epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Для радасці ўрачыстай на зямлі..."

Для радасці ўрачыстай на зямлі

Зусім нямнога — і нямала! — трэба:

Галінку пасадзіць ласкава ў глебу

І жыватворным сокам наталіць.

 

Затым плады настойліва спяліць,

І дыхаць чыстым сінямройным небам,

І лашчыць вокам светлыя ад хлеба

Такія спаконвечныя палі.

 

І радавацца пры суладдзі гэткім

Дамоваю святой пчалы і кветкі,

Рэжымам працы і спакусы іх.

 

Як вусны, кветка дотыку чакае...

Не адганяй і ты вачэй маіх —

Травой траву ніколі не стрымаеш.