epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Двое

— Бачыш, дожджык па лузе здалёку ідзе,

Дажджанятак за рукі з сабою вядзе.

 

— Дзе?

Дажджаняткі? То ж буйныя кроплі.

Уцякайма, пакуль не прамоклі!

 

— Глянь, вунь жыта паклоны б’е дожджыку

ў пояс,

Што ён колас яго абмывае і поіць...

 

— Во як?

Ты паблытала ўсё на свеце:

Жыта проста гне вецер.

 

— Канапаціць шпакоўню спяшаецца шпак,

Памагаюць і дзеткі ў працы сяк-так...

 

— Як?

Ты не бачыш нічога, галуба,

Шпак жа чысціць — дый толькі! — дзюбу.

 

— Чуеш, нехта па дрогкім драўляным мосце

Так грукоча — спяшае ўцячы ад кагосьці...

 

— Штосьці

Я не бачу, не чую нічога,

Апроч грому — мокрага, злога.

 

— Ну й гарэза ж ён, дождж, цалавацца так хоча!

Вусны нашыя лашчыць, заглядвае ў вочы...

 

— Скончы!

Стой адна, на дажджы я стаяць не згодны,

Бо тут кожная кропля — як цвік халодны!