epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Дымок у збажыне

— Зірні, зірні, старая,

Ці гэта мне здаецца,

Ці, можа,

і напраўду на палосцы,

Што мы з табою хораша ўрабілі,

Дымок у спелай збажыне зацвіў...

Зірні, зірні, шаволіцца, нягоднік,

Нібы яго хто знізу раздзьмувае,

Тут, чуеш, недалёка да бяды:

А раптам за сцябліну ён ухопіцца,

Падымецца, лізне бліжэйшы колас —

Пажар зачне. Бывай тады, наш хлеб.

Ай, ходзяць

Тут розныя цікаўныя турысты

Па сцежцы, што ля нашае палоскі

Лезе аж на самую гару.

Вось нехта з іх і кінуў недакурак

У спелую, як порах, збажыну.

Давай жа мне хутчэй вядро з вадою —

Пайду яго залью.

 

Навошта, чалавеча? Не спяшайся.

Не тое робіш ты. І не туды ідзеш.

Ісці трэба не ўгору, а якраз уніз —

З гары.

Далей і ад свае палоскі,

І ад таго дымка.

Ніякай папяроскі

У збажыне сваёй ты не заўважыў.

Агню яшчэ няма, а той дымок

Усё шаволіцца, уецца між сцяблін.

 

— І што за д’ябал!

Вады агонь нябачны не баіцца.

Пайду вазьму хіба што капаніцу,

Што ля мяжы ляжыць, ды, можа, ўдасца

Яго мне закапаць...

 

Не трэба, чалавеча!

Табе не дапаможа капаніца —

Агонь, што здарыцца, ніякаю прыладай

Не ўдасца ўтаймаваць.

 

— Дык жа загіне

Надзея наша — ураджай, здабыты

Крывавым мазалём...

 

Хай гіне!

Ратуйся сам, надзею не ўратуеш.

Зямля вось-вось, з хвіліны на хвіліну

Заходзіць, загрукоча пад нагамі

І пырсне ў неба полымем высокім,

Высока ў неба камяні падкіне,

Якіх так і не выкарчаваў ты,

Хоць так хацеў...

 

— Не, чуеш, я не кіну

Свой ураджай і збажыну саспелую,

Якую гэтак шчыра я спяліў,

А гэты дым — пракляты, ненавісны —

Нагамі затапчу.

 

І ён пачаў

Дымок таптаць абедзвюма нагамі.

Толькі дзіва —

Чым больш ён гэты дым таптаў, тым болей

Нягоднік рос і моцы набіраўся.

А чалавек круціўся ля яго —

Нібыта ён зямлю вакол абтоптваў

Ля дыму-яблыні, якую на няшчасце,

Здавалася, ён сам і пасадзіў...

 

Убачыўшы, што дым усё гусцее,

Прыбегла на палоску і старая —

Адразу ў слёзы і адразу ў плач:

— Што ты, няўмека, кешкаешся тута —

Ратуй хутчэй наш даражэнькі хлеб...

 

І раптам узарвалася зямля,

І полымя ўзнялося аж да зорак,

І стала цёмна, быццам уначы,

І ў гэтай цемры жыхалі маланкі,

І лава пацякла уніз з шыпеннем,

А на тым месцы, дзе была палоска,

Са збажыной саспелаю палоска,

Узняўся кратэр —

Бы злавесны помнік

З’яднанаму з сам-хлебам чалавеку

І выспеленай ім жа збажыне.

А людзі,

Змірыўшыся з няпрошанай бядою,

Назвалі гэту сумную падзею

Даволі празаічна: «Вывяржэнне

Чарговага вулкана».

 

Мінецца час.

Вулкан гэты астыне.

І яго зноў жа будуць, як славутасць,

Паказваць новым стомленым турыстам,

І ніхто,

Бадай ніхто не ўспомніць,

Што тут была са збажыной палоска

І селянін з сялянкай утрапёна

Затоптвалі дымок між каласоў.