epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Дарога

 

Ён стаяў, глядзеў на ўсе вочы і шчыра зайздросціў людзям, што ехалі па шашы.

Каля яго з шумам і форсам, фанабэрліва пафыркваючы, праносіліся перапоўненыя грузавікі і аўтобусы, лімузіны і матацыклы, легкавыя аўтамашыны і трактары з прычэпамі. Нават ваенныя «студэбекеры» — і адкуль яны толькі ўзяліся сёння! — і нашы пасляваенныя трохтонкі, як новыя, паспешліва, жвава газавалі між усімі. Нават іхняя ўжо крыху абшалушаная фарба і несамавіты выгляд на фоне бліскучых, новенькіх «вольваў», «мерседэсаў» і «таёт» ніколькі не заміналі святочнаму настрою, а, наадварот, падкрэслівалі масавасць свята — туды едуць усе.

Людзі, якія ехалі на прыбраных машынах, умаеных і абвітых дзеразою, таксама былі святочныя, радасныя і ўзбуджаныя. Развяваліся на ветры шматкалёрныя жаночыя сукенкі, у кузавах і прычэпах між сцягоў сядзелі ўрачыстыя, як у прэзідыуме, мужчыны ў чорных строгіх пінжаках з шырокімі латамі ордэнскіх планак, дурэлі дзеці — дзецям што, ім абы куды-небудзь ехаць...

І ў аўтобусах было шумна і весела, там ігралі гармонікі, бухалі бубны, пілікалі скрыпкі, спявалі шчаслівыя людзі. Некаторыя нават спрабавалі скакаць — у кузавах машын і ў трактарных прычэпах.

Там стаялі на нагах, ні за што не трымаючыся, задаволеныя, нібы на падпітку, музыкі і над галовамі тых, хто сядзеў, шырока расцягвалі мяхі гармонікаў — было нават дзіўна, як яны, калі машыны прытарможвалі, не падалі і не перапынялі мелодыі.

Людзі былі шчаслівыя, што нарэшце яны едуць, і ў нецярплівасці, нават у нейкай эйфарыі прыспешвалі машыны — мы едзем, едзем, едзем, хутчэй, хутчэй, хутчэй...

Машыны, нібы дражнячыся, прытарможвалі каля яго, але тут жа, уключыўшы большую хуткасць, зрываліся з месца і весела кацілі далей, пакідаючы яму толькі воблака дыму, пылу, чаду і смуроду.

Людзі, таксама, мусіць, дражнячыся, махалі яму галовамі, вабілі пальцамі, запрашалі ў кузавы, падавалі нават рукі.

— Чапляйся! Паехалі з намі!

Але ён стаяў і толькі паціскаў плячыма — навошта? куды?

Хоць яму і самому ўжо было цікава: куды ж гэта ўсе, такія шчаслівыя і радасныя, узнёслыя і святочныя, едуць, і што там урэшце за рай такі, што адтуль ніхто не вяртаецца назад? Дарога гэтая і рух на ёй быў толькі ў адзін бок, а паколькі нікому — ніводнаму чалавеку і ніводнай машыне — не захацелася вярнуцца назад, там

і напраўду, мусіць, не жыццё, а суцэльнае свята.

Зараз ён ужо асмялеў і пытаўся ў людзей сам:

— А куды ж вы едзеце?

— На кірмаш! — крычалі яму з адных машын.

— У светлую будучыню! — дадавалі з другіх.

Цікава, раней мы будавалі светлую будучыню толькі для нашчадкаў, а зараз, аказваецца, туды ўжо можна ехаць і самім?

Гэта яго, шчыра кажучы, трохі здзіўляла і насцярожвала. Хіба можна ў светлую будучыню ехаць вось так улегцы — без рэчаў, без багажу, лёгка апранутым: ускінуў на плечы пінжак — і паехаў? У тую ж будучыню едзеш не на дзень ці два, а назаўсёды. Як жа можна так абыякава, безадказна адносіцца да паездкі?

А з машын яму тлумачылі:

— Нам сказалі з сабою нічога не браць. Усё там будзе! Там жа рай для ўсіх!

Ну, добра, у светлай будучыні ўсё будзе. Але ж і на кірмаш' з голымі рукамі не едуць. Там жа трэба нешта прадаваць. Няўжо ўсе збіраюцца толькі купляць?

І ўсё ж, не зважаючы на сумненні, яму і самому закарцела ехаць разам з гэтымі людзьмі, разам з імі радавацца, весяліцца і спяваць. Аднак калі раней, дражнячыся, незнаёмаму чалавеку падавалі рукі, то цяпер, убачыўшы, што ён усур’ёз збіраецца залезці да іх у кузаў, людзі адварочваліся, круцілі ля віскоў пальцамі: ты што, маўляў, вар’ят — мы столькі напакутаваліся, столькі нахадзіліся, столькі напрасіліся, столькі ў чэргах настаяліся, пакуль нас узялі ў гэтую дарогу, пусцілі на машыны, а ты ўсё хочаш зрабіць вельмі хутка, без аніякіх клопатаў.

Зразумеўшы, што ніхто зараз яму рукі не падасць, ён сам, калі машыны прытарможвалі блізка, спрабаваў ускочыць на падножку, хапаўся за барты, але шчасліўчыкі, што ўжо ехалі, білі яму па руках, паслаблялі, расшчэплівалі яго пальцы, спіхвалі назад — яны не хацелі пацясніцца, не хацелі, каб ён, звычайны чалавек, зраўняўся з імі, вылучанымі, ужо амаль багамі, і так лёгка трапіў туды, куды яны даўно і доўга збіраліся.

Цяпер ужо і шафёры, нібы адчуваючы яго сур’ёзныя намеры, знарок, не тармозячы, аб’язджалі тое месца, дзе ён стаяў.

Але сам рай, куды ўсе едуць, куды спяшаюцца і машыны і людзі, стаў ужо назойліваю ягонаю ідэяю — ён абавязкова мусіць туды трапіць, як бы цяжка і складана гэта ні было.

Чалавек адышоўся ад дарогі і прыкінуўся, што працуе ў полі — ці то капае бульбу, ці то садзіць што. Зараз ужо ні машыны, ні людзі не зважалі на земляроба — займаецца чалавек сваёю працаю, то хай і займаецца. А калі дарога супакоілася, прывыкла да яго, ён зноў выйшаў на шасэйку.

Там, як і да гэтага, у абвітых дзеразою машынах, смяяліся шчаслівыя людзі, ігралі гармонікі, бухалі бубны. Зараз ужо ён рабіў выгляд, што глядзіць на ўсё спакойна, не выдаючы сваіх сапраўдных намераў. Але калі побач з ім параўняўся невялікі аўтобусік з шырокім бамперам, што тырчаў ззаду, ён не задумваючыся ўскочыў на яго.

І ўжо ўскочыўшы, зразумеў, што ехаць будзе вельмі цяжка і небяспечна: ззаду не аказалася ніводнага выступу, ніводнай зачэпкі, за якую б можна было трымацца рукамі. Павадзіўшы далонямі па абшыўцы і не знайшоўшы ніякай скабы, ён прыціснуўся да аўтобуса і шырока раскрыленымі рукамі абняў яго, як свайго самага лепшага сябра. На ўсіх выбоінах, калі аўтобус падкідвала, ён мог, канечне ж, зляцець, аднак заўсёды ўтрымліваўся і радаваўся: хоць і кепска, але ўсё ж едзе!

Машыны, што імчалі ззаду, сігналілі шафёру — маўляў, паглядзі, што ў цябе ззаду робіцца, каго ты вязеш у светлае будучае, але ён ці то не чуў, ці то не разумеў, што сігналяць менавіта яму.

Вось так, абдымаючы аўтобус, прытуліўшыся да яго шчакою, чалавек з вялікаю рызыкаю ехаў сам не ведае куды.

Праз нейкі час яго ўбачылі ў задняе акно пасажыры аўтобуса, узбуджана тыцкалі праз шкло пальцамі, паказвалі іншым, нешта спалохана гаварылі, ківалі галовамі, абураліся, — быццам здарылася штосьці вельмі і вельмі страшнае. Затым адсунулі бакавое шкло на абодвух вокнах і, высунуўшы як надалей рукі, спалохана білі чалавека па пальцах, але ён цярпеў і трымаўся.

І ўсё ж яго ссадзілі. Калі яны праехалі пост дзяржаўнай аўтаінспекцыі, ён, скасіўшы вока, убачыў, як замітусіліся міліцыянеры, як пачалі паказваць гумавымі палкамі ў яго бок, як, спяшаючыся, пачалі заводзіць матацыклы. Неўзабаве яны дагналі аўтобус і спынілі яго. Цікаўны злез з бампера сам — убачыў, што тут ужо нікуды не дзенешся, ніяк не ўцячэш.

Дапытвалі яго сур’ёзна — усё высвятлялі, ці не шпіён ён які? Чалавек зацёкшымі, здранцвелымі ад доўгага напружання рукамі паказваў ім усе свае дакументы, але яму не верылі.

Міліцыянеры доўга і даходліва тлумачылі, што туды, куды едуць усе разадзетыя, як на кірмаш, як на свята, людзі, яму пакуль яшчэ рана:

— Ваша чарга не дайшла. А дойдзе — вас знойдуць, вам скажуць, вас запросяць. І нават на машыну ўзлезці дапамогуць. А вы што — без чаргі хочаце? Майце ж цярпенне...

Але, відаць, і яны не хацелі з ім важдацца, афармляць справу — узялі і адпусцілі. Паставілі тварам у другі бок — не ў той, куды ехаў, — далі каленам пад седаўку і адпусцілі.

І цікаўны пайшоў назад. Насустрач яму, як і да гэтага, ехалі святочныя машыны, але ён не звяртаў ужо на іх увагі. З машын зноў махалі рукамі, нешта крычалі, грымаснічалі, крыўляліся, прыстаўлялі пальцы да носа, але ён не зважаў і на людзей.

Ён думаў пра тое, што пачуў на пасту аўтаінспекцыі. Адзін міліцыянер, нібы выпадкова, сказаў другому:

— Глядзі ты, аж да самага кантрольна-прапускнога пункта дабраўся.

Абодва міліцыянеры — і той, што гаварыў, і той, што слухаў, не звярнулі на гэта ніякай увагі, а ён задумаўся: калі КПП зусім побач, значыць, ён недалёкі ад мэты, значыць, недзе блізка вароты таго зманлівага раю, які спакусіў столькі людзей і машын.

Зараз ён ужо цвёрда ведаў, што будзе рабіць далей. І таму, як толькі за паваротам знікла будка паста, ён збочыў з дарогі, адышоўся глыбей у лес, і па кустах і падлеску, па ажынніку і малінніку пачаў прабірацца наперад — туды, дзе за недалёкім КПП пачынаўся, на яго думку, рай. Што можа заблудзіцца ў лесе, ён не думаў — зусім жа побач гула шаша, там смяяліся і спявалі, і таму лепшага компаса яму і не трэба было: ідзі побач з гулам і ніколі не саб’ешся з тропу.

Ішоў ён спакойна, не спяшаючыся — не ведаў, што з першага паста пазванілі ўжо на другі, сказалі, што Цікаўны ідзе ў іхні бок, і папярэдзілі: калі не прыйдзе — яго трэба шукаць па трывозе.

Ісці было цяжка: наўзбоч дарогі цямнеў несхадзімы гушчар, і яму даводзілася з сілаю праламвацца праз яго. Чэпкія ажыннікі і маліннікі ў шматкі падралі пінжак, штаны, сарочку, і каб вось зараз хто ўбачыў чалавека, падумаў бы і напраўду, што гэта шпіён ці дыверсант які.

Неўзабаве спераду пачалі даносіцца невыразныя, прыглушаныя лесам чалавечыя галасы і сабачы брэх — відаць, гэта была ахова — і ён прыслухоўваўся, затойваўся і ішоў далей толькі тады, калі ўжо нідзе нічога не было чуваць.

Хутка Цікаўны ўпёрся ў высокую, метры на тры бетонную сцяну, якая, на першы погляд, недарэчна падзяляла гушчар. Пакруціўшыся, пахадзіўшы вакол, знайшоў зламаную (відаць, бураю) сукаватую лясіну, прыставіў яе да сцяны і па ёй узлез наверх. Хацеў спачатку скінуць лясіну нагою, а пасля перадумаў, перацягнуў на другі бок — ён жа, мусіць, адзін з усіх, хто ідзе і едзе ў рай, думае вяртацца назад — паглядзіць, як там і што, ды вернецца,— а лясіна тады, на зваротным шляху, ой як будзе яму патрэбна.

Ён, мусіць, спачатку думаў, што сцяна — адзіная тут перашкода, але, выйшаўшы да высокай, як у вальерах, жалезнай сеткі, зразумеў, што памыліўся. Пачаў быў адгінаць дрот рукамі, але спахапіўся — навошта? З таго боку сеткі не было ніякіх кустоў, а тут, у гушчары, лягчэй было падысці незаўважаным бліжэй да дарогі. І ён паміж сцяною і сеткаю, не выходзячы на чыстае, пайшоў да шашы.

Праз нейкі час ён ужо зноў выразна пачуў, як наверсе каля кантрольна-прапускнога пункта смяяліся і спявалі людзі, як ігралі гармонікі, бухалі бубны. Яму было чуваць, як лопалі на ветры шматлікія сцягі, і Цікаўны нават бачыў іх — рознакаляровыя, урачыстыя.

Бачыў і сам прапускны пункт — шырокія вароты, гасцінна расчыненыя на абедзве палавінкі.

Але ў гэтую радасць, гасціннасць і весялосць дамешвалася нешта іншае, толькі вось што — ён ніяк не мог пакуль зразумець.

Знайшоў зламаную драціну і, разгінаючы адна за адною петлі, пачаў расплятаць дзірку ў сетцы. Дрот быў спружыністы, дрэнна разгінаўся, але ўсё ж праз нейкі час Цікаўны зрабіў невялікі пралаз, праз які можна было пералезці на другі бок.

Пералезшы, чалавек стаў і нейкі час стаяў нерухома, баючыся адысціся ад сеткі — амаль каля яе, пакідаючы толькі невялікую стужку зямлі, пачынаўся глыбокі, як прадонне, абрыў.

Ён, усё яшчэ не адыходзячыся ад сеткі, падняў галаву ўгору, зірнуў на прапускны пункт з гэтага боку. І адразу ж, жахнуўшыся, заплюшчыў вочы. Думаў, гэта яму здалося, і варта толькі перачакаць з заплюшчанымі вачыма якую хвіліну, як міраж знікне. Але і ў другі раз адплюшчыўшы вочы, ён убачыў тое ж самае.

Адразу за варотамі кантрольна-прапускнога пункта дарога абрывалася, і з яе, нібы з ленты транспарцёра, сыпаліся ў прадонне людзі, машыны, гармонікі...

Людзі, якія напачатку не маглі ўцяміць, што з імі здарылася, падалі ў цясніну яшчэ з песнямі, са шчаслівымі ўсмешкамі на твары. Потым ужо, крыху праляцеўшы і ўсё зразумеўшы, у адчаі махалі рукамі, нібы спрабуючы зноў падняцца ўгору, узляцець да варот. Твары іх перакошвалі грымасы жаху і жуду, а шчаслівыя песні засядалі ў горле і выдыхаліся адно нечалавечым перадсмяротным крыкам — о-о-о-о-о!

Трымаючыся за сетку, ён асцярожна падышоў на самы край прадоння і зірнуў уніз: там, глыбока-глыбока, на самым дне цясніны ляжала вялізная куча металалому — грузавікі і аўтобусы, лімузіны і матацыклы: акурат так выглядаюць — ён сам гэта бачыў на здымках — звалкі, могільнікі аўтамашын у капіталістычных гарадах.

Людзей у прадонні ўжо не было відаць — такую яно мела глыбіню, што вока не вылучала з лому чалавека.

Ад жуду яго аж скаланула, і ён адчуў, як і пад ім абсоўваецца зямля. Цікаўны яшчэ мацней учапіўся за сетку і паспешліва, бачачы, як з-пад ног у цясніну скочваюцца, ляцяць камлыжкі, пабег да дзіркі, у якой было яго выратаванне.

Пералезшы назад і зноў пачуўшы бадзёрыя песні і шчаслівы смех па другі бок ад прапускнога пункта, ён разгублена думаў, што не заўсёды там рай, дзе нам здаецца, куды мы прагнем і хочам, куды з радасцю спяшаемся. І яшчэ думаў, як бы даходлівей сказаць вунь тым зарадаваным дурням, што наверсе, пра ўсё гэта, як папярэдзіць іх.

І разумеў, што такое немагчыма: нават калі б ён і знайшоў спосаб зрабіць гэта, яму б не паверылі. Маглі б абразіцца, падумаўшы, што іх падманваюць, маглі б раззлавацца на няпрошанага заступніка, а ў злосці, самі ведаеце, кожны чалавек небяспечны...

На сцяну зараз ужо ён узлез прасцей — па той самай лясіне, якую сам перацягнуў на гэты бок.

Перацягваючы яшчэ раз лясіну, ён раптам зірнуў уніз і як усё роўна спатыкнуўся, зрабіўся ўвесь нібы ватны: там, дзе, здавалася, была воля, стаяла міліцэйская машына і некалькі міліцыянераў, чакаючы яго, ківалі Цікаўнаму пальцамі:

— Ну, злязай, злязай да нас, галубок...

Дзе воля і дзе няволя наша? Дзе радасць, а дзе засмучэнне? Дзе мы будзем шчаслівыя, а дзе — гаротныя? Дзе нас чакае смерць, а дзе жыццё?

Хто, смертныя, загадзя ведае гэта?

Скажыце!

Скажыце і нам, пакуль бессмяротным...

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 48-53
Крыніца: скан