epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Чужаніцы

 

Горад быў узбуджаны, здзіўлены і занепакоены.

У ім з’явіліся дзве незразумелыя, таямнічыя асобы жаночага полу, якія вялі сябе вельмі падазрона — хоць выглядалі незнаёмкі гэтак жа, як і ўсе іншыя жанчыны, па іх паводзінах было відаць, што яны не тутэйшыя, а быццам бы прыляцелі з нейкай іншай планеты.

Упершыню іх убачылі на ўскраіне горада на бруднай, неўпарадкаванай вуліцы. Яны стаялі пасярод гразкай лужыны, з асалодаю, як можна глыбей засоўвалі ногі ў чорны, быццам дзёгаць, глей, напружваючыся, выцягвалі іх адтуль зноў, задаволена ўслухоўваліся ў гучнае чвяканне і, радасныя, у захапленні сачылі вачыма, як ад іхніх модных чаравічак кавалкамі адвальваецца і хлюпае ў ваду густая, цягучая гразь.

І дзіўна — яны былі шчаслівыя! Гэты непрыемны кожнаму нармальнаму чалавеку занятак быў для іх нейкаю забаваю, нават святам. Канечне, прыляцелі аднекуль, калі звычайны, зямны бруд ім за такую цацку!

Спачатку на іх ніхто не звяртаў асаблівай увагі — дзівачацца, то хай сабе трохі і падзівачацца, — а пасля, калі ўбачылі, як яны кідаюць адна ў адну граззю і весела рагочуць, людзі пачалі прыпыняцца: зірніце, чым займаюцца дарослыя жанчыны...

Каля іх ужо сабраўся цэлы натоўп, але незнаёмкі не заўважалі гэтага — як і раней, гулялі, быццам дзеці, з граззю. І толькі калі пачулі, што з іх пацяшаюцца, здзекуюцца, а некаторыя дужа актыўныя мужчыны падкасваюць ужо калашынне, каб лезці ў лужыну — злавіць іх і адвесці ў міліцыю, — жанчыны страпянуліся і нечакана для ўсіх, хто назіраў за імі, зніклі — нібы растварыліся ў паветры. Толькі што былі — і іх ужо нідзе не відаць...

Сам па сабе гэты горад быў задумлівы, маўклівы, панылы і раззлаваны. Змрочныя, абураныя людзі ў асноўным стаялі па чэргах — парожнія магазіны, пустыя паліцы, недахоп усяго, без чаго не абысціся кожны дзень, развялі гараджан па чэргах і расставілі іх адзін за адным: маўляў, дыхайце кожнаму, хто перад вамі, у патыліцу! Людзі днявалі і начавалі ў чэргах, грэбліва перасварваліся між сабою, а то і пускалі ў ход кулакі. І для поўнай радасці ім, здаецца, якраз не хапала вось такой сенсацыі — каб яе да пасінення абмяркоўваць потым у чэргах.

Па горадзе папаўзлі чуткі, што гэтыя жанчыны — прыхадні з космасу, што ў іх тысячы вачэй, а яшчэ болей рук, што яны хапаюць спрытна ўсіх мужчын — асабліва тых, хто спрабуе іх лавіць — і невядома дзе іх дзяюць — ці то знішчаюць, ці то перасылаюць на сваю планету.

Казалі нават, што тых, хто збіраўся лезці да іх у лужыну, паралізавала.

Мужчыны пахаваліся па хатах, не выходзілі з дому, і на вуліцах горада засталіся толькі жанчыны — нават у вінна-гарэлачных чэргах стаялі адны яны.

Жанчыны і ўбачылі іх другі раз. На аўтобусным прыпынку, у чарзе.

Дзень быў змрочны, мокры, хмурны. Ішоў дождж са снегам, было холадна ў рукі і ў душу. Жанчыны ўхутваліся ў хусткі, клялі і чэргі, і само надвор’е, і жыццё.

А яны — шчаслівыя-шчаслівыя! — смяяліся. Захопленым позіркам, шырока адкрытымі вачыма глядзелі вакол сябе, паказвалі адна адной усё самае будзённае, звычайнае, што траплялася на вока — «Глядзі, глядзі!», «А во, а во!» — і бесклапотна смяяліся. Іх усё радавала, усё захапляла.

І тут нечакана гараджанкі ўбачылі, што незнаёмкі дужа маладыя — амаль дзяўчаткі. Яны шчыра радаваліся, як самаму вялікаму цуду, звычайнай травіне і захапляліся нязграбнай панельнай каробкай, нібыта гэта быў сапраўдны палац.

Але не гэта насцярожыла тутэйшых жанчын.

Незнаёмкі, як і ўсе іншыя, станавіліся ў хвост чаргі, аднак, калі тая падыходзіла і трэба ўжо было садзіцца ў аўтобус, яны нечакана саступалі месца тым, хто стаяў за імі, а самі зноў беглі ў самы канец — займаць новую чаргу. І зноў, шчаслівыя, смяяліся і радаваліся дробязям, — нібыта стаяць у чарзе і было іхняю мараю і сэнсам жыцця.

Калі жанчыны зрабілі так некалькі разоў, тутэйшыя занепакоіліся — а ці не апынуліся яны якраз побач з тымі дзівамі, пра якія гаворыць увесь горад? Спачатку, думаючы, што прыблуды будуць, як і мужчын, хапаць жанчын, усе ў жаху разбегліся, пакінуўшы на прыпынку толькі іх дзвюх. А потым, апамятаўшыся, асмялеўшы, кінуліся да чужаніц, з усіх бакоў атачылі іх — успомнілі, што незнаёмак трэба злавіць. Аднак як толькі жанчыны працягнулі да дзяўчат рукі, тыя зноў жа, нібы і перад гэтым у лужыне, бясследна зніклі, растварыліся ў паветры, а ўся чарга, здзіўленая і напалоханая яшчэ болей, стаяла і адно ва ўсе вочы няўцямна глядзела на тое месца, дзе толькі што смяяліся прыхадні.

Трэці раз іх таксама пазналі ў чарзе: незразумела, чаго ім так падабаліся чэргі?

У краме нічога не было, але чарга цярпліва і настойліва чагосьці чакала.

Увечары яны стаялі — таксама ў чарзе! — каля бруднай, разбітай вітрыны — нехта папусціў у яе каменем, і ад дзіркі, быццам промні ад сонца, ва ўсе бакі разыходзіліся зараз расколіны — стаялі ля вітрыны парожняга бакалейнага магазіна і аж паміралі ад шчасця. Паказвалі пальцамі на шыльду «Бакалея», дзе літара «Б» чамусьці не свяцілася, знявечыўшы зусім і само па сабе не вельмі прыгожае слова — «акалея».

Нават пабітае шкло і сапсаваная шыльда былі ім на радасць — у неонавым святле твары дзяўчатак гарэлі, вочы блішчалі, галасы аж перарываліся ад шчасця. І, канечне ж, сярод змрочных, сумных, абыякавых твараў гараджан зусім не цяжка было пазнаць чужаніц.

Злавілі іх зноў жа ў чарзе. Магазін быў зачынены, але каля дзвярэй стаяла вялікая-вялікая чарга — чаго чакалі, ніхто, канечне, не ведаў, аднак на нешта спадзяваліся ўсе, цярпліва, моўчкі пераносячы і холад, і восеньскую слату. Дзяўчаткі сталі ў самы хвост чаргі і пачалі, як і да гэтага, захапляцца ўсім, што бачылі перад сабою. Жанчыны спачатку цярпелі, сарамацілі іх — радасць і смех у гэтым змрочным горадзе была такой жа самай недарэчнасцю, як, скажам, і песні,— але дзяўчаткі, нібыта яны нічога не чулі, усё сакаталі і смяяліся. Гэта чаргу насцярожвала яшчэ болей, але яна як усё роўна чагосьці зацята чакала. Усё пачалося, калі да дзяўчатак падышлі новыя людзі.

— Вы апошнія? — спыталіся яны.

— Мы апошнія, — рагочучы, адказалі дзяўчаткі.

— А што даюць?

— Нічога.

— А што будуць даваць?

— Не ведаем.

— Дык чаго ж вы тады стаіцё тут?

— А проста так. Нам гэта прыемна, — шчыра адказвалі дзяўчаты і радасна смяяліся.

Тады чарга зразумела: чужаніцы! Іх за рукі і ногі, за сукенкі і за валасы схапілі адразу некалькі чалавек, ды так неспадзеўкі і моцна, што дзяўчаткі не паспелі і не змаглі растаць у паветры, як да гэтага.

— Ага, мы злавілі вас! Вы — іншапланецянкі! — закрычалі на чужаніц з усіх бакоў.

— Не, мы звычайныя зямныя людзі, — дзяўчаты перасталі раптам смяяцца, зажурыліся — ой, якімі падобнымі сталі яны на ўсіх! — і здзіўлена пазіралі зараз на жанчын, што цесным колам, як абручом, сціснулі іх. — Мы такія ж, як і вы.

— Гэта зараз вы такія, як і мы. А чаго перад гэтым рагаталі? Вы што, не ведаеце, што ў нас не смяюцца? А чаго вы смяяліся?

— Бо нам смешна было!

— А чаго радаваліся?

— Бо радасна нам!

— А чаму вы такія шчаслівыя?

— Бо свята ў нас!

— Свя-та? — разгублена, насцярожана перапыталі ў дзяўчат, нібыта тыя вось толькі што сказалі нейкую жахлівую недарэчнасць, нават крамолу — людзі ведалі, што свят у іхнім горадзе не бывае ўжо дужа даўно, што на кожнага, хто нават усяго толькі сціпла ўсміхаецца, у іх глядзяць, як на самага апошняга дурня, а тут, ці бачылі вы, знайшліся прыблуды, якія нешта святкуюць.

— Якое свята? — настойліва дапытвалася ў іх чарга.

— Свята волі, — не задумваючыся, адказалі дзяўчаткі.

— Прышэльцы! Прышэльцы! У вогнішча іх! Бачыце, нават свята сабе нейкае выдумалі!

— Супакойцеся. Яно ж і ваша, гэтае свята. Проста вы, увесь час ходзячы з пахмурнымі тварамі, яго не заўважаеце і нават не падазраеце, што цешыцеся ім кожны дзень. А хіба вось так вольна, без прымусу хадзіць, як вы звычайна ходзіце, не баючыся, што нехта вам крыкне: «Назад! Нельга!» — не свята?! А хіба стаяць, дзе хочаш, рабіць, што хочаш, глядзець, куды хочаш і на што хочаш, і не чуць жахлівага, балючага, як нагайка: «Назад! Нельга!» — не свята?! Вольна дыхаць, вольна блукаць, вольна смяяцца, ні ў кога не выпрошваючы на гэта дазволу, — і гэта, вы лічыце, не свята?! Дык чаму ж вы не святкуеце, а ходзіце сумныя, змрочныя, незадаволеныя, злосныя? Святкуйце!

І дзяўчаты зноў, хоць іх і трымала столькі рук, увачавідкі растварыліся ў паветры — ніводнага каснічка ад сукенкі ці спаднічкі не асталося ў чэпкіх руках жанчын.

Канечне, ніякія яны не прышэльцы, гэтыя дзяўчаты.

Яны, адсядзеўшы свой тэрмін, выйшлі нарэшце з турмы і не маглі першыя дні нагледзецца на свет, нацешыцца воляю і нарадавацца жыццю без прымусу.

Дзяўчаткі проста паміралі ад свабоды!

І, відаць, таму не бачылі небяспекі, якую хавае ў сабе, здавалася б, звычайная чарга.

Мусіць, толькі турма можа нават чаргу зрабіць радаснаю, прывабнаю і жаданаю.

Але ж кожная чарга — ужо сама па сабе і ёсць турма.

Дзяўчаткі яшчэ не зразумелі, чаго іх так цягнула ў чаргу, — і, выйшаўшы на волю, яны засталіся ў турме: чарга, гэтак жа, як і турма, стварала ілюзію нейкага абавязку, нейкай уяўнай працы.

І іх, як таго папугая міжволі цягне ў клетку, цягнула ў чаргу — палятаеш, палятаеш, ды зноў за жалезныя пруты.

Безабароннаму так здаецца спакайней і надзейней...

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 105-108
Крыніца: скан