epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Элегія

Мой бацька быў як зросшыся з канём

І, хоць ішоў па баразне за плугам,

Сам плуг цягнуў. Таксама і калёсы

Усцягваў на пагорак — стомлены, змакрэлы,

Ён напінаўся болей за каня,

Шукаў нагой зручнейшае апоры,

І дыхаў цяжка, і спяшаўся так,

Нібы ягонай пугай іх абодвух

Хтосьці невідомы падганяў.

З канём, здаецца, ён не разлучаўся,—

Хіба што еў асобна, а ваду

З адной ракі з ім піў, з той самай аблачынкі,

Што люстравалася ў нятоптанай вадзе,—

Адна на двух. Пароўну

Абодвух аблівалі іх дажджы,

Сушыла сонца, ветры прасавалі —

Аж пара туманілася вакол.

Сляпні ім, потным, дакучалі. Заедзь

У вочы лезла, а яны

Не разлучаліся ніколі — ўсё аралі.

І жаўрукова песня ім на спіны

Падала і разбівалася — званочкі

Скочваліся, быццам пацеркі, ў барозны:

На жаўруковай песні, як на шчырым гноі,

Рос, кажуць, дужа добры ураджай.

І я з маленькім, танканогім жарабяткам

Пасвіўся на поплаве. Як хораша і бесклапотна

Падбрыкваць нам было пад сонцам на выгодзе,

Не думаючы ні пра што. І мы таксама

Павінны з ім былі зрасціся і па часе

З’яднацца у адно. З якой надзеяй

На нас глядзелі бацька мой і конь,

Конь, стомлены плугамі і гадамі.

І ўсё ж мы не зрасліся — воля лёсу!

А жарабятка — брат мой і таварыш —

Тым часам выбралася ў добрага каня.

Конь плуг цягнуў і вёз у пуню сена,

Снапы падвозіў з поля к малатарні,

І ўсё глядзеў, і ўсё мяне чакаў,—

Каб аб’яднацца з братам у адно...

Не дачакаўся — не пусціў мой горад,

Конь, мусіць, у чаканні састарэў,

Напэўна, недзе на барознах ці на лузе,

Падмяўшы пахкую, як лета, канюшыну

Ці ўжо набраклы восенню бульбоўнік,

Апошні раз зірнуў з тугой на сцежку

І сціх каля неперспектыўнай нейкай вёскі

(Што ж, конскі век каротшы за людскі).

А я астаўся — як адзін з блізнят,

Не спраўдзіўшы вялікую надзею

І бацькі, і каня. І вось цяпер,

Калі мне дужа зімна раптам стане,

Я, быццам вінячыся, грэюся маленствам

І ўспамінаю луг, як свет, шырокі,

Дзе мы дзяцьмі гулялі з жарабяткам,

Успамінаю бацьку, што заўсёды

Быў зросшыся з канём...