epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Ці бачылі вы, як камень..."

Ці бачылі вы, як камень

Паступова пачынае разумець сваю годнасць,

Пачынае разумець сябе...

Ён, нібы распранаючыся,

Скідае з сябе лішні груз,

Што абмяжоўваў яго ў стагоддзях;

Ён скідае з сябе,

Як сарочку уціхамірвання,

Спакой застылай бясформеннасці.

І вось —

У невыразных пакуль контурах

Натужліва ажывае роздум.

Яшчэ год, яшчэ два —

І, асветлены чалавечаю думкаю,

Ён натхнёна і горда

Закідвае галаву над планетамі і стагоддзямі...

 

Вы бачылі, якімі маленькімі ля яго

Выглядаюць стомленыя скульптары?..