epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Чубы

Беларуская балада. XVII стагоддзе

Заманулася і нам, беларусам,

Паказакаваць, пагуляць без прымусу.

Сотнікі і есаулы з ахвотай

Запісалі ў рэестры галоту.

Пагадавалі мы ўсе чубы —

І ўжо кожны казак нібы.

Былі сяляне ніўныя, былі сяляне рольныя,

А цяпер мы — казакі вольныя.

Чым хочам, тым і займаемся:

Хочам, у карчме забаўляемся,

Калі хочам, жнём, калі хочам, косім —

Словам, работы не просім.

А было ж, што не ўгадуем —

з’есць панская з’едзь,

А ты хоць па смерць на голадзе едзь.

Ды вось зноў хочуць зрабіць з нас цягло.

Але не тут-то было,

Бо вольны казак з нас любы —

У нас жа чубы!

А нас б’юць, як і ўсіх, бізунамі,

Здзекуюцца ваяводы над намі!

І з нас, нібы з мужыкоў барадатых,

Патрабуюць падатак.

Тады кожны казак (навошта таіць!)

Крычыць на чым свет стаіць:

— Ты ўважлівей зірні на мяне, душагуб,—

У мяне ж чуб!

А калі прымушаюць ісці на працу —

Казакі ведаюць, як адмаўляцца:

— Не хочам вашае ласкі,

У нас свой парадак — наскі.

Мала, што я вам не люб —

У мяне ж чуб!

Зрываецца з губ:

— У мяне чуб!

Хваліцца любы:

— А ў нас чубы!

І тады ваяводы ўсім чыста

Пазразалі чубы ўрачыста.

Думалі, што мы без чубоў

Будзем араць паслухмяна зноў;

Думалі, што мы, лысыя, як раней, будзем сеяць —

Казакі ж без чубоў, маўляў, казакаваць не ўмеюць.

Але мы дакладна і пэўна,

Самі бясчубыя, падпускалі чырвоных чубатых

пеўняў

Пад стрэхі панскія вечныя...

 

Бачыце, і без чубоў казакі небяспечныя!