Мы зноў нечакана сустрэліся
З табою, мой стары непрыяцель.
Цяпер мы ўжо вырашым пэўна
Нашую даўнюю спрэчку
На справядлівай дуэлі.
Спяшайцеся, секунданты-думкі,
Набліжайце хутчэй дуэлянтаў
Да ўстаноўленага бар’ера...
І вось мы ўжо блізка...
Страляй жа!
Нарэшце гучыць яго стрэл,
Як выбух карнавальнай ляскаўкі:
— Дзень добры!
І яму адказвае мой —
Ціхі, нібы асечка:
— Дзень добры!
О, д’ябал!
Зноў разважлівыя секунданты
Зарадзілі нашую зброю
Не тымі набоямі...