epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Чорны храм

Быў у неграў маленькі і цесны свой храм —

Не павярнуцца ніяк у ім.

І сказалі белыя чорным: «Мы лепшы збудуем вам

І Бога свайго дадзім».

 

Быў у неграў маленькі і цесны свой храм —

Ад яго засталася спазма тугі,

А белыя чорным, узнятым да Бога, рукам

Падсунулі храм другі.

 

І ўсё ззяла, усё аж іскрылася там

Белізной невядомых трывог,

Але чорным патрэбен быў чорны храм

І чорны таксама Бог.

 

І стаяў, і маўчаў — халодны, як сплін,

Гэты склад невядомых кадзіл,

Але негр не ў яго, а ў цёплы ўспамін

На маленне сваё хадзіў.

 

І дзівіліся белыя: храм, нібыта букет,

Толькі негры — ні на парог...

І ўзагналі сілай на белы і слізкі паркет

Статак чорных пужлівых ног.

 

Не паверылі негры ўсё роўна вачам,

Спавядаць белы Бог іх не змог,

Бо чорным патрэбен быў чорны храм

І чорны таксама Бог.

 

І яны знайшлі свайму Богу жытло —

Збудавалі храм пад зямлёй,

А маліцца хадзілі ў яго праз дупло,

Каб не выдаць тайны сваёй.

 

Адкрываліся пастарам там, як сябрам,—

І знікаў з іх вачэй спалох,

Бо там звыкла атульваў іх чорны храм

І чорны ўсміхаўся Бог.