epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Далёкія сенажаці

Калі туманы узбоч

Зноў папаўзуць з нізіны

І, прапацеўшы за ноч,

Росы вакол пакінуць,—

Спорна косіць каса.

Калі адап’е прамень

Квасу з касцовай кварты

І ветрык за цэлы дзень

З неба прагоніць хмаркі,—

Добра сохне трава.

Калі і мянташкі ўсе

Ахрыпнуць зусім пад вечар,

Трава надакучыць касе,

А ў хлопцаў заныюць плечы,—

Копы ў лузе растуць.

Калі нават месяца рог

Прапахне мядункам, мятай,

Нанач тады мурог

Сцелюць падвялы, прымяты,—

Спіцца добра касцам...