epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Дойлід

Пчала за ўзяткам рупна паляцела,

І птушка мільганула каля дрэва,

І песня увінцілася ў блакіт,

А я адзін стаяў паміж прастораў

І вечнаю будоўляй любаваўся...

 

Ага, ага, спачатку толькі гэтак:

Не парушаючы закон геатрапізма

(Карэнне — ўніз, галіны — строга ўгору)

Расці і будавацца. Трэба помніць,

Што крона размяркоўвацца павінна

Заўсёды па акружнасці ствала

Разумна, раўнамерна. Трэба ведаць

Усе сістэмы жыццядайнасці будынка

Павінны безадказна працаваць:

І скарыстання сонечнай энергіі,

І тэрмарэгуляцыі, і сілкавання,

І цеплаізаляцыі. І трэба не забыцца

Разлічыць лакальнае напружанне

На кожную галінку. Бо, да прыкладу,

Вось тут калісьці плод вялікі выспее

(Адкуль вядома? Дойлід мусіць ведаць!)

І каб ён не зламаў галінку,

Яе адразу трэба ўмацаваць.

Адсюль нахоплівацца часта будзе вецер

(І гэта зноў жа дойліду вядома!),

А каб ён не перакуліў будову,

Нагою ў дол мацней трэба ўперціся,

Паставіўшы карэнішча наперад. А яшчэ,

Як здарыцца бязлітасная засуш

(Ага, і гэта дойлід добра ведае —

І год, і месяц можа прадказаць),

Дзе браць ваду? І ён карэнне

У самыя глыбокія пласты выводзіць

І кансервіруе — няхай пакуль чакаюць,

Калі той спёкі зваліцца пара.

Усё павінен дойлід прадугледзець!

Як з шэрае зямлі, нябачнага паветра

І залацістых сонечных праменняў

Знойдуцца чырванабокі яблык,

Зялёны ліст і кветка шматкалёрная

І загайдаюцца у ветра на руках...

 

Пчала назад — з узяткам — паляцела,

І птушка — з кормам — у гняздо вярнулася,

Скружылася, нібы лісток, з нябёсаў песня

І села на галінку, склала крылы...

 

А я стаяў і, як зачараваны,

Будоўляю дзівоснай любаваўся,

Глядзеў, як дрэва — вопытнейшы дойлід —

Узводзіла само сябе.