epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Да біяграфіі майго народа. ІІІ

Народзе мой, народзе!

І як ты толькі выжыў!

Ты ж мог звар’яцець.

Зайсціся ад плачу і гора.

Задыхнуцца ад крыку.

Памерці ад нянавісці

Пасярод звар’яцелага агню,

Які, з паразяўлянымі пашчамі,

Вартуюць аўчаркі, аўтаматы і...

Людзі.

Народзе мой, народзе!

Жудасна ўявіць нават,

Што рабілася ў тваіх спаленых вёсках,

У дымных хатах, хлявах і стадолах?

Што гаварылі дзеці,

Задыхаючыся полымем і дымам?

(Відаць, прасілі адпіхнуць ад іх агонь.)

Што рабілі дарослыя?

(Відаць, яны абгарэлымі рукамі

Трымалі палаючыя стрэхі —

Каб тыя не абваліліся

На дзіцячыя галоўкі,

І, мёртвыя, паміралі яшчэ раз —

У агні.)

Народзе мой, народзе!

Ты ж мог пасля гэтага

Зрабіцца чалавеканенавіснікам.

Здавалася б,

Хіба можна пасля такога смяяцца?

Жахліва!

Цалавацца?

Блюзнерства!

Сябраваць?

Немагчыма!

А ты застаўся дабрадушны,

Шчыры і ветлівы —

Такі, як і да вайны.

Ты зноў сябруеш з людзьмі,

Запрашаеш іх у госці.

І нават немцам гаворыш:

— Калі ласка, суседзі, паедзем у Хатынь...