epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Дзе сцежкі ведаюць цябе адну..."

Дзе сцежкі ведаюць цябе адну,

Хачу пасябраваць з тваёю казкай,

Твае лугі зялёныя і краскі

Да грудзей шчымліва прыгарнуць.

 

Мае гады далёкія вярнуць

З юнацкай, летуценістай папаскі.

Пяшчотай перапоўнены і ласкай,

Цябе галубіць, як сваю вясну.

 

І ўсё ж... Не высвятляючы прычыны,

Дазволь вярнуцца ў восень мне маю,

Дзе ветры ўсё задумлівей пяюць.

 

Ты ж зноўку мрояй зробішся нявіннай.

І я успомню чысціню тваю,

Калі мая закончыцца сцяжына.