epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Да біяграфіі майго народа. І

Паводле плана «Ост» фашысты планавалі знішчыць і выселіць на ўсход 75 % беларусаў, а 25 % — анямечыць.

 

З БелСЭ

І хадзіў бы Міколка Гансам,

І крычаў бы: «Цурук! Цурук!»

«Хайль!» — рычаў бы, нібыта ў трансе,

І ўскідаў бы кінжалы рук.

 

Боты, як капыты, падкавана

Яго б цяжка па свеце вялі.

І захопнікам звалі б паганым

На сваёй, на роднай зямлі.

 

І гарой — за радзіму чужую.

На сваю пакрыкваў бы: «Вэк!..»

Вось не знаеш імя, не чуеш —

І ты ўжо жудны чалавек.

 

Роў бы — фюрэру слава, слава;

Слава — жорсткасці, слава — вайне.

І не знаў бы: пад час аблавы

Нарадзіўся і сам пры сасне.

 

Яго мама — была партызанкай,

Партызанам — і тата быў.

Ля яго расстралялі іх ранкам,

Ён — радзіўся яшчэ да стральбы.

 

Сын айчыны і ціхай і смолкай,

Дзе пра волю — і хаты і лес...

Ну, няўжо б, скажыце, з Міколкі

Выйшаў некалі галаварэз?!

 

Не, не веру! Ў чужыне далёкай

Покліч роднай крыві б не зачах.

Ён пазнаў бы Радзіму лёгка

Па нянавісці ў добрых вачах.

 

І таму, калі нелюдзі зноўку

Будуць трызніць пра новы прымус,

Помніць трэба, што ты — Міколка.

З партызанскай зямлі.

Беларус.