адзін толькі Хуткія Ногі ад самага пачатку ў мяне так і называўся. Тым жа быў Хвірам, а Войха - Вольшаю.

Аднаго разу я неяк сасніў тую дарогу, па якой поўз Хуткія Ногі. Збоч яе ўсё з той жа дзідаю з мамантава біўня стаяў, нібыта чакаючы каго, чалавек.

- Слухай, - яшчэ здалёк загаварыў ён да мяне, - навошта ты выдумаў мне такое непрыгожае імя? Мяне ж усе ў стойбішчы звалі Тымам. І твая Вольша была ў нас Войхаю.

І чалавек грозна ўваткнуў дзіду ў зямлю.

І я не тое што спалохаўся, але ўсё ж памяняў імёны - хай яны будуць такія, пад якімі іх ведалі калісьці ў стойбішчы на Кургане.

 

1998


1998

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая