epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Гарады, якіх няма

Мінску — зруйнаванаму вайною і адбудаванаму нанава

 

Яшчэ і сёння

Рыпяць масніцы

У даваенных вашых дамах.

Яшчэ і сёння пад’ездам сніцца

Спакойных кветак спакойны пах.

 

Яшчэ і сёння —

Насцеж балконы:

Не зачыняліся з таго дня.

І грамафоны, і патэфоны

З даваеннага лета звіняць.

 

Там яшчэ й сёння

Гуляюць дзеці

У даваенную, тую вайну.

Набіты паркі. У мірным леце

Не заўважаюць шчэ цішыню.

 

Заходзіць сонца —

Чуеце, шорах?

Салдаты мірна кладуцца спаць.

Засынаюць за горадам горад,

Раніцою якім не ўстаць.

 

Мы нават чуем,

Як госці звоняць

У даваенных гэтых дамах;

І прачынаемся нават сёння

У гарадах, каторых няма.