epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Дзе нас чакаюць сцежкі і бары..."

Дзе нас чакаюць сцежкі і бары,

Узяўшыся за рукі, мы з табою,

Як прывіды, шчаслівыя абое

Ідзём, і нам не трэба гаварыць.

 

За нас гавораць зоркі угары,

Гавораць нашы вочы з цішынёю,

Гавораць нашы рукі між сабою,

І іх ніхто не зможа пасварыць.

 

Мы, здзіўленыя, разам адкрываем:

Фасфарасцыруе казюрчына любая,

Шукаючы каханага хутчэй.

 

У цемры і тваё святліцца цела

І белатой сваёю — белай-белай —

Асвечвае спакусна змрок начэй.