epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Чысцінёй святліцца слова..."

Чысцінёй святліцца слова...

Новы год. Бялюткі снег.

Звонкі ранак, нібы смех,—

Пачынай усё нанова.

 

Першы дзень. І ты не жыў

На зямлі — ўяві! — ніколі,

Не араў, не жаў у полі

І па снезе не тужыў.

 

Першы ўздых. Глыток — да звону.

Гэты пругкі дар жыцця

Пі да самазабыцця —

Не спатоліш жад да скону.

 

Быў ты кепскі. Быў няшчыры.

Не аднеквайся — быў, быў!

І не светла часам жыў —

Пачынай жа новы вырай.

 

Новы год наўленне туліць.

У надзей — па палазу...

А снягурачкі-матулі

Снежанят дамоў вязуць.

 

Пад санямі рып, як змова.

Снежанятак чысты смех.

Новы год. Бялюткі снег.

Чысцінёй святліцца слова...