epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Галерэя вокнаў

У горадзе, у вечаровых прыцемках

Ёсць доўгія, як вечар, галерэі —

То галерэі вуліц.

 

Штодзень тут абнаўляюцца карціны,

Падсвечаныя хатнім асвятленнем

У рамках вокнаў.

 

Вунь, бачыце, эцюд «Каханне»:

Заціхлі ў шчырым пацалунку вусны —

Не спудзьце іх, ханжы!

 

А вось на ложку маці з немаўляткам:

Яна сябе даўно закалыхала ўжо;

Дзіцё ж яшчэ не спіць...

 

О, ўсплеск натхнення! Бачны толькі рукі,

Як хлеба чорнага два ўпечаныя боханы,

То праца на стале.

 

І раптам профіль мудрасці і думак...

Пра што задумаўся ты, неспакойны Фауст,

Забыўшыся на чай?

 

Тут — сын даўно чакае бацьку з працы:

Ён прынясе малому многа казак,

А з імі — сон.

 

Вось гэтую карціну я дапоўню

І ў яе, нібы ў гняздо птушынае,

Сам увайду:

 

Бо ў тым акне — мой сын.