epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Дываны выбіваюць зацята — нібыта малоцяць..."

Дываны выбіваюць зацята — нібыта малоцяць,

Густа плямы цямнеюць на белым

на снежным пуху.

Мне ж здаецца,

што недзе і зараз распускаецца лотаць,

Толькі я да яе дацягнуцца ніяк не магу.

Я высока, на восьмым паверсе,

гняздо сваё маю,

На ўзроўні палёту птушынага

і ПО-2 — даваенных стракоз.

Самалёты ж цяпер

гэтак нізка ужо не лятаюць,

Яны ўсе перабраліся вышай —

да самых захмарных нябёс.

 

Між аблокаў жыву. І з балкона, бы птушка,

За зямлёй назіраю,

за людзьмі неспатольна сачу.

І мяне, як на крылах, пачынае ўжо гушкаць,

І здаецца мне, быццам я з птушкамі побач

лячу.

Мы ляцім над зямлёй,

і нам хораша ў гэтым палёце,

І мільгаюць пад намі дарогі,

нам насустрач вёскі бягуць.

І ўжо вунь, нібы сонца,

праз снягі праразаецца лотаць,

І здаецца, вось-вось да яе дацягнуцца змагу.

 

Толькі раптам

як стрэлы залопалі за небакраем,

І палёт мой, як ветразь без ветру, ачах...

Я вярнуўся назад.

Дываны пада мной выбіваюць —

Плямы пылу на снезе парушыняцца зноў у

вачах.