epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Даўно ўжо тое мінула..."

Даўно ўжо тое мінула,

сягоння так не бывае,

Сягоння так не бывае

і заўтра сатчэцца іначай.

Над хворым, збалелым дзіцяткам

шчыруе бабуля сівая

І шэпча, нібыта плача,

у веры святой і гарачай:

— Трасея, Агнея,

Хрыпунея, Халадзея,

Выйдзі, дакука,

Паздароў унука...

Даўно ўжо тое мінула,

сягоння так не бывае,

Сягоння хвароба ўжо іншая

і клопат таксама іншы.

Нібы перад нейкаю згубай

цішыня маўчыць, як нямая,

Толькі шчоўкае дзесьці нейтрон —

быццам кропля капае ў цішу.

Сягоння зямля захварэла —

грудзі забіты трацілам,

Яна кашлянуць баіцца —

каб не разляцецца на часткі...

Ах ты, бабуля, бабуля,

можа б, як ты упрасіла,

Каб да тваіх хоць гадоў дажылі

наіўныя сёння дзяўчаткі.

— Бамбея, Снарадзея,

Атамея, Нейтрынея,

Свет, я цябе малю —

Паздароў зямлю!

Не, бабуля тут не паможа.

Сягоння — ужо не ўчора.

А заўтра ў чаканні трывожным

падцяла збялелыя губы.

Уцякаць нам з зямлі няма куды

ў прадчуванні сусветнага гора,

І толькі, як меч, пытанне:

«Што з табой, свеце наш любы?»

— Людзея, Нарадзея,

Краінея, Планецея...

Дзе я?

На-дзе-я-я!