epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Гады твае ў снег паўмярзалі..."

Гады твае ў снег паўмярзалі,

Ссівеў ты, нібы Антарктыда,

Дзе людзі, нібы сталактыты,

Сябе ля завей сагравалі.

Хоць думкі твае адчувалі,

Што прыйдзе свабода, як выдых,—

Гады твае ў снег паўмярзалі,

Ссівеў ты, нібы Антарктыда.

Калі ж табе крылы прыслалі,

Ляжалі яны без патрэбы —

Далёкім здавалася неба,

Бо крылы ужо не ўзнімалі —

Гады твае ў снег паўмярзалі.